Прывабная з любога пункта гледжання!

Апублiкавана: 24 красавiка 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Прэс-клуб

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Відэаканферэнцыя на тэму “Падарожжа скрозь час: паглыбленне ў культурную спадчыну Беларусі” прайшла ў прэс-клубе рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва”.

 

Ірына Станкевіч, Вераніка Шышкоўская, Ганна Вашчынчук, Наталля Жэрка, Ігар Ложачнік

Да ўдзелу былі запрошаны кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Вераніка Шышкоўская, намеснік начальніка аддзела развіцця ўнутранага турызму, якасці паслуг Нацыянальнага агенцтва па турызме Ганна Вашчынчук, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Наталля Жэрка, вучоны сакратар музея “Замкавы комплекс «Мір»” Ігар Ложачнік.

 

ЗАХОЎВАЦЬ

Вераніка Шышкоўская

Вераніка Шышкоўская:

— Сёння Беларусь прывабная з пункту гледжання экалагічнага, падзейнага і гісторыка-культурнага турызму як краіна з багатай прыродай, унікальнымі помнікамі архітэктуры, самабытнымі традыцыямі. Адна з прыярытэтных задач Міністэрства культуры ў развіцці культурнага турызму — захаванне нематэрыяльнай і матэрыяльнай спадчыны, яе папулярызацыя сярод айчынных і замежных турыстаў.

Важнасць гэтага напрамку адлюстравана ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на найбліжэйшую пяцігодку: турыстычны патэнцыял спрыяе росту патэнцыялу эканамічнага, умацаванню культурных сувязей, збераганню гістарычнай спадчыны і паляпшэнню іміджу нашай дзяржавы.

 

АДНАЎЛЯЦЬ

Ганна Вашчынчук

Ганна Вашчынчук:

— Як правільна сказала калега, аб’екты нематэрыяльнай і матэрыяльнай культурнай спадчыны вельмі важна захаваць. Але не менш істотна аднаўляць тое, што знаходзіцца на мяжы знікнення. Гэта фундамент, цікавы і айчыннаму турысту, і замежнаму.

Гурт "Сарматы" на Кушлянскім фэсце

Этнаграфічны складнік — не што іншае, як культурны код, першапачаткова значны для далейшага пазнання краіны, менталітэту і звычак народа.

Вераніка Шышкоўская:

Гаворачы пра аднаўленне матэрыяльнай культурнай спадчыны, варта згадаць, што толькі за апошнія пяць гадоў было рэканструявана 67 аб’ектаў інфраструктуры нашай сферы. Сярод ключавых — Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, Свята-Успенскі сабор у Жыровічах, палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, Косаўскі палацава-паркавы ансамбль і шмат іншых.

Палац Пуслоўскіх у Косаве

Да таго ж шэрагу будынкаў былі вернуты гістарычныя функцыі. За апошнія гады 48 помнікаў архітэктуры, якія раней не выкарыстоўваліся альбо выкарыстоўваліся для сучасных патрэб, займелі даўнейшае прызначэнне. Гэта сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы, Любавіцкая сінагога ў Віцебску, палацава-паркавы комплекс у Свяцку на Гродзеншчыне, сядзібны дом у Волме Дзяржынскага раёна, карэтная ў Жылічах...

 

ДАКРАНАЦЦА

Ганна Вашчынчук:

— Чым хутчэй развіваюцца тэхналогіі, праходзіць лічбавізацыя нематэрыяльнай спадчыны, пераводзяцца ў анлайн-фармат кніжныя помнікі альбо элементы нацыянальных абрадаў, тым часцей турысты цікавяцца ўнікальным беларускім кодам. Мы заў- важаем, што ўсё больш ахвотных дакрануцца да спадчыны, на свае вочы пабачыць той ці іншы звычай і, магчыма, паўдзельнічаць самім. Таму апошнім часам шмат на якіх аб’ектах культурнага турызму ладзяцца майстаркласы па народных рамёствах: ткацтве, ганчарстве, выцінанцы, маляванцы, роспісе ды іншых.

