“Мікалай Байрачны. Скульптура. Да 75-годдзя майстра”

Апублiкавана: 28 красавiка 2026 Афiша Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: Аўтары

З 1 мая ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачне працу выстава “Мікалай Байрачны. Скульптура. Да 75-годдзя майстра”.

 

Гэта першая персанальная выстава шматграннага аўтара, які працуе ў такіх напрамках, як кераміка, станковая скульптура, кніжная ілюстрацыя і мультыплікацыя, у сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Рознабаковая экспазіцыя прадэманструе аўтабіяграфічныя творы, натхнёныя гісторыямі жыцця продкаў мастака — прадзеда, дзеда і бацькі, а таксама казачныя пераасэнсаванні вобразаў дачкі, унука і ўнучкі Мікалая Іванавіча (цыкл “Калі феі былі маленькімі”).

Асобная частка выставы прысвечана ўнікальнай па тэхніцы выканання і спалучэнні матэрыялаў (мармур, бронза, граніт, сталь, сердалік і нават дрэва), неверагодна дэталізаванай анімалістычнай скульптуры, створанай Мікалаем Байрачным у сааўтарстве з калегам — майстрам Юрыем Гудзіновічам.

Кожная скульптура — гэта займальны аповед, легенда, у якой за відавочным сэнсам абавязкова ёсць зашыфраваныя таямніцы старажытных ведаў і рамантычныя гісторыі, якія неабходна разгадаць.

Выстава будзе экспаніравацца па 25 мая ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 24, 4 паверх, 3 зала).

 Кацярына ЗАПЕКА, куратар выставы,
старшы навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела
Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь