Прыхільнікі Мельпамены ніколі не абмінуць увагай 27 сакавіка — Міжнародны дзень тэатра. Да гэтай даты рыхтуюцца прэм’еры, фестывалі, спецыяльныя праграмы, выбітныя праекты. Як сёлета адзначылі свята нашы творчыя калектывы? З такім пытаннем мы накіраваліся ў Слонім, Пінск, Мазыр. І даведаліся, што тэатральнае жыццё там віруе не горш за сталічнае.

“Пан Твардоўскі”
РОДНАЕ. НАЧНОЕ
— Наша свята, — расказаў дырэктар Слонімскага драматычнага тэатра Аляксей Ткачоў, — мы сустрэлі адметным праектам “Ноч у тэатры”. Праграма прыпала на пятніцу, таму праводзілі яе пад слоганам “Роднае. Сваё!”. Заявілі дрэс-код для наведвальнікаў — беларускае народнае адзенне, касцюмы з традыцыйным арнаментам, нацыянальным каларытам. Ды і сама “Ноч”, што пачыналася а 19-й гадзіне, утрымлівала яркі беларускі пасыл.
Тут і выстава “Жывая ніць традыцый”, што была падрыхтавана раённым цэнтрам культуры і дэманстравала вырабы народных майстроў і рамеснікаў. І гастрафэст, у час якога можна было прадэгуставаць прадукцыю вядучых прадпрыемстваў Слонімшчыны. І канцэрт школы мастацтваў “Гучаць цымбалы родныя!”, і тэатральны капуснік “Чырвоная шапачка — не такая ўжо і лапачка!”.
А тыя, хто першымі набылі квіткі, патрапілі яшчэ і на экскурсію “Тэатральныя будні”, паўдзельнічалі ў віктарыне “Родныя словы”.

“Паўлінка — New”
Кульмінацыяй вечарыны стала прэм’ера адноўленай купалаўскай класікі: галоўны рэжысёр Васіль Сявец падрыхтаваў спектакль “Паўлінка — New”. Засумаваць не давялося нікому! Завяршаць сезон мы будзем яшчэ адным цікавым праектам, які ладзіцца ўжо ў чацвёрты раз, — “Музычныя вечары на канале Агінскага”.
Праграма “Любіце, пакуль любіцца” па традыцыі рыхтуецца сумесна з Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам. І пройдзе 10 ліпеня — у Дзень вызвалення Слоніма ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
НА МЯЖЫ “МАСКАРАДУ”
— 27 і 28 сакавіка ў нас адбылася прэм’ера, — падзяліўся радасцю Рыгор Сітнік, дырэктар Мазырскага драматычнага тэатра імя І.Мележа. — Наша Святлана Джэліева прапанавала сваю версію лермантаўскага “Маскараду”. Спектакль атрымаў нечаканае жанравае азначэнне — “драма на мяжы сюру”.

“Ладдзя Роспачы”
Дарэчы, год таму тая ж рэжысёр увасобіла “Ладдзю Роспачы” Уладзіміра Караткевіча, назваўшы яе “містычным рэалізмам”. Да зімовых святаў выйшла яе казка “Аладзін”. Дзякуючы святлодыёднаму экрану, там узнікалі сапраўдныя чараўніцтвы, герой лётаў на дыване.
У пастаноўцы задзейнічаны не толькі прафесійныя артысты, але і выхаванцы створанай пры тэатры дзіцячай студыі, якой кіруе Любоў Мішота. Яны не ўпершыню выходзяць на нашу сцэну, занятыя і ў іншых спектаклях. Пяцёра навучэнцаў паступілі ў Магілёўскі каледж мастацтваў, адна дзяўчынка — у ВГІК. Аладзінам паўстаў лепшы цяперашні студыец Аляксандр Музычук.
Гледачам прыйшоўся да душы не толькі сам спектакль, але і прымеркаваныя да прэм’еры фотазоны, іншыя цікаўнасці: шацёр Шамаханскай царыцы, майстар-клас па ўсходніх танцах. Увогуле, апошнім часам нельга скардзіцца на глядацкую ўвагу.
Старэйшае пакаленне, моладзь, сем’і з дзецьмі адрываюцца ад бясконцай паўсядзённасці, ад гаджэтаў і прыходзяць у тэатр па эмоцыі, жывыя чалавечыя стасункі. Штуршком для такога буму сталі “Жорсткія гульні”, пастаўленыя гомельскім акцёрам і рэжысёрам Андрэем Шыдлоўскім па ўласнай інсцэніроўцы французскага рамана ХVIII стагоддзя “Небяспечныя сувязі”. З часу прэм’еры мінула паўтара года, а квіткі разлятаюцца імгненна, ледзь толькі з’яўляюцца ў продажы.
Да свята Перамогі адновім спектакль “Я люблю цябе, эскадрылля” паводле кінастужкі “Нябесны ціхаход”.

“Заможныя нявесты”
На Міжнародны фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, што пройдзе ў канцы мая ў Гомелі, мы прапанавалі рускую класіку — “Заможныя нявесты” Аляксандра Астроўскага ў пастаноўцы Рамана Цыркіна. Спектакль атрымаўся вельмі прыгожым, відовішчным, прасякнутым дабрынёй.
Да лета гледачы чакаюць чагосьці лёгкага па ўспрыманні, таму ў чэрвені Юрый Вута паставіць п’есу вядомага расійскага пісьменніка і драматурга Аляксея Слапоўскага “Не такі, як усе”. Толькі пад іншай назвай — “Незвычайны, асаблівы”.
ПІНСКІ ЮБІЛЕЙ
— Сёлета ў нас было падвойнае свята, — распавёў дырэктар і мастацкі кіраўнік Палескага драматычнага тэатра Аляксандр Мікалаевіч Лукашэнка. — Сярод дзяржаўных тэатраў Беларусі наш калектыў — самы малады, 14 сакавіка адзначылі 20 гадоў. Урачысты сход з гэтай нагоды, шанаванне “старажылаў” і нашых лепшых творчых дзеячаў, супрацоўнікаў мы правялі акурат у Міжнародны дзень тэатра. Тая ж Наталля Базан, да прыкладу, працуе ў нас з моманту заснавання.
Зрабілі да юбілею некаторыя падлікі — вынікі папраўдзе ўражваюць. За гэты час мы выпусцілі больш як паўтары сотні спектакляў. Яны былі паказаны каля 6 тысяч разоў, іх наведалі больш як 630 тысяч гледачоў — не толькі на стацыянары, але і на выездах.
Наш калектыў ажно 14 разоў трапляў на гарадскую Дошку гонару, і ў тым ліку цяпер. А яшчэ аднойчы нават мы былі на абласной.

“Пан Твардоўскі”
Таксама мы лаўрэаты Нацыянальнай тэатральнай прэміі 2021 года, уладальнікі “Залатой маскі” Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт-2022” — у абодвух выпадках за “Вія”. Пазалетась на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі “Пан Твардоўскі” быў адзначаны прызам глядацкіх сімпатый. Раней і там, і на Міжнародным тэатральным форуме “Залаты Віцязь” у Маскве перамагала “Пінская шляхта”. А ў 2021-м там жа, у Маскве, галоўны прыз узяло наша “Качынае паляванне”. Безліч дыпломаў атрымлівалі нашы артысты і за лепшы акцёрскі ансамбль, і за лепшыя жаночыя і мужчынскія ролі.
Сапраўды, ёсць чым ганарыцца!
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіваў тэатра