Жывая памяць знішчаных вёсак

Апублiкавана: 26 красавiка 2026 Стужка Афіцыйна Мiнская вобласць Дата

Аўтар: РУДАК Антон

Вёска Хатынь была спалена разам з жыхарамі 22 сакавіка 1943 года. Напрыканцы 1960-х на яе месцы з’явіўся мемарыяльны комплекс, які сёння лічыцца сімвалам памяці пра ўсіх загінулых мірных беларусаў. Мы даведаліся ў дырэктара Дзмітрыя Вільтоўскага, чым установа жыве і якія планы мае.

 

Дзмітрый Вільтоўскі

— Дзмітрый Сяргеевіч, “Хатынь”, бадай, самы вядомы мемарыял…

— Так. Установа ўваходзіць у тройку найбольш наведвальных турыстычных аб’ектаў краіны: летась у комплекс “Хатынь” і яго філіялы завіталі 725 764 чалавекі. Сучаснае развіццё арганізацыі — гэта шлях ад захавання манументальнай спадчыны да стварэння высокатэхналагічнага сэнсава насычанага музейна-мемарыяльнага цэнтра, інтэграванага ў нацыянальную і міжнародную сістэму памя­ці аб Другой сусветнай вайне.

— Якая ў мемарыяльным комплексе праводзіцца навукова-даследчая, адукацыйная работа?

— Сёння намаганні перадусім скіраваны на тое, каб рэалізаваць канцэпцыю экспазіцыі нашага музея. Актуалізаваны спісы населеных пунктаў на тэрыторыі краіны, цалкам або часткова разбураных і спаленых разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай. Гэта зроблена на аснове матэрыялаў, прадстаўленых Генеральнай пракуратурай у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. У архівах вядзецца пошук, збор і апрацоўка інфармацыі пра падзеі вайны, знішчаныя вёскі ды іншае. Па выніках апублікаваны шэраг артыкулаў аб канцлагерах Мінска і Мінскай вобласці.

Экспазіцыя музея ў Хатыні

Таксама арганізоўваюцца адукацыйныя мерапрыемствы для розных катэгорый наведвальнікаў. На падставе пагаднення аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі культуры і адукацыі рэалізоўваецца праект “Урок у музеі”. У яго рамках ладзяцца заняткі для школьнікаў на базе пастаяннай экспазіцыі паводле праграмы вучэбнага прадмета “Гісторыя Беларусі”. Тэма — “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Летась на такія ўрокі трапіла больш за дзве сотні вучняў 9—10 класаў з Міншчыны.

Экспазіцыя музея ў Хатыні

Стала традыцыйнай штогадовая інфармацыйная сустрэча “Дзейнасць мемарыяльнага комплексу «Хатынь» і яго філіялаў” для слухачоў курсаў экскурсаводаў, гідаў-перакладчыкаў і кіраўнікоў турыстычных груп Нацыянальнага агенцтва па турызме.

— У вашай установе апошнім часам ладзіцца шмат тэматычных выстаў. Якія з іх найбольш запомніліся гасцям? Якія будуць падрыхтаваны неўзабаве?

— Выставачная работа — адзін з ключавых напрамкаў нашай дзейнасці. Летась мы арганізавалі 14 праектаў, рэалізаваных як на ўласных пляцоўках, так і ў рамках міжмузейнага і міжнароднага супрацоўніцтва. Сярод тых, што атрымалі найбольшы водгук, адзначу экспазіцыі “Вайна не змагла забраць толькі каханне” паводле дакументаў і матэрыялаў, прадстаўленых сям’ёй Леаніда Левіна, і “Калі сляза скацілася на попел”, дзе была прэзентавана графіка сучасных беларускіх мастакоў.

Нашых наведвальнікаў не пакінуў абыякавымі і падрыхтаваны разам з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў і Музеем гісторыі беларускага кіно праект “Глядзі і памятай…”, прысвечаны фільму Элема Клімава “Ідзі і глядзі”. Дэманстраваліся ўнікальныя фота са здымачнай пляцоўкі, старонкі рукапіснага сцэнарыя, старыя афішы і іншыя матэрыялы, што распавялі аб стварэнні карціны.

Часовая экспазіцыя “Мундзір героя” ў нашым філіяле, комплексе “Курган Славы”, — прыклад міжмузейнага супрацоўніцтва. Гэта плён сумесных намаганняў краязнаўчых музеяў Мінскай вобласці. Яны прадставілі гістарычныя артэфакты, што ўзнаўляюць атмасферу суровых і гераічных гадоў Вялікай Айчыннай вайны.

Экспазіцыя музея ў Хатыні

Выставачная работа праводзіцца і ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва. У сакавіку 2025-га ў мемарыяльным комплексе “Хацунь” на Браншчыне дэманстраваўся супольны віртуальны праект “Не згасае памяці свечка”.

А ў маі, у дні святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі, у хатынскім музеі быў рэалізаваны віртуальны праект “Трагедыя ў вёсцы Хацунь і акупацыйны рэжым на тэрыторыі Браншчыны” з паказам дакументальнага фільма “Без тэрміну даўнасці. Хацунь”. Не менш цікавыя ініцыятывы чакаюць нашых гасцей і сёлета. Так, да гадавіны хатынскай трагедыі прымеркавана адкрыццё часовай экспазіцыі ў гонар сведак тых падзей. А ў ліпені плануем зладзіць выставу пра жыццё і творчасць аднаго з аўтараў мемарыяла, Леаніда Левіна.

Экспазіцыя музея ў Хатыні

— Як комплекс прадстаўлены на міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемствах?

— Наша ўстанова — адзін з галоўных аб’ектаў, якія акумулююць навуковую інфармацыю аб генацыдзе насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны і перадаюць яе ў масы падчас штодзённай працы.

Работнікі мемарыяла актыўна далучаюцца да навукова-практычных канферэнцый, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў. У кастрычніку мінулага года ў Санкт-Пецярбургу праходзіла міжнародная праграма павышэння кваліфікацыі “Музейныя практыкі: ад захоўвання да ўключэння”. Сярод удзельнікаў з 10 краін былі і нашы прадстаўнікі. З 30 кастрычніка па 1 лістапада Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук праводзіў ІІІ Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Ахова і папулярызацыя культурнай спадчыны: сусветны і айчынны досвед”, дзе работнікі комплексу выступілі з дакладам пра асаблівасці ўліку і захавання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Адноўленая хатынская царква

13 лістапада — распавялі аб ролі мемарыяла ў зберажэнні гістарычнай памяці на III Форуме Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс” у рамках тэматычнай секцыі, прысвечанай традыцыям і перспектывам супрацоўніцтва музеяў дзвюх краін. Напрыканцы лістапада ў комплексе адбыўся абласны семінар дырэктараў дзяржаўных музейных устаноў Міншчыны “Экспазіцыйна-выставачная і культурна-асветніцкая дзейнасць музеяў: форма, падыходы, метады”. Кіраўнікі абмеркавалі арганізацыю экскурсійнага абслугоўвання, а таксама пазнаёміліся з маркетынгавай стратэгіяй і спосабамі прамоцыі ўстановы.

— Якія яшчэ ёсць планы на найбліжэйшую будучыню?

— Некалькі папярэдніх гадоў звязаны з маштабнай рэканструкцыяй у мемарыяльным комплексе “Хатынь” і філіялах. Яна працягнецца. Так, на Кургане Славы сёлета чакаецца пашырэнне музея тэхнікі пад адкрытым небам, папаўненне калекцыі новымі адзінкамі ўзбраення. У планах на 2026-ы — у сувязі з вялікай запатрабаванасцю ў наведвальнікаў — развіццё выдавецкай дзейнасці. Летась былі выпушчаны паштоўкі “Хатынь” і “Курган Славы”, буклет “Мемарыялы”, прысвечаны комплексу “Хатынь” і філіялам “Дальва” ды “Курган Славы”.

Мемарыяльны комплекс “Дальва”

У 2026-м запланаваны выхад трох кніг “Хатынь”, “Дальва” і “Курган Славы”. Першае з выданняў мусіць убачыць свет ужо ўвесну і распавядзе аб лёсе Хатыні ад самых ранніх пісьмовых згадак да дня знішчэння, аб гісторыі стварэння мемарыяла, а таксама аб трагедыі гэтай і іншых разбураных у вайну беларускіх вёсак. Кнігі пра філіялы “Дальва” і “Курган Славы” з’явяцца ў другім паўгоддзі. Выданні з багатым ілюстрацыйным матэрыялам будуць прызначаны для шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй нашай краіны.

Антон РУДАК. Фота з архіва ДМК "Хатынь"

 

ХАТЫНЬ

Ідэя стварэння мемарыяла ў гонар спаленых паселішчаў з’явілася ў 1960-х.

Быў зладжаны конкурс, у якім перамог праект архітэктараў Леаніда Левіна, Юрыя Градава, Валянціна Занковіча і скульптара Сяргея Селіханава. Выбіраць давялося і лакацыю, дзе задуму належала рэалізаваць. Спыніліся на Хатыні, прычым размяшчэнне вёскі наводдаль ад магістралі таксама было асэнсавана ў канцэпцыі комплексу — цягам пяці кіламетраў ад дарогі да яго ўсталяваны знакі зваротнага адліку.

Наогул, для помніка характэрнае багацце сімвалаў. Аб’екты тут сувымерныя з маштабам вясковай забудовы, што нараджае асаблівую атмасферу. Былі ўжыты ўсе сродкі мастацкай выразнасці: архітэктура, скульптура, музыка і паэзія.

Але найбольшую адметнасць мемарыялу надае тое, што ён пачынаецца адразу з кульмінацыйнага пункта — месца гібелі жыхароў Хатыні. Такое рашэнне падкрэслівае раптоўнасць і незваротнасць трагедыі. А насупраць, там, дзе пахаваны ахвяры, паставілі незвычайнае надмагілле — вянок новага дома, які сімвалізуе вечнае жыццё ў народнай памяці. На месцы 26 вясковых хат узведзены сімвалічныя коміны са званамі, што ствараюць аб’ёмны гук. Мемарыял зрабіўся храмам пад адкрытым небам, дзе сцены — навакольныя лясы, купал — нябёсы, а званіца — усе гэтыя 26 комінаў.

Комплекс здавалі ў дзве чаргі: у 1968 годзе быў пабудаваны ансамбль на месцы спаленай Хатыні, а ў 1969-м побач узніклі могілкі знішчаных вёсак з усёй Беларусі, якія ўздымалі мемарыял да агульнанацыянальнага ўзроўню, — гэтую ідэю прапанаваў папярэднік Пятра Машэрава на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ, Кірыл Мазураў. Акурат тады з’явіліся і “Сцяна памяці”, што адлюстроўвае трагедыю ахвяр нацысцкіх канцлагераў, і тры бярозкі з Вечным агнём замест чацвёртай, якія сімвалізуюць ваенныя страты Беларусі, што згубіла, як тады лічылася, кожнага чацвёртага жыхар.

На 80-годдзе спалення Хатыні ў 2023-м удзельнікі цырымоніі ўшанавання ўпершыню пабачылі новую музейную экспазіцыю, якая адкрылася ў адмыслова ўзведзеным аднапавярховым будынку. Там размясціліся шэсць зал — усе яны не перанасычаны экспанатамі, але маюць уласную атмасферу, якая ўздзейнічае на эмоцыі наведвальнікаў.

Экспазіцыя музея ў Хатыні

Акрамя таго, экспазіцыя багатая на аўдыявізуальныя эфекты — відэа, праекцыі, гуказапісы, галаграмы, а таксама на інтэрактыўныя элементы — экраны, з дапамогай якіх можна азнаёміцца з інфармацыяй па канкрэтных тэмах. У 2023 годзе асвяцілі царкву паводле праекта і фотаздымкаў, якія захаваліся ў архівах. Яна паўстала на месцы ранейшай, знішчанай падчас акупацыі.

Антон РУДАК.
Фота з архіва ДМК "Хатынь" і Ангеліны САРОКА