Безліч уражанняў і дзевяць медалёў

Першыя маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва абярнуліся сапраўдным трыумфам для беларускіх канкурсантаў. З якімі эмоцыямі і думкамі яны вярнуліся з творчай вандроўкі? Што кажуць пра свой поспех і здабыты вопыт?

 

Маштабнае спаборніцтва, якое разгарнулася з 23 па 28 сакавіка ў Бішкеку, аб’яднала юных талентаў з дзевяці дзяржаў — Беларусі, Індыі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Пакістана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Нашу краіну прадстаўлялі ў шасці намінацыях: фартэпіяна, народныя і эстрадныя спевы, народны танец, выяўленчае мастацтва і мастацкія рамёствы.

Як нагадала кансультант аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Беларусі Наталля Сляпцова, каманда сфарміравалася па выніках адборачнага туру, што прайшоў 14 студзеня ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У выніку маладыя таленты рушылі ў сталіцу Кыргызстана.

— Сустрэлі нас вельмі гасцінна! Арганізацыя мерапрыемства — на высокім узроўні, усё прадумана да дробязяў, — падзялілася ўражаннямі ад паездкі Наталля Генадзьеўна. — Конкурс аб’яднаў больш за 600 яркіх і моцных танцораў, спевакоў, інструменталістаў, мастакоў. Дадому вярнуліся з выбітнымі вынікамі: дзевяць медалёў — тры залатыя, срэбраныя і бронзавыя — заваявалі навучэнцы розных устаноў адукацыі ў сферы культуры. Дасягненні нашай моладзі — неверагодны поспех і сведчанне выдатнай пад­рыхтоўкі!

 

Сярод прызёраў, якія атрымалі срэбра, — ансамбль народнага танца “Крокi” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

— У Бішкеку для нас зладзілі насычаную культурную праграму. Экскурсіі па мясцовых славутасцях праводзілі валанцёры, якія з вялікай увагай ставіліся да нашых індывідуальных запытаў, — распавяла кіраўніца калектыву Таццяна Шчучко. — Спаборніцтва ж уразіла яркасцю і размахам. Да яго далучылася шмат талентаў з розных куткоў свету!

Шлях да перамогі, па словах Таццяны Мікалаеўны, пралягаў праз два туры. Рэпертуар уключаў энергічную і каларытную нацыянальную польку “Расхадуха”, спакойны, лірычны танец “Спеў дубраў” і яскравую пастаноўку “Бульбашы”, што добра раскрывае нашую самабытнасць.

— Ёсць адчувальны кантраст паміж традыцыйнымі культурамі Кыргызстана і Беларусі, таму зносіны атрымліваюцца такімі цікавымі і плённымі, — адзначыла кіраўніца. — “Крокі” сустрэлі з вялікім захапленнем: тамтэйшы глядач глыбока адчувае ўнікальнасць нашай спадчыны.

У ходзе конкурсу ансамбль пазнаёміўся з творчасцю мноства разнапланавых выбітных калектываў. Але былі на гульнях і тыя, каго даўно ведалі завочна.

— Расію ў намінацыі “народны танец” прадстаўлялі “Сібірскія ўзоры”, за якімі назіраем у Instagram. Падчас спаборніцтва ўдалося паразмаўляць з удзельнікамі і кіраўніком. Неверагодна прыемныя і таленавітыя людзі! — расказала Таццяна Мікалаеўна. — Зблізіліся і пасябравалі з артыстамі з Кітая. Запомніліся каманды з Індыі, Казахстана і Пакістана. Атмасфера была вельмі натхняльнай, добрай і прыязнай! Кожны імкнуўся паказаць сябе з лепшага боку і максімальна раскрыць свой патэнцыял. Гэта выдатны вопыт — убачыць столькі культур, пагрузіцца ў багатыя традыцыі іншых народаў, адчуць асаблівасці камунікацыі людзей з розных куткоў свету! Такія паездкі — неацэнныя для развіцця маладых танцораў.

Сярод шляхоў, якія адкрывае перад калектывам перамога, — выхад на новыя буйныя канцэртныя пляцоўкі Беларусі і замежжа, а таксама магчымасць прыдбаць прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

— У нас, дарэчы, ужо ёсць дзве стыпендыі, прысуджаныя ў 2023-м і 2024-м. Спадзяёмся — і трэці год запар адзначыцца гэтай высокай узнагародай! — падзялілася думкамі Таццяна Шчучко.

 Другі — залаты — медаль каледжу прынесла навучэнка другога курсу Сафія Рустамава, якая выступала ў намінацыі “эстрадныя спевы”.

Сафія Рустамава

— У гульнях удзельнічала ўпершыню! А наогул з буйнымі пляцоўкамі знаёмая не па чутках. За плячыма — XXI Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск”, дзе ўзяла прэмію I ступені, гран-пры Рэспубліканскага творчага конкурсу “Вытокi”, — распавяла выканаўца. — Што да Бішкеку, прадставіла дзве песні на беларускай мове — “Каляровыя фарбы”, напісаную заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Валерыем Шматам, і кампазіцыю з рэпертуару заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай “Акрыляй”. Прагучаў таксама твор “A Change Is Gonna Come” — джазавы стандарт, толькі ў больш сучаснай апрацоўцы.

Бронзу ў гэтай жа намінацыі заваявала студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ангеліна Самалётава.

Ангеліна Самалётава

Срэбра камандзе прынесла Вікторыя Зайчанка, якая спаборнічала ў напрамку “народныя спевы”.

Вікторыя Зайчанка

— Паездка выдалася цудоўнай! Упершыню пабывала ў Кыргызстане і ўбачыла горы! Іх веліч імгненна зачаравала, а добрае сонечнае надвор’е задавала станоўчы настрой, — распавяла пераможца. — Ладзілася шмат цікавага: урачыстае адкрыццё ў Нацыянальнай філармоніі імя Т. Сатылганава, экскурсіі, гала-канцэрт у Кыргызскім нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета імя Абдыласа Малдыбаева, падчас якога выканала “Бацькаўшчыну”. Неверагодна ўдзячная за незабыўныя ўражанні і такую моцную падтрымку маладых артыстаў Беларусі!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіваў гераінь