Жывы, сцэнічны, адухоўлены

Такім ужо 30 гадоў з’яўляецца ўзорны тэатральны калектыў “Маска” з Нароўлі. Тут сюжэты сыходзяць з бібліятэчных паліц і ажываюць на сцэне. Тут дзеці вучацца гаварыць, адчуваць і верыць у сябе праз казачных герояў.

 

НА СКРЫЖАВАННІ СТЫХІЙ

Пачалася гісторыя “Маскі” ў 1996-м пры дзіцячай бібліятэцы (сёння — Нараўлянская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма імя Давіда Сімановіча). Спачатку гэта быў звычайны тэатральны гурток — адзін са спосабаў зацікавіць юных чытачоў кнігай. Але з самага пачатку ў гэтай ідэі хаваўся больш глыбокі сэнс: адкрыць новы сусвет — жывы, адухоўлены, сцэнічны. Бібліятэка ператваралася ў прастору сяброўства, фантазіі і першых няўпэўненых галасоў.

Пераломным стаў 2000 год, калі ў Нараўлю па размеркаванні прыехала малады бібліятэкар Наталля Тарасенка. З таго часу пачаўся новы этап у жыцці калектыву.

— Сама я з Салігорскага раёна. Скончыла Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”, — расказвае Наталля Мікалаеўна. — Яшчэ са школы займалася ў тэатральным гуртку. Заўсёды было цікава: як гэта — прачытаць твор і выявіць яго на сцэне? Як ажывіць вобразы, дзеянні, герояў? Бібліятэка і тэатр — яны ж вельмі блізкія.

Менавіта на скрыжаванні гэтых дзвюх стыхій і нарадзілася справа, якой кіраўніца застаецца вернай ужо больш за чвэрць стагоддзя.

 

З ЛЮБОЎЮ І КЛОПАТАМ

Першы склад “Маскі” быў зусім невялікі — усяго 12 дзяцей. Сёння ж гэта творчая сям’я, у якой 60 юных артыстаў. Пяць узроставых груп, розныя характары, розныя галасы — і адна агульная сцэна, што ўсіх аб’ядноўвае. Жыццё гэтай сям’і наладжана да дробязяў і трымаецца не толькі на любові да тэатра, але і на сапраўдным клопаце адзін да аднаго.

— У нас вельмі цесная сувязь са школамі. Старэйшыя прыходзяць самі, а малых забіраю падчас прадоўжанкі, разам ідзём у бібліятэку, а пасля вяртаю назад, — тлумачыць Наталля Тарасенка.

На рэпетыцыях няма механічнага паўтарэння і адчытвання роляў — тут шукаюць, сумняваюцца, адкрываюць і, галоўнае, адчуваюць.

— Заўсёды кажу: не патрэбны завучаны тэкст, — падкрэслівае Наталля Мікалаеўна. — Ролю трэба прапусціць праз сябе. Пражыць маленькае жыццё на сцэне. Важна, каб глядач паверыў — і каб сам выканаўца быў упэўнены ў тым, што робіць. Нават калі нехта забыў словы — не бяда. Тэатр — гэта яшчэ і ўменне выйсці з сітуацыі так, каб памылка засталася незаўважанай.

Падрыхтоўка пастаноўкі займае некалькі месяцаў: звычайна пачынаецца ў верасні, а вынік паказваюць у другой палове навучальнага года. Тэрміны залежаць ад складанасці матэрыялу і ад таго, наколькі глыбока юныя артысты яго асэнсоўваюць.

 

ПРАЦА ПРАЗ ДЫЯЛОГ

Асобнае месца ў працы займае выбар матэрыялу. Тут няма дыктатуры рэжысёра: “Маска” будуецца на дыялогу.

— Раюся з дзецьмі: што ім цікава, што яны чыталі. Калі не чыталі — значыць, трэба абавязкова прачытаць. Без гэтага героя не зразумееш. З жывой сувязі з кнігай і нараджаецца рэпертуар — багаты, разнастайны, часам нечакана глыбокі.

У скарбонцы ўжо каля ста нумароў: ад лёгкіх, светлых казак і фальклорных гульняў да сур’ёзных, эмацыянальна складаных ваенна-гістарычных кампазіцый. Адна з такіх работ — “Рэха памяці” — асабліва дарагая калектыву.

— Звярталіся да дзённікаў, дакументальных сведчанняў… Тэма няпростая. Але дзеці перадаюць яе настолькі шчыра, што цяжка стрымаць слёзы. Летась з гэтай пастаноўкай пацвердзілі званне і атрымалі дыплом абласнога агляду-конкурсу ўзорных тэатральных і лялечных калектываў “Тэатральная вясёлка” ў намінацыі “Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення сродкамі тэатральнага мастацтва”, — адзначае кіраўніца.

Па-за сцэнай жыццё “Маскі” не менш насычае.

— Робім мініяцюры, гумарыстычныя сцэнкі, здымаем відэа — нешта накшталт бібліятэчнага “Ералаша”. Гэта дапамагае трымаць цікавасць. Разам святкуем дні нараджэння, удзельнічаем у дабрачынных акцыях. Гастролі — гэта яшчэ і магчымасць убачыць новыя мясціны, дакрануцца да іншых гісторый. Хочацца, каб хлопцы і дзяўчаты адчувалі: мы — каманда. Мы разам. І гэта самае галоўнае, — падкрэслівае суразмоўца.

 

САПРАЎДНАЯ ПЕРАМОГА

“Маска” даўно выйшла за межы роднай бібліятэкі: калектыў выступае на розных сцэнічных пляцоўках, фестывалях, пастаянна пашырае свой досвед.

— Каб удзельнічаць у конкурсах, неабходна было званне. Нам прапанавалі — і мы вырашылі паспрабаваць. У 2011-м калектыў атрымаў статус “узорны”. Гэта дало новы імпульс: пачалі больш выступаць, бачыць іншых, заявілі пра сябе і адчулі, як расцём, — успамінае кіраўніца.

З цягам часу назбіралася нямала грамат і дыпломаў, але для Наталлі Тарасенка важней іншае — менш прыкметнае для старонняга вока. — Найбольш каштоўнае — як змяняюцца акцёры. Прыходзяць сарамлівыя, заціснутыя, баяцца сказаць слова… А потым на сцэне — іх не пазнаць. Пачынаюць гаварыць, адчуваць, існаваць у ролі. Хтосьці пераадольвае свае страхі, хтосьці ўпершыню верыць у сябе. І гэта — сапраўдная перамога.

Пасля выпускнога тэатр для выхаванцаў не заканчваецца. Ён працягваецца — у новых ролях, у новых сцэнах жыцця.

— Многія паступаюць у педагагічныя каледжы, працуюць у школах, вядуць гурткі, — адзначае Наталля Тарасенка. — А нават калі выбіраюць зусім іншую прафесію — усё роўна застаюцца ў творчасці. Удзельнічаюць у самадзейнасці, выходзяць на сцэну. Тэатр не адпускае. Таму з кожным годам мне ўсё мацней хочацца працягваць сваю справу, каб зноў і зноў бачыць, як у дзяцей загараюцца вочы.

Менавіта ў гэтым святле — у гэтых дзіцячых вачах, поўных захаплення і веры, — і жыве сапраўдная, непадробная “Маска”, якая ўмее аб’ядноўваць і натхняць.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву