Вышэйшы бал на нацыянальным адборы да “Славянскага базару ў Віцебску” займела выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Кузняцова. Цяпер перад маладой артысткай стаіць вялікая і адказная задача — годна прадставіць Беларусь на XXXV Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”.

Маштабнае творчае спаборніцтва з году ў год праводзіцца ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Да нацыянальнага адбору далучаюцца таленавітыя спевакі з усіх куткоў Беларусі, а ў фінал праходзяць самыя моцныя і яркія.
— Алена, гэта першая спроба патрапіць на “Славянскі базар”?
— Так! Хаця педагог, Таццяна Мікалаеўна Дробышава, на працягу ўсяго майго навучання ва ўніверсітэце падштурхоўвала да ўдзелу ў адборы. Але кожны раз нешта спыняла: ці то бытавыя клопаты, ці то няўпэўненасць у рэпертуары. Сёлета ж нарэшце паверыла ўнутранаму голасу і неадольнаму жаданню выйсці на сцэну Маладзёжнага тэатра эстрады, дзе ладзіліся праслухоўванні. І праграма атрымалася такой яскравай, тэхнічна складанай і шматграннай. Менавіта тое, што хацелася ўвасобіць!
— З якімі творамі скарылі сэрцы суддзяў?
— Першая кампазіцыя — мэшап рускай народнай песні “Стороною дождь” і хіта “Колыбельная” Паліны Гагарынай, другая — “Mamma Knows Best” Джэсі Джэй. Раней іх, дарэчы, ніколі не выконвала. Доўга прадумвала форму падачы, што ўкладзецца ў хронаметражныя рамкі, і аранжыроўкі, каб правільна пабудаваць драматургію і расставіць кульмінацыйныя акцэнты.
— Распавядзіце, калі ласка, пра вашы сцэнічныя вобразы.
— У аснову ляглі мае ўласныя ідэі і задумы. Касцюм для другога туру пашылі разам з дызайнерамі з роднай Віцебскай вобласці. А ў першым, шчыра кажучы, марыла пра іншую канцэпцыю. Абавязкова ўвасоблю яе ў ліпені!

— Як мяняліся пачуцці па меры вашага набліжэння да фіналу?
— Паступова нарастала хваляванне. На рэпетыцыях усё ж прывыкаеш да пэўнай атмасферы, тэхнікі, а на конкурсе чакае незнаёмая сцэна і столькі моцных сапернікаў… І ўсё роўна ўнутры было неяк ціха і добра, бо ведала: знаходжуся на сваім месцы.
— Калі прыйшло разуменне, што зможаце ўзяць верх?
— У першым туры атрымала максімальную адзнаку сярод удзельнікаў. Гэта зарадзіла перад другой песняй! Хацелася выступіць яшчэ ярчэй, каб канчаткова пераканаць журы: я вартая перамогі. І зноў дасягнула высокага выніку, набраўшы амаль столькі ж балаў!
— Нарэшце вам уручылі запаветны дыплом... Ваш стан у гэты момант?
— Статуэтка ў руках — і адразу пытанне ў галаве: “Што рабіць далей?” І хутка яно трансфармавалася ў выразную і натхняльную мэту, а эйфарыя перамогі — у спакой і ўпэўненасць. Дакладны план падрыхтоўкі ўжо гатовы! Вакал, сцэнічны вобраз, акцёрскае майстэрства — усё ўлічана.
— Што для вас значыць гэты жыццёвы этап?
— Прайсці адбор на такі грандыёзны і знакаміты форум — сур’ёзная адказнасць і вялізны крок у кар’еры, пад’ём на высокую прыступку. Наогул, са “Славянскім базарам” мяне звязваюць асаблівыя пачуцці! З маленства наведвала яго, бо нарадзілася і вырасла ў Наваполацку. Вельмі цёплыя ўспаміны! І менавіта сёлета, калі фестываль святкуе юбілей, мне спаўняецца 25… Таксама ў ліпені! Неверагодна прыгожае і сімвалічнае супадзенне.
— На шляху да “Віцебска-2026” вы пабывалі на розных конкурсных і фестывальных пляцоўках Беларусі і замежжа. Якія праекты найбольш паўплывалі на творчае станаўленне?
— У студэнцкія гады — Шаснаццатыя маладзёжныя Дэльфійскія гульні краін СНД, што праходзілі ў 2022-м у Душанбэ. Перамога ў спаборніцтве прынесла нагрудны знак спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і Падзяку міністра культуры Рэспублікі Беларусь! Неацэнны вопыт прыдбала і падчас выступленняў у якасці ўдзельніцы вакальнага гурта “Статус”.
Двойчы ездзіла ў Кітай — гэта таксама магутны штуршок да развіцця. Спачатку спявала сольна — у рамках міжнароднай праграмы культурнага абмену выконвала нацыянальныя творы ў розных правінцыях. Другі раз — у складзе афіцыйнай дэлегацыі на Днях беларускай культуры ў Пекінскім універсітэце.

— Не так шмат часу засталося да “Славянскага базару”. Чым пацешыце нас у ліпені?
— Пакуль пытанне адкрытае... Распрацаваная праграма — яркая, са шчырым пасылам, віртуозная і вельмі цікавая тэматычна. Гэта моцны і якасны вакальны прадукт. Калі спынімся на цяперашнім рэпертуары, адбудзецца невялікае ператварэнне — пераасэнсуем аранжыроўкі і, магчыма, прыўнясём нацыянальны каларыт. Хочацца максімальна яскрава прадставіць Беларусь! На эмацыйным узроўні ўжо гатова да конкурсу, адчуваю сябе сабранай. Я павінна годна справіцца з ускладзенай на мяне місіяй і апраўдаць чаканні тых, хто дапамог дасягнуць высокіх вынікаў.
— Якія яшчэ праекты вас захапляюць? Падзяліцеся, калі ласка, творчымі планамі.

— Цяпер усе думкі пра Віцебск! Сілы для новых ідэй і здзяйсненняў абавязкова з’явяцца, але пасля фестывалю. Сёння музычны свет такі вялізны, столькі магчымасцей, выдатных пляцовак! Маладыя артысты праяўляюць сябе ў розных сферах і напрамках. Буду, як заўсёды, слухаць сэрца, унутраны голас. Давяраю жыццёвай плыні і ведаю, што ўсё прыйдзе ў свой час!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні