Ганна Клімовіч — народны майстар Беларусі, стваральніца трох тысяч пісанак, захавальніца старажытнай мовы, на якой звярталіся нашы продкі да Усявышняга.

ВЁЎ РОД
Ганна нарадзілася ў сям’і, дзе заўсёды гучалі мелодыі: яе мама была музыкантам. У чатыры гады дзяўчынка сама села за фартэпіяна. У юнацтве рыхтавалася паступаць у кансерваторыю — трэніравалася па восем гадзін у дзень. А потым рука проста перастала слухацца. “Перайграла”, — прафесійны прысуд.
У душы засталася варонка: куды падзець тую сілу, якая рвалася праз клавішы? Дзяўчына не ведала тады, што адказ прыйдзе праз час — у выглядзе меднага пісачка, перададзенага знаёмай з Расіі.
— Год ён праляжаў без справы. Я думала: дзіўны інструмент, — успамінае Ганна, — але аднойчы ўнутраны голас запытаў: “Для чаго гэта трэба?” І я раптам растапіла воск, сама не ведаючы як, напісала першае яйка. За ім — другое. Дзіўныя ўзоры ўразілі. У мяне як быццам адкрылася даўняя памяць. З самага пачатку мяне вёў род. Значна пазней даведалася, што ў нашай сям’і па лініі бабулі сапраўды калісьці стваралі пісанкі.

Гэтую з’яву майстар называе “духоўным культурным кодам”, які ўсплывае з падсвядомасці, калі чалавек гатовы да сумленнага дыялогу з сабой. Цяпер Ганна — захавальніца дзвюх тэхнік: строгай геаметрыі “леечкай” і больш старажытнай, “тычковай”, якая з’яўляецца нашай нацыянальнай беларускай традыцыяй роспісу яек
АД РАМЯСТВА ДА МАСТАЦТВА
З васямнаццаці гадоў Ганна захаплялася чараўніцтвам старажытных арнаментаў. Шукала кнігі, распытвала бабуль у вёсках, узіралася ў ручнікі. Гэта было не проста хобі, а нейкае асаблівае прыцягненне.

— Я бачыла не толькі прыгажосць, — тлумачыць яна. — Разумела: за гэтым нешта ідзе. Нейкая сакральная размова. Калі б раней сказалі, што буду ствараць пісанкі, не паверыла б. Гэта занадта вузкі кірунак, але ён сам выбраў мяне.
Першыя гады Ганна пісала моўчкі. Для сябе. Па начах, у кожную свабодную хвіліну. Сотні яек запоўнілі дом.
Аднойчы дачка прапанавала паказаць вырабы людзям, што і стала пераломным момантам. Спачатку сябры, потым знаёмыя знаёмых прасілі навучыць.
— Цяпер у мяне больш за 25 вучняў, — распавядае жанчына. — Яны сапраўдныя майстры, якія ўжо самі перадаюць традыцыю і цудоўна распісваюць яйкі. Таксама ў мяне ёсць свой навучальны курс “Сакральныя коды пісанкі”, дзе сабрана ўсё: веды ад беларускіх захавальнікаў, свае радавыя карані, усё, што даследавала гадамі.

Сёння яе паслядоўнікі распаўсюджваюць пісанку ў розных кутках свету.
— Яны нясуць традыцыю далей па планеце, — з гонарам кажа творца. — І гэта самае галоўнае. Рамяство жыве, пакуль яго перадаюць.
НЕ ТОЛЬКІ РОСПІС
Для Ганны Клімовіч гэта рытуал. — Ніколі не пішу ў дрэнным настроі, — прызнаецца майстар. — Толькі ў спакоі і цішыні. У спадніцы. Пры запаленай свечцы і са святлом у душы. Гэта нават не зусім творчасць, гэта малітва.
Па словах рукадзельніцы, у старажытнасці жанчына перад пісаннем уваходзіла ў “ман” — дабратворны стан, апранала вышыванае адзенне, малілася. Нярэдка садзіліся ўвечар Чыстага чацвярга усім родам, маці з дзецьмі. Запальвалі свечку — і пачыналася таінства.

