Работа рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” заваявала спецыяльны прыз у чэленджы (відэаконкурсе)“Беларуская якасць — традыцыі, працавітасць, тэхналогіі”.

Узнагароду дырэктару РВУ «Культура і мастацтва» Наталлі Кузняцовай
уручыў старшыня агульнага сходу акцыянераў ЗАТ "Патио" Андрэй Балабін.
Справа — старшыня Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова
МАШТАБНЫ ПРАЕКТ
Арганізатарам творчага спаборніцтва, прымеркаванага да пяцігодкі якасці, выступіў Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў адбылася 24 сакавіка ў канферэнц-зале БелДІСС.
Конкурс аб’яднаў флагманаў прамысловасці, установы аховы здароўя, адукацыі, культуры і іншых сфер, сродкі масавай інфармацыі. З 276 заявак строгі адбор прайшлі 260 работ, якія і былі прадстаўлены на суд грамадскасці і журы ў афіцыйным тэлеграм-канале арганізатара.
Вітаючы фіналістаў, старшыня Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова адзначыла:
— Галоўная мэта праекта — паказаць шматграннасць паняцця “якасць”: гэта не толькі характарыстыкі прадукцыі, але і ўсё, што нас акружае. Падобныя ініцыятывы выхоўваюць усвядомленае стаўленне да сваёй працы і дазваляюць прызнаць заслугі кожнага.
Паводле слоў Алены Маргуновай, членам конкурснай камісіі, у якую ўваходзілі прадстаўнікі міністэрстваў, грамадскіх арганізацый, бізнес-саюзаў і іншыя спецыялісты, выбраць найлепшых было няпроста: узровень крэатыўнасці ўдзельнікаў аказаўся па-сапраўднаму высокім.

Работы канкурсантаў атрымалі высокую ацэнку
КАМАНДНЫ ВЫНІК
Наша рэдакцыя вызначылася ў намінацыі “Адлюстраванне якасці ў культуры і мастацтве”.

Падчас здымак
Пра тое, як ствараўся ролік-пераможца, расказала дырэктар установы Наталля Кузняцова:
— Гэта вынік вялікай каманднай працы. Адразу пасля аб’яўлення чэленджу мы стварылі “творчую лабараторыю”, дзе выпрацоўвалі канцэпцыю. Ідэя аформілася хутка: імкнуліся паказаць, з якіх элементаў складаецца якасць у духоўнай сферы.

Падчас здымак
Геаграфія здымачных пляцовак была шырокай: стаяла задача адлюстраваць розныя кірункі працы работнікаў сферы. Мы ўдзячны ўсім установам культуры, якія адгукнуліся на прапанову і дапамаглі з арганізацыяй працэсу: Вялікаму тэатру Беларусі, Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Маладзёжнаму беларуска-расійскаму сімфанічнаму аркестру, Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту культуры і мастацтваў, Лагойскаму раённаму Дому рамёстваў. Менавіта гэтае партнёрства дазволіла стварыць глыбокі і эстэтычны відэашэраг.
ВЫБАР ГЛЕДАЧОЎ
Адмысловай узнагародай для рэдакцыі стала падтрымка інтэрнэт-аўдыторыі. Дзякуючы актыўнасці тысяч падпісчыкаў работа нашай установы ўвайшла ў топ-3 у намінацыі “Выбар падпісчыкаў”.

Падчас здымак
— Ад душы дзякуем кожнаму, хто аддаў свой голас падчас правядзення народнага галасавання, за добрае стаўленне і веру ў нас, — сказала Наталля Кузняцова.
Спецпрыз ад генеральнага спонсара чэленджу (ЗАТ “Патио”) — ноўтбук — стане важным сродкам у далейшай рабоце рэдакцыі па папулярызацыі беларускай якасці — праз праекты і артыкулы ў газеце “Культура” і часопісе “Мастацтва”, а таксама па прасоўванні нацыянальных культурных і духоўных каштоўнасцей у інтэрнэт-прасторы.
Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота аўтара і Уладзіміра ШЛАПАКА