Як некалі продкі

Апублiкавана: 26 красавiка 2026 Стужка Традыцыі Гродна і вобласць Спадчына

Аўтар: Аўтары

Традыцыі — гэта тое, на чым трымаецца сучаснасць і што з’яўляецца падмуркам будучыні. Яскравых прыкладаў іх захоўвання багата на Астравеччыне.

 

Загадчыца Міхалішкаўскага сельскага клуба Надзея Вайцяховіч кажа:

— Традыцыі — гэта гісторыя краіны і народа, адметнае адлюстраванне кожнай мясцовасці. Гэта нашы карані, якія ідуць з глыбіні вякоў ад продкаў. Гэта мост паміж мінулым і будучым, што дазваляе паказаць, як жылі, працавалі і адпачывалі нашы дзяды-прадзеды.

Працуючы ў клубе, кіраўніца імкнецца адкрыць аднавяскоўцам, дзецям вялікую спадчыну народнай беларускай культуры. Так, з наведвальнікамі аматарскага аб’яднання “Вытокі” вывучае валачобны абрад.

— І ўжо на Вялікдзень дзяўчынкі і хлопчыкі ходзяць у жакі не проста са словамі “Хрыстос уваскрос!” — а спяваюць святочныя песні і гуляюць з яйкамі: робяць так, як некалі продкі, — ганарыцца Надзея Іванаўна.

Загадчыца клуба пералічвае і іншыя святы, абрады, у якіх з задавальненнем удзельнічаюць і дарослыя, і дзеці:

— Мы і калядуем — у нас ёсць Калядная Зорка, Каза, Мядзведзь, Механоша. Віншуючы людзей, пасыпаем іх збожжам. Нядаўна праводзілі абрад хрэсьбіны — звесткі збіралі ў аднавяскоўцаў. На жаль, жыхарак, якія расказвалі пра гэта, ужо няма, а традыцыя жыве.

Наш калектыў “Вілія” спявае ў асноўным народныя песні, чым таксама захоўвае беларускую культуру.

Адметнай і прыцягальнай стала Масленіца ў Міхалішках. Госці завітваюць і з Астраўца, і з Мінска: родзічы жыхароў аграгарадка спецыяльна едуць, каб патрапіць на свята.

— Вельмі важна, што Прэзідэнт сур’ёзна ставіцца да традыцый і на дзяржаўным узроўні адзначае задачы па іх захаванні, — заўважае Надзея Вайцяховіч. — Важна, каб наступныя пакаленні ведалі і перадавалі нашчадкам сваё, беларускае — тое, што вылучае нас сярод іншых народаў. Мы павінны шанаваць і ганарыцца тым, што стварылі і збераглі для нас продкі.

Святлана ФЁДАРАВА. Фота з архіва гераіні