Праект “Шчасцю – быць!”, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Натана Воранава, прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Натан Майсеевіч нарадзіўся ў 1916 годзе ў Магілёве ў сям’і жывапісца, які выкладаў у мясцовай мастацкай школе. Гэта, відавочна, паўплывала на прафесійны выбар дзіцяці. У 1935-м юнак скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе яго настаўнікамі сталі Іван Ахрэмчык і Фёдар Фогт.
Затым у ліку найлепшых студэнтаў быў накіраваны ў Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна, дзе вучыўся ў Аляксандра Асьмёркіна і Сямёна Абугава. Да таго перыяду адносіцца самы ранні з твораў Натана Воранава, які можна пабачыць у экспазіцыі, — партрэт “У цені”, напісаны ў 1939-м.
А праз два гады з поспехам прайшла першая персанальная выстава Натана Майсеевіча. Да атрымання дыплома быў яшчэ год, і ўлетку хлопец мусіў ехаць на мастацкую практыку ў Карпаты. Невядома, як гэта паўплывала б на яго далейшы лёс, але планы зблытала Вялікая Айчынная.
Вайна заспела маладога жывапісца на канікулах, калі той гасцяваў у бацькоў у Магілёве. Нягледзячы на тое, што студэнты мелі права заставацца ў Ленінградзе да завяршэння вучобы, Натан Воранаў прыняў іншае рашэнне. Пасля кароткай падрыхтоўкі ў 3-м артылерыйскім вучылішчы ў Кастраме ён добраахвотнікам пайшоў на фронт.
З ЦЕМРЫ ДА СВЯТЛА
У 1941—1942 гадах мастак камандаваў батарэяй 45-міліметровых супрацьтанкавых пушак на Паўднёва-Заходнім фронце, пазней узначальваў узвод разведкі 77-га артылерыйскага палка 248-й стралковай дывізіі на 4-м Украінскім фронце, быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені.
Не забываў і пра любімую справу — працягваў рабіць графічныя замалёўкі, адлюстроўваючы аднапалчан і мясціны, дзе змагаўся з ворагам.
У гэтую пару ледзь не здарылася трагедыя: пасля ранення ў лютым 1945-га малады афіцэр на некаторы час страціў зрок. Іншым разам асколак міны прайшоў за міліметр ад сэрца, але Натану Воранаву пашчасціла выжыць і захаваць талент. Ледзь не згубіўшы галоўны рабочы і творчы інструмент, ён пачне яшчэ больш цаніць здольнасць пісаць, прыгажосць навакольнага свету, яркасць колераў.

АДНАЎЛЕННЕ І РОСКВІТ
Натан Майсеевіч дэмабілізаваўся ў 1946-м і праз два гады паспяхова скончыў навучанне, падрыхтаваўшы дыпломную кампазіцыю “Рэйд Каўпака”. Карціна дэманстравалася на Усесаюзнай выставе ў Маскве, прысвечанай 30-годдзю УЛКСМ, і была ўдастоена трэцяй прэміі.
Пераехаўшы ў Мінск, з 1966-га і да канца жыцця аўтар выкладаў на кафедры малюнка і жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, у 1963—1965-м выконваў абавязкі старшыні Саюза мастакоў БССР. У гэты перыяд стварыў шэраг палотнаў, у якіх адлюстраваў краявіды нашай сталіцы, што імкліва аднаўлялася пасля ваенных разбурэнняў.
У экспазіцыі паказаны характэрны пейзаж, напісаны адразу ж пасля прыезду Натана Майсеевіча ў Мінск, — від з балкона ўздоўж Інтэрнацыянальнай вуліцы, ад скрыжавання з Камсамольскай у бок плошчы Свабоды. На карціне — нязвыклы гістарычны цэнтр са старой забудовай, малапавярховымі драўлянымі дамкамі.
Узняты з руін горад стаў для Натана Воранава сапраўды родным. Тут ён правёў рэшту жыцця і дасягнуў росквіту. Памёр майстар у 1978 годзе. Пахаваны на сталічных Паўночных могілках.

НАЙЛЕПШЫЯ ЛЮДЗІ
Працуючы па канонах сацыялістычнага рэалізму, аўтар, тым не менш, таксама пераасэнсоўваў спадчыну імпрэсіянізму, што надавала яго палотнам выразную індывідуальнасць. Жывапісец стварыў нямала карцін на гісторыка-рэвалюцыйную і ваенную тэмы, партрэты, індустрыяльныя і лірычныя пейзажы, нацюрморты.
На выставе сярод выяў сучаснікаў Натана Воранава — вобразы мастака Антона Бархаткова, заслужаных артыстаў БССР Тамары Пастунінай і Яўгена Рамановіча, а таксама выбітных рабочых, ветэранаў працы.
Як і многія айчынныя майстры, на пачатку 1960-х Натан Майсеевіч ездзіў па новабудоўлях рэспублікі, адлюстроўваючы на палотнах атмасферу эпохі і змяненне абліччаў гарадоў, умовы побыту, штодзённасць людзей.
Агулам у рамках праекта “Шчасцю — быць!” прадстаўлена каля паўсотні жывапісных работ, намаляваных у 1950—1970 гадах. Карціны паходзяць з калекцый музея і Беларускага саюза мастакоў, са збору сям’і Натана Воранава.

Выстава працягнецца да 20 красавіка.
Антон РУДАК