Наталля Жэрка

Наталля Жэрка:

— Да прыкладу, у нашым гісторыка-культурным музеі-запа­ведніку “Нясвіж” сталі практыкаваць роспіс кафлі. Вырабленыя ўмельцамі пліткі прапануем аздобіць узорамі з дапамогай фарбаў, якія па колеры адпавядаюць сапраўднай замкавай кафлі.

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж"

Гэты інтэрактыўны элемент, уключаны ў музейныя паслугі, выклікае ў наведвальнікаў шчырае захапленне! Не сакрэт: турыст едзе ў большай ступені па ўражанні. Мы ж іх забяспечваем.

Ігар Ложачнік

Ігар Ложачнік:

— У Міры таксама прапануем стварыць і распісаць кафлю. І не толькі. Прадугледжаны адукацыйныя праграмы для дарослых і дзяцей “Ад усяго сэрца самы лепшы пачастунак!”, “Капрызы моды ракако” і “У абарону сваёй зямлі”, падчас якіх госці, напрыклад, прымяраюць рыцарскія даспехі альбо асобныя элементы сярэднявечнага жаночага ўбору. Залучэнне наведвальніка ў працэс сёння вельмі важная частка праграмы. Усведамленне, што ты быццам дакрануўся да гісторыі, а таксама магчымасць узяць нешта на памяць — падстава вярнуцца і прывезці з сабой сяброў.

 

НАТХНЯЦЬ

Вераніка Шышкоўская:

— Не трэба пакідаць без увагі і падзейны турызм, які карыстаецца высокай папулярнасцю. Штогод у Беларусі ўстановы культуры ладзяць больш за 500 тысяч мерапрыемстваў, многія з якіх сталі знакавымі.

Падчас рыцарскага турніру ў Лідскім замку

Варта згадаць рыцарскія турніры ў Лідскім замку, фестывалі народнай творчасці, фальклорныя і гастранамічныя святы, джазавыя канцэрты і оперныя вечарыны… Літаральна кожны раён рэспублікі мае адметную брэндавую імпрэзу.

Брэндавы каравай-фэст "Бацькава булка" ў Свіслачы

Наталля Жэрка:

— Нясвіжскі замак — традыцыйная пляцоўка для правядзення фестываляў, канцэртаў. У такія дні ў палацы істотны наплыў турыстаў, білеты на вечарыны раскупліваюцца задоўга да прызначанай даты. Прыкладам, на май запланавана тры падзеі: дзіцячы спектакль “Лясны дэтэктыў”, акцыі “Ноч музеяў” і “Ніхто не забыты”.

У чэрвені пройдуць “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, да таго ж чакаем артыстаў Брэсцкай абласной філармоніі з канцэртам “Сусветныя хіты” і музычнага тэатра “Пецярбургская аперэта” з пастаноўкамі “Труфальдзіна з Бергама” і “Мая прыгожая лэдзі”.

Напрыканцы месяца зладзім фестываль “Джаз у горадзе Н.”. Прадугледжаны святы рамёстваў, гранд-кірмаш, фестывалі камернай музыкі і канцэрты ў стылі рок, існуюць інклюзіўныя праекты. Тэматычных вечарын у замку праводзіцца шмат — сачыце за афішай, у тым ліку ў газеце “Культура”.

 

 ЗДЗІЎЛЯЦЬ

Ігар Ложачнік:

— Здзіўляць наведвальнікаў, натхняць іх на творчасць, выклікаць жаданне вярнуцца ў замак зноў нацэлены і Мір. Акрамя згаданых адукацыйных праграм, у нашым арсенале многія іншыя актыўнасці: лекцыівізуалізацыі, тэматычныя экскурсіі альбо найцікавейшы, на маю думку, праект “Яна. Замак. Час” для сацыяльных сетак. Так, у квэсце “Таямніца двух куфраў” удзельнікі павінны дапамагчы кухарцы прыгатаваць страву для князя, а супрацоўніца ў вобразе княгіні Марыі Гагенлоэ-Шылінгсфюрст распавядае аб яе захапленнях.

Замкавы комплекс "Мір"

І гэта далёка не ўсе падрыхтаваныя для гасцей сюрпрызы. То-бок турыст едзе па эмоцыі — і мы іх забяспечваем.

Ганна Вашчынчук:

— Так сталася, што той, хто завітвае ў Мірскі замак, імкнецца і ў Нясвіж. І наадварот. Гэтыя два аб’екты, хоць яны і адной эпохі, вельмі розныя па характары. Таму, быццам дапаўняючы адзін аднаго, замкі даюць магчымасць скласці рознабаковае ўражанне аб культуры і архітэктуры нашай краіны, уласцівых канцу мінулага тысячагоддзя. Варта ўспомніць таксама Косаўскі, Ружанскі, Жыліцкі палацы — апошні называюць беларускім Версалем, — сядзібу ў Красным Беразе, Лідскі замак і многія-многія іншыя славутасці. Кожная мае свой настрой, сваю гісторыю, а ўсе разам яны і ўтвараюць непаўторную спадчыну, якую трэба захоўваць, якой варта ганарыцца.

 

СВЯТКАВАЦЬ

Ігар Ложачнік:

— Мы рыхтуемся адзначаць 500-годдзе Мірскага замка — юбілей прыпадае на наступны красавік. Чым здзівім гасцей — няхай пакуль застаецца тайнай. Аднак скажу, што праграма будзе надзвычай насычанай. Ужо цяпер рэалізоўваем некаторыя праекты. Да прыкладу, на нашым сайце ідзе адлік часу да адметнай даты. Прымеркаваную да яе міжнародную навуковую канферэнцыю правядзём сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў верасні.

Асноўныя вехі ў мінуўшчыне Мірскага замка з XVI стагоддзя да нашых дзён будуць сабраны ў кнізе-летапісе, якую прэзентуем на юбілеі.

Таксама запусцілі праект “500 дзён да 500-годдзя”. У яго рамках чакаецца і адкрыццё часткі італьянскага парку, што пакуль яшчэ аднаўляецца. Работы плануем завяршыць сёлета. Потым пачнецца рэканструкцыя ў пейзажным парку.

 

СТВАРАЦЬ

Ганна Вашчынчук:

— На пытанне гледачоў пра стварэнне пешага маршруту Мір — Нясвіж дазвольце адказаць мне. Адлегласць паміж замкамі, верагодна, не такая і вялікая — каля 30 кіламетраў. Але, распрацоўваючы маршрут, неабходна арганізаваць турыстам камфорт і бяспеку. Па-першае, павінна быць выдзелена спецыяльная зона — дарожка ў пэўнай адлегласці ад праезнай часткі. Па-другое, трэба абсталяваць месцы адпачынку з магчымасцю падсілкавацца. Гэта аб’екты сэрвісу або простыя пляцоўкі з прыбіральнямі, столікамі і лаўкамі. Па-трэцяе, варта падумаць і пра ўказальнікі. Увогуле, прапанова цікавая. Спадзяёмся, пры падтрымцы раённых улад яе можна будзе ўвасобіць.

Вераніка Шышкоўская:

— Тым больш вопыт стварэння пешых і веласіпедных маршрутаў існуе. У якасці прыкладу прывяду маршруты “Беларускае Палессе” па Брэсцкай вобласці, “Дарогай веліканаў”, “Закінутыя гарадзішчы”, “Мора Герадота” Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, а таксама “Спадчына Нарачанскага краю” і іншыя.

 

 

ПАПУЛЯРЫЗАВАЦЬ

Вераніка Шышкоўская:

— Падсумоўваючы, адзначу: культурна-турыстычныя мерапрыемствы не проста рухавік. Гэта ў першую чаргу захаванне спадчыны, умацаванне іміджу дзяржавы і імпульс для развіцця рэгіёнаў. Упэўнена, дзякуючы агульным намаганням культурны турызм у Беларусі працягне актыўна ісці наперад і прывабліваць у наш край усё больш гасцей, якія, пазнаёміўшыся з Сінявокай, застануцца з добрымі ўражаннямі і ўспамінамі, захочуць сюды вярнуцца.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота аўтара і Уладзіміра ШЛАПАКА