Кожны сімвал меў сваё значэнне: ромб — знак зямлі і берагіні, кропка — насенне, зорка — Сонца і нараджэнне новага жыцця. Калі проста малюеш нешта, не ведаючы законаў, — гэта як размалёўка. А пісанка — алгарытм, код, пасланне Творцу.
— Мая аўтарская калекцыя “Па матывах беларускіх арнаментаў” напіcана па ўсіх правілах абрадавага роспісу, гэта вельмі натхняльная размова з продкамі, — кажа Ганна.
ЗНАКІ ЖЫЦЦЯ
Чатыры гады таму разам з народным майстрам Вольгай Хачковай Ганна Клімовіч арганізавала першую ў Беларусі спецыялізаваную выставу пісанкі. Сёння “Знакі жыцця” — гэта брэнд, які вандруе па краіне. Экспазіцыя ўключае каля 500 экспанатаў: не толькі класічныя васковыя вырабы, але і яйкі з гліны, саломы, лазы. Трыпціх “Радзіма мая. Тут род мой, тут мае карані” — два буслы як сімвал Беларусі і радавое дрэва пасярэдзіне — прысвечаны малой радзіме творцы на Бярозаўшчыне, дзе прайшло яе дзяцінства.

— Гэтую і іншыя працы ўжо паказалі ў шасці музеях. Сёлета выстава ўпершыню прайшла ў Мінску ў доме-музеі Якуба Коласа. Дзве залы, поўныя старажытнага рамяства! Гэта цэлая экспазіцыя пісанак, зробленых у розных тэхніках: пісачком, леечкай і цвічком, траўленнем па карычневых яйках, — а таксама калекцыі са старажытнай сімволікай: Птушкі, Карагоды, Дрэва жыцця. Яшчэ яйкі з саломы, пруткоў, керамікі. Мы нават аднавілі арнаменты XІX—XX стагоддзяў паводле старажытных узораў.
СІЛА ЎЗОРУ
— Калі саджаю агарод, абавязкова раблю пісанку на ўраджай. Каб морква, буракі ўрадзілі. Каб дождж своечасова прыйшоў. Я працую і на сырым яйку, — распавядае Ганна. — Яно сімвалізуе жыццё і адгукаецца на тое, што на яго наносяць.

Раней пісанку трымалі ў чырвоным куце, як абярэг. Значна пазней для выстаў сталі рабіць “выдуткі” — выдзімаць змесціва, каб яйка не сапсавалася.
— Я заўсёды загадваю жаданне. Самае простае: здароўе, шчасце родных і дзяцей. Дару пісанкі сябрам — на дарогу, на дабрабыт. І калі мяне просяць зрабіць на каханне, пішу васьміканцовую зорку, сімвал сонца і жыцця.
Адзін выпадак рамесніца запомніла назаўжды:
— Зрабіла сабе абярэг у паездку. У дарозе захварэла, а вярнуўшыся дадому, убачыла, што пісанка... заплакала. Як быццам узяла хваробу на сябе. Так яна гарманізуе прастору, — упэўнена Ганна. — Гэта жывое пасланне.

НАША СПРАДВЕЧНАЕ
Нядаўна Ганне Клімовіч прысвоілі званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. Яна не хавае гонару, але падкрэслівае:
— Гэта сур’ёзна. Ты павінен адказваць за свае словы. Рабіць так, каб было годна на нашай зямлі.
Сёння галоўная навуковая цікавасць майстра — даследаванне родных беларускіх пісанак, аднаўленне страчаных арнаментаў. У руках Ганны — хрэстаматыя Кульжынскага, дзе сабрана 311 узораў Гродзенскай губерні XІX—XX стагоддзяў.
— Гэтыя пісанкі вельмі лаканічныя, выразныя, характэрныя менавіта для нашай прасторы. Я хачу напісаць як мага больш з іх. Ужо рэалізавала 50.

Рамесніца прызнаецца: гэта больш складана, чым здаецца. У прастаце старажытнага знака ўтоена глыбокая мудрасць, якую сучасны чалавек згубіў. Нашы продкі “загаворвалі” пісанку нават на дождж. І ведалі: гэтая мова працуе.
На пытанне аб планах Ганна адказвае з лёгкай усмешкай чалавека, які знайшоў сваё месца ў свеце:
— Яшчэ шмат калекцый па старажытных узорах. І вядома — працягваць традыцыю. Пісанка перажыла стагоддзі. Яна будзе актуальнай заўсёды. Бо продкі перадалі ў гэтых узорах важнае: як дакранацца да сваіх каранёў, як пачувацца чалавекам сваёй зямлі.

Так, Ганна Клімовіч не стала піяністкай, але стала голасам старажытнага рамяства. І, магчыма, гэта той самы шлях, які быў ёй наканаваны лёсам.
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва гераіні