Нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” ўганараваны першы намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра культуры “Віцебск” Андрэй Карпаў. Менавіта яго намаганнямі забяспечваецца правядзенне мерапрыемстваў, якія ладзяцца на канцэртных пляцоўках горада над Дзвіной.

— Андрэй Пятровіч, давайце распачнём нашу гутарку з узнагароды. Наколькі для вас яна чаканая?
— Зусім неспадзяваная. Але вельмі прыемная. Знак называецца “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Упэўнены, кожны дзеяч нашай сферы мае свой унёсак — большы ці меншы. Я ж раблю тое, што ад мяне патрабуецца і што прыносіць задавальненне самому, артыстам і гледачам.

— На пасадзе першага намесніка генеральнага дырэктара вамі праводзіцца вялікая праца па “Славянскім базары”…
— І не толькі. Мая задача і падчас асноўнай дзейнасці, і падчас фестывалю — арганізаваць гастрольныя выступленні калектываў і асобных выканаўцаў. Зразумела, у перыяд “Славянскага базару” колькасць спраў павялічваецца ў разы, бо трэба яшчэ прадумаць праграму, каго запрасіць, каб гэта было цікава для публікі, значна для краіны і выгадна з камерцыйнага боку. І толькі пасля таго, як усе складнікі ўлічаны, займаюся перамовамі з артыстамі, забеспячэннем іх бытавых умоў і тэхнічных райдараў. Гэта тая самая работа, якая застаецца “па-за кадрам”.
— Ці даводзілася сутыкацца з капрызнымі, пераборлівымі артыстамі?
— Гэта маё любімае пытанне, яго вельмі часта задаюць! А яшчэ: што ж там такое страшнае бывае ў райдарах? Я на гэтай пасадзе пяты год і не магу сказаць, што з кімсьці было немагчыма дамовіцца. Так, у кожнага ёсць свае патрабаванні, але ўсё выканальна. Зразумела, незвычайныя запыты здараліся, але не такія, каб маглі паставіць у тупік ці прымушалі адмовіцца ад запрашэння. Напрыклад, некаторыя просяць, каб абавязкова былі прыцемненыя вокны ў гасцініцы. Або каб тапкі справа, халат злева, а фруктовыя нарэзкі — менавіта тут. Розныя бываюць патрабаванні… Але ўсё выканальнае.
— Вы сказалі, што з любым можна дамовіцца. Дзеля гэтага трэба валодаць нейкімі асаблівымі якасцямі?
— Спачатку — не баяцца ўзяць тэлефон і патэлефанаваць. Як паказвае практыка, менавіта з тым, да каго звярнуцца эмацыйна няпроста — “а раптам нешта пойдзе не так?..” — усё праходзіць спакойна і гладка. Смеласць, камунікабельнасць, добразычлівасць — вось тры кіты паспяховых перамоў.
— Вы камунікуеце наўпрост з артыстамі ці з іх даверанымі асобамі?
— Па-рознаму. У асноўным з прадстаўнікамі: менеджарамі, дырэктарамі, адміністра тарамі. Але бывае, артыст сам хоча пагаварыць. Часта ствараем групавую канферэнцыю ў мэсэнджары і пры дапамозе канферэнц-сувязі вырашаем тэхнічныя ці арганізацыйныя пытанні.
— А што робіце ў міжфестывальны час?
— У нашым Цэнтры некалькі пляцовак. Гэта канцэртная зала Віцебска на 1000 чалавек, круглая зала на 200 і малая зала на 100 месцаў, якую сёлета адкрылі пасля рамонту. Таму бывае, што мерапрыемствы ідуць адначасова на трох сцэнах. Плюс летні амфітэатр, дзе ў міжсезонне таксама праводзім мерапрыемствы. Калі якая-небудзь установа хоча выкарыстаць для свайго свята нашу пляцоўку, замова адразу трапляе да мяне. Гляджу план: ці свабодная пажаданая заказчыкам дата, якога фармату імпрэза, якую просяць залу… Пасля ўдакладнення ўсіх нюансаў назначаем адказнага і пачынаем працаваць.
— Бывалі выпадкі, калі даводзілася адмаўляць?
— Так, у асноўным з прычыны вялікай загружанасці залаў. Але, калі прапанова цікавая, імкнёмся браць. Апошнім часам такіх багата. Адкрываю план — няма куды ўставіць. Зараз на кожны месяц прыпадае каля васьмі гастрольных мерапрыемстваў, што для Віцебска вельмі шмат. Заўсёды просім прома і спачатку глядзім, наколькі гэта пасуе. Іншымі словамі, мы — за якасць!
— Як вызначаеце: цікава — нецікава? Тут жа можа быць суб’ектыўны погляд.
— Вядома. Глядзім я, генеральны дырэктар. Калі меркаванні сыходзяцца, то добра. Аднак ёсць калектывы, якіх я магу не ведаць, але іх любіць моладзь. Тады далучаем да абмеркавання маладых супрацоўнікаў. Яны гавораць: гэта крута, класна, трэба запрашаць. Рашэнне прымаем калегіяльна.
— А чым яшчэ займаецеся?
— У зоне маёй адказнасці таксама арганізацыйныя пытанні па ўстанове. Курырую дзейнасць летняга амфітэатра. Я працаваў там загадчыкам два гады — ведаю “кухню”. Ды і ўсё, што тычыцца работы Цэнтра, так ці інакш праходзіць праз мае рукі: праца калектываў, адміністратараў, тэхперсаналу, гардэробшчыкаў...
Атрыманне гастрольных пасведчанняў, заключэнне дагавораў, рэклама, сустрэча артыстаў, размяшчэнне іх у грымёрках, выкананне райдараў, клопат аб камфорце іх і гледачоў…
Адным словам, суправаджаем гасцей на ўсіх этапах. А пасля канцэрта праводзім і чакаем зноў — з новымі праграмамі і новымі эмоцыямі, але з нязменнай любоўю да Віцебска і ўсёй нашай Беларусі.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва героя