З бласлаўлення Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна ў сталіцы з 13 па 17 красавіка прайшоў ІХ Міжнародны Велікодны фестываль “Імклівыя імгненні часу”. Гэты праект Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ажыццяўляецца пры садзейнічанні Міністэрства культуры і спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і пры ўдзеле Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага.
ІСКРЫСТАЯ ЭНЕРГІЯ
Перад фестывалем у храме-помніку ў гонар Усіх Святых адбылася стартавая прэс-канферэнцыя.

Сярод выступоўцаў — протаіерэй Фёдар Поўны, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Куракіна, прарэктар Нэлі Мацаберыдзэ, дэканы вакальна-харавога факультэта Уладзіслаў Барткевіч і аркестравага факультэта Ігар Комар, студэнт-трэцякурснік Ілья Саковіч, а таксама рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Анастасія Каласоўская.
Як распавяла Алена Куракіна, сёлетні форум прысвяцілі Году беларускай жанчыны, таму яго праграма была насычана ўзнёсласцю, пяшчотай, жаноцкасцю, прызнаннямі ў пачуццях. Разам з тым свята напоўніла іскрыстая юнацкая энергія, бо яго галоўныя героі — моладзь: студэнты і выкладчыкі Беларускай акадэміі музыкі і Маскоўскай кансерваторыі, удзельнікі харавых і інструментальных калектываў, асобныя выканаўцы і рэжысёры.
— Фестываль з’яўляецца працягам шэрага буйных творчых праектаў нашай установы, якія атрымалі высокую ацэнку і мелі шырокі грамадскі рэзананс, — канстатавала Алена Віктараўна. — У аснове канцэпцыі — ідэя далучэння ў самыя важныя і радасныя для ўсяго хрысціянскага свету дні да вечных духоўных каштоўнасцей, нацыянальнага і сусветнага музычнага мастацтва, а таксама ўмацаванне адной з ключавых традыцый акадэміі — пераемнасці пакаленняў. Нараўне са звыклымі падзеямі сёлетні форум падрыхтаваў цікавыя навінкі.
СУЧАСНАЯ “СНЯГУРКА”
У першы дзень на сцэне Нацыянальнай школы прыгажосці зладзілі прэм’еру оперы М.А. Рымскага-Корсакава “Снягурка” — гэта свежае бачанне вядомага твора.

— Падзея мае перадгісторыю, — расказала Алена Куракіна. — У леташнюю ўступную кампанію наша акадэмія пасля 10-гадовага перапынку набрала курс студэнтаў па спецыяльнасці “рэжысура музычнага тэатра”. Месцаў было няшмат, а ахвотных вучыцца аказалася багата, таму прайшлі найлепшыя. Сярод іх — цяперашняя першакурсніца Кацярына Зіноўева-Правалінская, якая і ўзялася за пастаноўку “Снягуркі” і выканала яе на высокім узроўні.

Гэта па-філасофску прачытаны сюжэт, перанесены ў сённяшнюю рэчаіснасць. На паверхню выцягнуты тэмы, што хвалююць сучасных юнакоў і дзяўчат: пошукі вырашэння розных праблем і ўсведамленне сябе ў свеце, у віхуры падзей.
Да творчай калабарацыі прычыніліся маладыя дызайнеры адзення — студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Спецыяльна для прэм’еры яны распрацавалі касцюмы, якія адлюстроўваюць тэндэнцыі моды з адсылкай да нацыянальных традыцый.
На падмостках — таксама студэнты, што робіць спектакль блізкім і зразумелым новаму пакаленню.
МЕЛОДЫЯ КАХАННЯ
Працягваючы асноўную фестывальную тэму лірыкі і жаноцкасці, у другі дзень у вучэбным тэатры-студыі імя Е. Міровіча Акадэміі мастацтваў прайшоў канцэрт духавога аркестра Акадэміі музыкі і студэнтаў кафедры спеваў і музычна-тэатральнага мастацтва. Гэтая пляцоўка прымала форум упершыню.

У праграме — як акадэмічныя творы, так і эстрадныя, але кожны — прызнанне ў пачуццях да жанчыны. Студэнты-юнакі выканалі кампазіцыі з рэпертуару Валерыя Абадзінскага, Мусліма Магамаева, іншых савецкіх класікаў. У зале з унікальнай акустыкай песні прагучалі надзвычай пранікнёна і ўрачыста.
— Для нашай установы такі канцэрт мае вялікае значэнне, — паведаміла рэктар Акадэміі мастацтваў Анастасія Каласоўская. — Удзельнічаючы ў фестывалі, мы не толькі забяспечваем пляцоўку, але і спрыяем наладжванню стасункаў паміж студэнтамі розных ВНУ.

Анастасія Мікалаеўна падкрэсліла, што сумесныя мерапрыемствы натхняюць творчую моладзь на новыя праекты, а вечарына дае пачатак больш плённаму сяброўству.
НАТХНЁНЫ ПАЛЁТ
Кульмінацыяй форуму традыцыйна стаў канцэрт лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Праграма “Натхнёны палёт маладосці” разгарнулася ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Тут жа правялі ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу, якія найбольш ярка праявілі сябе ў педагагічнай і творчай дзейнасці, а таксама студэнтаў Акадэміі музыкі і навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ.

Сярод адзначаных — старшы выкладчык кафедры аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі, дырыжор Аляксандр Шатаў, трэцякурснік вакальна-харавога факультэта Ілья Саковіч. Ён — актыўны ўдзельнік не толькі гэтага фестывалю, але і іншых мерапрыемстваў сваёй установы адукацыі. Узнагародамі ад генеральнага партнёра акадэміі ўганараваны прадстаўнікі гімназіі-каледжа: Аляксандр Сапожнікаў, выкладчык па класе валторны, лаўрэат Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на медных духавых інструментах, які выхаваў не адно пакаленне таленавітых музыкантаў, і Ілья Лойка, студэнт трэцяга курса, уладальнік гран-пры VII Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на аркестравых інструментах імя Я.А. Глебава.
КОНКУРС КАМПАЗІТАРАЎ
У рамках фестывалю арганізавалі ІІ Саюзны конкурс кампазітараў. Летась спаборніцтва было прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі, цяпер — Году беларускай жанчыны і Году адзінства народаў Расіі. Да ўдзелу запрасілі студэнтаў нашай Акадэміі музыкі і Маскоўскай кансерваторыі. Ім належала прадставіць твор, напісаны ўсяго за месяц.

Тэматыку абвясцілі 1 сакавіка, а ўжо 1 красавіка завяршыўся прыём работ. Як распавёў член журы, дэкан аркестравага факультэта акадэміі Ігар Комар, заяўкі даслала каля двух дзясяткаў маладых аўтараў. Па выніках першага тура ў фінал трапіла 10 з іх, якія і сталі ўдзельнікамі гала-канцэрта “Сучаснасць у адзінстве традыцый”.
Імпрэза прайшла ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. У журы былі кампазітары ды педагогі Аляксандр Салаўёў, Арцём Ананьеў, Кацярына Скуснічэнка і Ганна Янчышына з Маскоўскай кансерваторыі, а таксама нашы Алег Хадоска, Вольга Косарава, Людміла Арлова.
— Каб пазбегнуць перадузятасці, вырашылі зашыфраваць імёны ўдзельнікаў і ўстановы навучання, — расказаў Ігар Анатольевіч. — Мы не ведалі, каго ацэньвалі, бачылі толькі работы.
Такім чынам у дзясятцы найлепшых аказалася па пяць студэнтаў з Беларускай акадэміі музыкі і Маскоўскай кансерваторыі: Рыгор Сярэдзін, Крысціна Сіманава, Анастасія Уласава, Дзіяна Бурканава, Яна Салдаценка, Дзіяна Юргель, Аліна Жыгалава, Даніла Талстоў, Даніла Грышукевіч і Анастасія Харашылава.
— Запомніце іх — гэта будучыня музыкі, — падкрэсліў Ігар Комар.

Дарэчы, па словах Алены Куракінай, шлях удзельнікаў, іх твораў для конкурсаў пільна адсочваецца выкладчыкамі. Што радуе педагогаў — кампазіцыі, падрыхтаваныя нават за такі сціслы тэрмін, працягваюць жыццё. Некаторыя дапрацоўваюцца, узмацняючыся новымі прыёмамі, некаторыя застаюцца ў першасным выглядзе, але галоўнае — іх можна паслухаць як ужывую, так і ў запісе.
ПАЭТЫКА ПРЫГАЖОСЦІ
Велічнай і святочнай была заключная імпрэза “Паэтыка духоўнай прыгажосці”.

Канцэрт у Белай зале храма-помніка ў гонар Усіх Святых, дзе сама атмасфера настройвае на ўзнёсласць і ўрачыстасць, дазволіць адчуць прыгажосць харавога мастацтва. Прагучалі як кампазіцыі духоўнай тэматыкі, што абумоўлена Вялікаднем і самой пляцоўкай, так і творы, прысвечаныя беларускай жанчыне, — пра прыгажосць, любоў, каханне…

Сярод выканаўцаў — прафесійныя і аматарскія калектывы.
— Праграма ў асноўным абапіралася на студэнцкі хор акадэміі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзяка і мужчынскі хор “Усіхсвяцкі” на чале з Дзмітрыем Такмаковым, — расказаў дэкан вакальна-харавога факультэта Уладзіслаў Барткевіч.
Выступілі таксама дзіцяча-юнацкі хор Свята-Елісавецінскага манастыра пад кіраўніцтвам рэгента матушкі Марыі Бахвалавай ды іншыя таленавітыя калектывы. Дарэчы, у форуме ўдзельнічалі і хары дзіцячых музычных школ Мінска, што ўмацоўвае пераемнасць пакаленняў.
ПАРАД ТАЛЕНТАЎ
Цягам пяці дзён жыхары і госці сталіцы маглі назіраць сапраўдны парад маладых талентаў. Яны — будучыня, моц і надзея музычнага мастацтва.

— Насамрэч фестываль выконвае некалькі місій, — заўважае Алена Куракіна. — Гэта не толькі значная падзея для пачаткоўцаў, але і ўнёсак у рэалізацыю дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў галіне адукацыі, выхавання патрыятызму, ідэалагічных прынцыпаў — форум спрыяе фарміраванню каркаса маральных каштоўнасцей у новага пакалення.

Акрамя таго, маючы міжнародны статус, пазіцыянуе музычную вышэйшую адукацыю Беларусі ў сусветнай прасторы, дапамагае развіццю кантактаў паміж творчымі асобамі як мінімум дзвюх дзяржаў. Спадзяюся, што геаграфія будзе пашырацца. Урэшце, фестываль — добрая пляцоўка для старту таленавітых, працаздольных і амбіцыйных хлопцаў і дзяўчат.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА
і з архіва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі