Яркія буклеты і паштоўкі для гасцей Мірскага замка — прыемны напамін аб “падарожжы ў мінулае”. Між тым за лаканічнай формай і глянцавымі вокладкамі стаіць маштабная скрупулёзная праца — вялізны пласт жыцця музея, схаваны ад вачэй наведвальніка.

Сёння Замкавы комплекс “Мір” не толькі турыстычны аб’ект, але і адзін з музейных цэнтраў Беларусі, дзе вывучаюць рэдкія артэфакты і тамы дакументаў, выпускаюць уласныя кніжныя серыі і планамерна рыхтуюцца да знакавай падзеі — 500-годдзя “каменнага волата”.

Аб працы выдавецтва, будучых кніжных навінках і рэдкіх фаліянтах, якія абяцаюць стаць навуковымі хітамі, мы пагаварылі з вучоным сакратаром музея Ігарам Ложачнікам.
— Ігар Мікалаевіч, калі ў музеі з’явілася сістэмная выдавецкая праца?
— Гэты кірунак закладваўся адначасова з рэгістрацыяй статутных дакументаў, стаўшы неад’емнай часткай навуковай, фондавай і асветніцкай работы. Сістэмны ж характар дзейнасць набыла ў 2015-м, калі ўстанова атрымала афіцыйны статус выдаўца.

Уся наша друкаваная прадукцыя апошняга дзесяцігоддзя — ад манаграфій да даведнікаў — адпавядае сучасным стандартам. Асабліва хочацца падкрэсліць: з’яўляючыся вынікам сур’ёзных навуковых пошукаў, яна таксама — важны складнік іміджу музея.
— Прыгадайце, калі ласка, першыя значныя выданні.

— Такім, на мой погляд, з’яўляецца калектыўная навуковая манаграфія серыі “Genus Albaruthenicum” “Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVI стагоддзях: радавод, гербы, уладанні”. Яе аўтарскі калектыў у складзе Р.А. Аляхновіч, С.А. Рыбчонка і А.І. Шаланды ўпершыню правёў комплекснае генеалагічнае, геральдычнае і гістарычнае даследаванне роду Іллінічаў — першых уладальнікаў Мірскага замка.

Да важкіх публікацый можна аднесці і каталог “Фарміраванне калекцый музея «Замкавы комплекс “Мір”» (1989—2015)” серыі “Калекцыі музея «Замкавы комплекс “Мір”»”; каталог міжнароднай выставы “Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII — пачатку XVIII стагоддзяў”; зборнік дакументаў і матэрыялаў “Мір Радзівілаў: замак, мястэчка, графства (1568—1813)” і шэраг іншых.
— Якія віды выданняў выпускае музей цяпер?
— Мэтавымі напрамкамі з’яўляюцца навуковы, навукова-папулярны і даведачны, і сёння іх кола дастаткова шырокае. Гэта даведнікі па асноўнай экспазіцыі на розных мовах (беларускай, рускай, кітайскай, польскай, літоўскай, французскай), калектыўныя навуковыя манаграфіі, зборнікі матэрыялаў навуковых канферэнцый, каталогі калекцый і выставак, фотаальбомы. Калі, напрыклад, параўноўваць тыражы асветніцкіх і навуковых выданняў, то даведнікі мы друкуем тысячнымі накладамі, а навуковыя — у некалькі соцень.

— Як адбываецца адбор аўтараў і экспертаў? Ці прыцягваеце знешніх даследчыкаў, супрацоўнікаў іншых устаноў?
— Вызначаючы стратэгію выдавецкай працы, мы вылучылі дзве серыі, якія адлюстроўваюць місію нашага комплексу. Першая — “Genus Albaruthenicum” — ужо ўключае чатыры калектыўныя навуковыя манаграфіі, створаныя пры удзеле запрошаных экспертаў. Другая серыя, “Калекцыі музея «Замкавы комплекс “Мір”»”, на дадзены момант налічвае дзве кнігі. Над імі сумесна працуюць нашы спецыялісты і калегі з іншых музеяў краіны.
— Як арганізаваны рэдакцыйна-выдавецкі цыкл: ад рукапісу да гатовай кнігі?

— Тэмы звычайна ініцыююць кіраўніцтва музея і супрацоўнікі аддзелаў, а таксама знешнія даследчыкі. Структуру зацвярджае навукова-метадычная рада музея, пасля праект уносіцца ў план на каляндарны год. У нас няма ўласнага рэдакцыйна-выдавецкага аддзела, таму для падрыхтоўкі навуковых выданняў звяртаемся да прыцягнутых экспертаў, рэцэнзентаў, рэдактараў, карэктараў. Калі казаць пра выданні асветніцкай і фондавай скіраванасці, то тут мы спраўляемся ўласнымі сіламі.

— Як вырашаеце пытанне распаўсюджвання друкаванай прадукцыі?
— Каб яна дайшла да чытача, ёсць усе ўмовы. Купіць нашы кнігі і даведнікі можна ў музейных касах, краме сувеніраў, у холе гатэля “Мірскі замак”.

Таксама працуем са знешнімі партнёрамі — у прыватнасці, асобныя выданні прадстаўляем на паліцах сталічнай “Акадэмкнігі”.
— Якія цікавінкі выйшлі з апошнім часам і што ў рабоце цяпер або запланавана?
— Адным з ключавых выдавецкіх праектаў музея, што рэалізаваны ў 2023-м у рамках працы Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, з’яўляецца факсімільнае выданне помніка беларускаму пісьменству XVI стагоддзя “Жухавіцкае Евангелле”, арыгінал якога знаходзіцца ў Бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук.

Цяпер музейны комплекс рыхтуецца да святкавання 500-годдзя Мірскага замка.
У верасні адбудзецца міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная гэтай знамянальнай даце, з далейшым выхадам у свет матэрыялаў канферэнцыі. Іх мы будзем рыхтаваць сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Акрамя гэтага, асноўныя вехі ў гісторыі Мірскага замка, пачынаючы з XVI стагоддзя і да нашых дзён, будуць сабраны ў кнізелетапісе, які мы прадставім на самім юбілеі.
Святлана ЧЭКАЛАВА.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і
з архіва музея “Замкавы комплекс «Мір»”