Праграмай “Культурная прастора” на 2026—2030 гады прадугледжана рэстаўрацыя шэрага аб’ектаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей альбо звязаных з нашай сферай. Як ідуць справы? Сёння зазірнём у цэнтральны рэгіён.
Усяго на рэалізацыю праграмы выдаткуюць 2,29 мільярда рублёў. Сродкі на рэстаўрацыю і рэканструкцыю помнікаў гісторыі і культуры будуць выдзяляць як з рэспубліканскага, так і з мясцовых бюджэтаў.
НОВЫ ЛЁС СТАРОГА ПАЛАЦА

Працы ў палацы Патоцкіх у Беразіне
Сядзібны дом Патоцкіх стаіць на ўмацаваным бутавай падпорнай сценкай правым крутым беразе Бярэзіны. Камяніца ўзведзена ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў стылі позняга класіцызму як летняя рэзідэнцыя Ганны Дунінай-Вансовіч. Пазней маёнткам у Беразіне валодалі яе дзеці ад першага шлюбу з графам Аляксандрам Патоцкім. Пасля рэвалюцыйных падзей 1917-га тут адкрылася школа, якая працавала да 1970-х. Таму і сёння для многіх бярэзінцаў гэтае месца — частка біяграфіі альбо гісторыі сям’і. На жаль, у 1980-х будынак быў ператвораны ў склад і паступова прыйшоў у заняпад. Тады ж знікла каменная лесвіца, што спускалася да ракі, а таксама рэшткі сцен графскіх стайняў з чырвонай цэглы.
Дом унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння, але яго лёс доўга заставаўся няпэўным. Нарэшце ў 2024 годзе Мінаблвыканкам прыняў рашэнне аднаўляць сядзібу за кошт бюджэту. Працы распачаліся ў жніўні 2025-га, а завяршыць іх плануюць у 2027-м. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Культурная прастора” на гэтыя мэты выдзелена 5,956 мільёна рублёў.
У выніку будынак займее сучасныя інжынерныя сеткі: водаправод, каналізацыю і электразабеспячэнне. Мяркуецца абаграванне ад электрычнасці. З боку ракі для ўмацавання схілу прадугледжана падпорная сценка на палях, неабходная з-за асаблівасцей грунту.
Адрэстаўраваная сядзіба стане культурным і турыстычным цэнтрам, які будзе распавядаць аб мінулым Беразіна і раёна. Тут чакаюцца выставы, канцэрты і фестывалі. У палацы павінны ладзіцца і краязнаўчыя ўрокі для школьнікаў, лекцыі па гісторыі.
АБАРОНА ВЫБІТНАГА ХРАМА

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы
Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, фундаваны Мікалаем Крыштафам Радзівілам па мянушцы Сіротка, узведзены ў 1587—1593 гадах паводле праекта італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні ў стылі барока. Гэта першы езуіцкі касцёл, а таксама першая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым барочным фасадам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У аснову лягла планіроўка галоўнага храма езуітаў у Рыме.
Рамонт і рэканструкцыі праводзіліся ў гэтай нясвіжскай святыні ў сярэдзіне XVII і на пачатку XVIIІ стагоддзя, пасля Вялікай Айчыннай вайны.
У сутарэнні размешчана фамільная крыпта Радзівілаў, трэцяя ў Еўропе па колькасці пахаваных пасля некропаляў Габсбургаў у Капуцынеркірхе і Бурбонаў у Сен-Дэні. Першае пахаванне ў касцёле Божага Цела датавана 1616-м, апошняе — 1936-м, агулам жа налічваецца 70 саркафагаў.
Рэстаўрацыя ў храме стартавала яшчэ ў 2010 годзе. Апошнім часам тут часткова замянілі кроквы, абнавілі дах званіцы, у крыпце прынялі захады для абароны ад уздзеяння вільгаці. Згодна з праграмай “Культурная прастора”, на працы вылучана 33,916 мільёна рублёў. Аб’ект мяркуюць здаць у 2029-м.
ПАРТАЛ У МІЖВАЕННЫЯ ГАДЫ

Пагранічная застава ў комплексе "Старая мяжа"
Будоўля чакаецца і ў філіяле Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — ваенна-гістарычным комплексе “Старая мяжа” ў Станькаве Дзяржынскага раёна. Гэтае месца расказвае, як узнікла і функцыянавала савецка-польская граніца 1921 года і як узводзіўся Мінскі ўмацаваны раён.

Дот Мінскага ўмацаванага раёна
На сямі гектарах сабраны ўзоры баявой тэхнікі і ўзбраення першай паловы ХХ стагоддзя, Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннага перыяду: танкі, гарматы, тарпеды, міны, авіяцыйныя бомбы ды іншае. У рэканструяванай казарме заставы (1920—1930-я) можна пазнаёміцца з побытам савецкіх памежнікаў, убачыць, як яны бавілі вольны ад службы час, а ў камендатуры — дазнацца мінулае і гераічны баявы шлях 16-га Дзяржынскага пагранатрада.

Паравоз у ваенна-гістарычным комплексе "Старая мяжа"
У адпаведнасці з праграмай “Культурная прастора” на тэрыторыі ўстановы ўзвядуць адміністрацыйны будынак для размяшчэння персаналу і абслугоўвання наведвальнікаў, гараж, створаць стаянку для аўтобусаў і аўтамабіляў гасцей, а таксама пляцоўку з подыумам для агляду паравоза — аднаго з экспанатаў. Працы плануюць скончыць сёлета, на іх выдзелена 250 тысяч рублёў.
Антон РУДАК. Фота з адкрытых крыніц