Як прайшла “Бібліяноч” у Шклове

Бібліяноч-2026 “Жаночы фармат” — пад такой назвай 24 красавіка прайшла акцыя ў Шклоўскай цэнтральнай бібліятэцы, прысвечаная Году беларускай жанчыны.

У фае бібліятэкі гасцей сустракала кніжна-ілюстрацыйная экспазіцыя “Сэрца Беларусі: жанчына”.

Асноўныя мерапрыемствы адбыліся ў чытальнай зале. Тут была размешчана маляўнічая фотазона “Ззянне жаночых усмешак”, дзе кожны змог захаваць сабе фота на памяць аб гэтай знамянальнай падзеі.

Акцыя “Валошкавы букет пажаданняў” запрасіла жадаючых пакінуць на папяровых васільках зычэнні Радзіме і беларускім жанчынам. Трэба адзначыць, ахвочых выказацца знайшлося нямала!

Кульмінацыяй мерапрыемства стала творчая сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Жаннай Міус “Жанчына, вясна і натхненне”. Адбылася і прэзентацыя кнігі нашай зямлячкі Антаніны Стасевіч “Ад сэрца да сэрца”.

Для маленькіх наведвальнікаў былі праведзены віктарына “Жаночы твар у гісторыі: ці ведаеш ты?” і майстар-клас па вырабе лялькі-абярэга “Берагіня”.

Пасля аматары кіно былі запрошаны ў бібліякіназал “Цяжкая дарога ў космас”, дзе быў прадэманстраваны фільм пра гераіню Беларусі Марыну Васілеўскую.

А ў бібліякафэ “Чай з водарам натхнення” аматары паэзіі чыталі вершы беларускіх аўтараў і атрымлівалі асалоду ад смачнай гарбаты.

Валянціна СУТКАЛЕНКА, загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна»