Яна — бліскучы выканаўца эстраднай і класічнай музыкі, прадзюсар. А яшчэ выдатны педагог: уганаравана ўзнагародай “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі” спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выкладчыца вакалу Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алена Крывіцкая распавяла пра сваё прафесійнае шчасце.

— Алена Валер’еўна, як вы вырашылі пайсці ў мастацтва спеваў?
— З выбарам прафесіі мне дапамагла вызначыцца мая настаўніца па вакале Лілія Маруцік з сярэдняй школы № 8 Слоніма, у якой музычна-харавы ўхіл. Заўсёды з задавальненнем згадваю Лілію Паўлаўну, бо менавіта яна падштурхнула мяне да сцэны, калі прывезла на праслухоўванне ў Мінскае музычнае вучылішча імя М. Глінкі.
Як спявачка я нядаўна завітвала ў свой родны горад з канцэртам гурта A’StorioPLUS — выконвала ролю салісткі і арганізатара. Прыемна было запрасіць на вечарыну майго шаноўнага педагога, адчувала асаблівае трапятанне.

— Калі паступалі ў каледж, вы бачылі сябе спявачкай ці задумваліся аб прафесіі педагога?
— Мусіць, усе маладыя выканаўцы, калі паступаюць, уяўляюць сябе на вялікай сцэне. Я праводжу маніторынг навучэнцаў, пытаюся, кім яны хочуць быць. Працэнтаў 90 адказваюць, што мараць стаць спевакамі. Натуральна, я не выключэнне: бачыла сябе ў выканальніцкай дзейнасці.
Педагогіка прыйшла да мяне крыху пазней. З часам узнікае жаданне дзяліцца ведамі з новым пакаленнем.
— Як вы патрапілі на вялікую сцэну?
— Вялікая сцэна? Так гучна... Пасля музычнага каледжа пайшла вучыцца ў кансерваторыю да Тамары Ніжнікавай. Яна і дала мне пуцёўку ў прыгожае мастацтва. Дзякуючы Тамары Мікалаеўне здолела выстаяць у музычным свеце і пачаць ствараць свае праекты, што, магчыма, яшчэ складаней. Гэта прымушае не спыняцца і рухацца наперад.

— Пра якія праекты гаворка?
— Акрамя нашага гурта. Мы даём канцэрты, у нас нават атрымалася пасупрацоўнічаць з аркестрам Белтэлерадыёкампаніі. Мы з калегам — прадзюсары імпрэзы Drive Symphony з 3D-сукенкай. Адбылося ўжо чатыры выступленні: два ў Мінску, а яшчэ ў Гомелі і ў Брэсце.
— Вы як педагог бачыце ў абітурыенце, будзе ён бліскаць на сцэне ці рэалізуе сябе як настаўнік?
— Як я ўжо казала, 90 % навучэнцаў мараць пра выканальніцтва, а астатнія 10 % адразу вызначаюцца з тым, што ім цікава працаваць з дзецьмі. У каледжы ёсць сектар педпрактыкі, дзе можна спрабаваць сябе ў якасці выкладчыка.
У кожным кірунку — свая планка, свой узровень, што даволі няпроста ўтрымліваць. І я, зразумела, маю на мэце высокі вынік навучэнцаў, якое б поле дзейнасці яны ні абралі. Да таго ж сякія-такія сакрэты знаходзіш і становішся ў пэўнай меры стратэгам.
— Можаце імі падзяліцца?
— На самай справе гэта зусім не сакрэты. У нейкі момант ступень уцягнутасці твая і вучня можа быць настолькі высокай, што ты проста паглыбляешся ў нюансы і ўкладваеш усе сілы, каб зрабіць лепш.

— Зразумела, што ў кожнага з вашых выхаванцаў свой характар, вакальныя дадзеныя. Як улічваеце гэта пры падрыхтоўцы да конкурсаў?
— Гэта аснова. Ад рэпертуару, ад таго, як падносіць сябе выканаўца на сцэне, як адчувае песню, і залежыць поспех. Усё ў комплексе вырашае, ці зможа ўдзельнік перамагчы, ці не.
Нядаўна мы выбіралі рэпертуар з вучнямі. Шукаючы кампазіцыю для адной дзяўчынкі, слухаем твор і разумеем, што ён падыходзіць зусім іншай. Гэта як адзенне.
Аднак калі чалавек ленаваты, колькі з ім ні займайся, не зробіш зорку. Ёсць такая фраза: “Навучыць нельга — можна навучыцца”. А калі выхаванец гатовы браць веды — і такіх у нас, паверце, большасць, — належыць укладваць усе сілы і сродкі, звяртаць увагу на дэталі, падбадзёрваць і патрабаваць.
Я вучу апекаванцаў дзейнічаць так, каб у творы атрымалася сцэнічная праўда і каб выклікаць у слухача цікавасць, эмоцыю.
— Як гэтага дабіцца?
— Трэба мець добрую тэхніку, і мы даводзім яе да аўтаматызму. А на першым плане — шчырае, жывое выкананне, такое, каб вучань адчуў з пункту гледжання ўласнага вопыту і змог інтэрпрэтаваць матэрыял, прапусціць яго праз сябе. Вось чым перадусім кіруюся пры падрыхтоўцы да выступленняў і творчых спаборніцтваў.
— Прыгадайце, калі ласка, на якім з іх вы як педагог атрымалі задавальненне.
— Гэта Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў у рамках фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”. Мая вучаніца Вераніка Высоцкая ўзяла гран-пры ў 2024 годзе, а сёлета Даніла Ус стаў пераможцам абласнога тура і будзе прадстаўляць Міншчыну ўжо ў чэрвені. Таму мы з трапятаннем, жаданнем працаваць і дасягаць вынікаў ныраем у спаборніцтва.
— І апошняе пытанне. У чым ваша прафесійнае шчасце?
— Яно ў працэсе — калі ты займаешся з выхаванцам і бачыш плён. Хутчэй нават энергія, абмен эмоцыямі, момант існавання ў музыцы прыносяць шчасце. Ты разумееш, што дорыш вучням пуцёўку ў жыццё, у прафесію. Веды, якія настаўнікі ўкладвалі ў цябе, апраўляеш уласнымі думкамі ды пачуццямі, вопытам, памнажаеш і аддаеш іншым. Здаецца, вось у гэтым і ёсць прафесійнае шчасце.

Мне падабаецца, што я магу праяўляць сябе як выканаўца і камунікаваць з гледачом. І тут жа, прыходзячы на ўрокі, дзяліцца сцэнічным досведам, распавядаць пра нюансы, сакрэты прафесіі, якія дапамогуць хлопцам і дзяўчатам не толькі стаць высакакласнымі вакалістамі ці настаўнікамі, але і знайсці сваё месца, працаваць на карысць нашай Бацькаўшчыны.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні