Велікодныя матывы

Апублiкавана: 15 красавiка 2026 Стужка Традыцыі Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Пад такой назвай праходзіць выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Праект зладжаны сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур.

 

СІМВАЛЫ

У экспазіцыі ўпершыню сабраны пісанкі, зробленыя майстрамі з усіх рэгіёнаў краіны. Так дэманструецца разнастайнасць атрыбутаў аднаго з найважнейшых хрысціянскіх свят. Тут можна пабачыць таксама шкрабанкі і іншыя яйкі, аздобленыя ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а яшчэ велікодныя вербы, пано і кампазіцыі з выявамі галоўных сімвалаў Вялікадня.

Прадстаўлены і роспіс, інкрустацыя саломкай, саломапляценне, выцінанка, вышыўка, маляванка, лозапляценне, тэкстыльныя лялькі-мотанкі і кераміка.

Агулам даступныя творы больш чым 70 умельцаў з усіх абласцей. Акрамя таго, прэзентаваны два элементы з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей — роспіс велікодных яек у Сапоцкіне Гродзенскага раёна і выраб велікодных вербаў, якія на Гродзеншчыне называюць пальмамі.

Пераемнасць пакаленняў адлюстроўваюць працы навучэнцаў Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага і Мінскага каледжа мастацтваў.

 

САКРЭТЫ ХАРАСТВА

Сапоцкінская пісанка была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей у 2016 годзе. Тэхналогія даволі складаная: узоры наносяцца на сырым пустым яйку гарачым воскам пры дапамозе адмысловай шпількі, або пісака. Гэта самаробны інструмент — палачка з убітым у тарэц цвічком.

Натуральны фарбавальнік рыхтуецца загадзя, за месяц ці два да Вялікадня. Шышкі, кара дуба, вольхі ці ржавае жалеза заліваюцца кіпнем і ставяцца ў цёмнае месца прыкладна на месяц, каб атрымаўся насычаны цёмны, амаль чорны колер.

У дзень аздаблення шпілька разаграецца над свечкай, акунаецца ў расплаўлены воск, а на паверхні ствараецца ўзор. Размаляванае яйка змяшчаюць у халодную фарбу, якая ахоплівае ўчасткі, не пакрытыя нічым.

Пазней воск прыбіраецца над агнём. Яйка праціраюць сурвэткай, і ў выніку выходзяць светлыя ўзоры на цёмным фоне.

 

РАЗНАСТАЙНАСЦЬ

Сапоцкінская пісанка зазвычай манахромная, але сустракаюцца і рознакаляровыя. Так, пасля нанясення першага ўзору яйка акунаюць у разведзеную халодную фарбу, пачынаючы з самай светлай.

Потым зноў робіцца ўзор, яйка апускаюць у іншую, цямнейшую фарбу. Гэты працэс паўтараецца патрэбную колькасць разоў.

Найбольш пашыраны і любімы матыў майстрых у Сапоцкіне — круг-разетка, які размяшчаецца па цэнтры яйка. Свабодная плошча запаўняецца паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі.

Нярэдка сярэдзіна разеткі трапляе на канец яйка — такая кампазіцыя дыктуецца асаблівасцямі тэхналогіі: умеліца вялікім і ўказальным пальцамі трымае яйка зверху і знізу і па крузе наносіць узор з кропелек. Традыцыйныя малюнкі — птушкі, кветкі, яловыя галінкі.

Пры Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры арганізаваны Музей пісанкі, у якім можна пабачыць больш за паўтары тысячы экспанатаў.

 

ГАЛІНКА-АБЯРЭГ

Таксама ў 2016 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей быў дададзены выраб гродзенскіх велікодных вербаў. Гэтыя раслінна-кветкавыя кампазіцыі ствараюць да Вербнай нядзелі, якую называюць яшчэ і Пальмавай.

Лічыцца, што пасвячоная вярба адганяе навальніцу. Акрамя таго, галінкі кладуць на абразы парамі, каб зберагчы сямейнае шчасце. У вёсках пасвячонай вярбой на свята Юр’я выганяюць жывёлу ў поле, а на Дзяды такія галінкі адносяць на могілкі.

У каталіцкай традыцыі напрыканцы Вербнай нядзелі іх спальваюць, а попел збіраюць і пасыпаюць ім галаву ў касцёле.

Сёння, акрамя хрысціянскага зна­чэння, падобныя кампазіцыі маюць дэкаратыўны характар і служаць аздобай інтэр’ера.

Усе гродзенскія вербы плоскія і робяцца абавязкова на трох галінках. Для ўпрыгожвання выкарыстоўваюць бяссмертнік, жытнія і аўсяныя каласкі, канапельку, мятлік, цімафееўку. Побач з травамі натуральнай прыроднай афарбоўкі і рознакаляровым бяссмертнікам, які вытворцы вырошчваюць спецыяльна, ужываюцца расліны, апрацаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі, — часцей за ўсё аранжавыя, жоўтыя, зялёныя, ліловыя альбо чырвоныя.

Сярэдні памер гатовых кампазіцый складае каля паўметра.

 

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ

На цырымоніі адкрыцця экспазіцыі Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур таксама прэзентаваў кнігу “Беларуская пісанка і яе свет: майстры і традыцыі”, падрыхтаваную ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады.

У выданні разглядаюцца мінулае і сучаснасць, вытокі з’явы, практыкі яе захавання і папулярызацыі. Асобныя раздзелы расказваюць пра носьбітаў і пераемнікаў звычаю, рэгіянальныя абрады і іншае.

Выстава будзе працаваць да 19 красавіка. У яе межах праходзяць тэматычныя майстар-класы і лекцыі, прысвечаныя велікодным традыцыям беларусаў.

Антон РУДАК.
Фота аўтара, Уладзіміра ШЛАПАКА
і з Тэлеграм-канала "Культура Гродненщины"