У Рэспубліцы Беларусь стартавалі Дні культуры Рэспублікі Таджыкістан

У нашай краіне стартавалі Дні культуры Рэспублікі Таджыкістан. Творчую дэлегацыю Рэспублікі Таджыкістан узначальвае міністр культуры Рэспублікі Таджыкістан Сатарыён Матлубахон Аманзода.

Маштабная праграма прадставіць беларускаму гледачу найлепшыя ўзоры кінематаграфічнага, выяўленчага і музычнага мастацтва краіны.

 

У рамках Дзён культуры Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь адбылася сустрэча міністраў культуры Рэспублікі Беларусь Марата Маркава і Рэспублікі Таджыкістан Матлубахон Саторыён. У сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі абодвух ведамстваў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь Сафарзода Бахтавар Аміралі, іншыя афіцыйныя асобы.

 

Прысутныя абмеркавалі пытанні развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.

Нашы краіны звязвае шчырае сяброўства, заснаванае на агульным гістарычным мінулым, узаемнай павазе, добрых адносінах паміж Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам і Прэзідэнтам Рэспублікі Таджыкістан Эмамалі Рахмонам.

Беларускі бок адзначыў вялікую цікавасць нашай публікі да таджыкскай культуры. У Беларусі заўсёды рады бачыць прадстаўнікоў Таджыкістана на знакавых культурных мерапрыемствах – Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа», Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» і іншых.

Прадстаўнікі таджыкскай дэлегацыі таксама выказалі вялікую зацікаўленасць у глыбокім плённым супрацоўніцтве ў сферы культуры. Былі агучаны прапановы па абмене вопытам у галіне лічбавых тэхналогій, па супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі сферы культуры і арганізацыі абменных гастроляў тэатраў. Таджыкскія калегі спыніліся на пытанні захавання гістарычнай спадчыны, адзначыўшы каштоўнасць напрацовак у гэтым кірунку, якія ёсць у Беларусі.

Асаблівы акцэнт у час перагавораў быў зроблены на супрацоўніцтве ў сферы кінематаграфіі; таксама прапанавана арганізаваць абмен выставамі ў музейнай сферы.

 

У рамках Дзён культуры Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўрачыста адкрылася выстава таджыкскіх мастакоў.

З прывітальным словам выступілі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў і міністр культуры Рэспублікі Таджыкістан Матлубахон Сатарыён.

У экспазіцыі прадстаўлена 38 карцін. Тэматычная накіраванасць работ – абстракцыя, нацыянальныя матывы і каларыт, творы сучаснага выяўленчага мастацтва Таджыкістана.

Сёння ўвечары ў сталічным кінатэатры «Перамога» распачнуцца Дні кіно Рэспублікі Таджыкістан.

А заўтра ў Палацы Рэспублікі адбудзецца ўрачысты гала-канцэрт майстроў мастацтваў Таджыкістана і пройдзе тэматычная выстава.

Служба інфармацыі газеты «Культура».

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і Антона РУДАКА