Галоўнаму дырыжору Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра ўладальніку медаля Францыска Скарыны Віталю Кульбакову прысуджана прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва — за стварэнне канцэртных праграм, якія садзейнічаюць умацаванню сяброўства і ўсебаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.

Урачыстае ўручэнне высокай узнагароды па традыцыі адбудзецца на Міжнародным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску” ў ліпені. А пакуль мы сустрэліся з Віталём Рыгоравічам, каб павіншаваць яго, знаны калектыў і даведацца падрабязнасці праектаў.
Нацыянальны Прэзідэнцкі аркестр Беларусі на чале з Віталём Кульбаковым, як і належыць па статусе, рэгулярна ўдзельнічае ў мерапрыемствах Саюзнай дзяржавы, выступае з сусветнымі зоркамі музычнага мастацтва. І асабліва часта — з вядучымі прадстаўнікамі эстрады суседняй краіны.
Апошнім часам прайшлі два знакавыя канцэрты, што сталі вялікім творчым унёскам у культуру Саюзнай дзяржавы. Гаворка аб сумеснай з Прэзідэнцкім аркестрам Расіі праграме “Гэта наша Перамога!” і ранейшай вечарыне да 150-годдзя рускага класіка Сяргея Рахманінава — сяброўства з калегамі адбываецца яшчэ і па загадзе душы.
— Летась у Дзень Саюзнай дзяржавы на “Славянскім базары ў Віцебску”, — згадвае Віталь Рыгоравіч, — на сцэне Летняга амфітэатра сабраліся адразу два калектывы: наш і расійскі. Яго поўная назва — Прэзідэнцкі аркестр Службы каменданта Маскоўскага Крамля Федэральнай службы аховы Расійскай Федэрацыі. Такое сумеснае выступленне мы планавалі даўно, ды не атрымлівалася па тэрмінах: абодва калектывы заняты ў сваіх краінах. Нарэшце ўсё выйшла.
На падрыхтоўку спатрэбілася чатыры месяцы. Мы вялі перамовы анлайн з рэжысёрам Агатай Мацко, распрацоўвалі канцэпцыю. Канцэрт уключаў некалькі блокаў, але ў цэнтры, безумоўна, апынулася папуры з ваенных песень.
Вызначыліся з колькасцю выканаўцаў, бо адзін толькі расійскі аркестр цалкам — аж 140 чалавек. Музыканты такога сумеснага калектыву пасябравалі, перапісваюцца ў месенджарах, віншуюць адзін аднаго са святамі.
— Вы таксама ў добрых стасунках з дырыжорам Яўгенам Нікіціным — заслужаным артыстам Расіі, палкоўнікам. Здаецца, гэтае сяброўства яшчэ даўнейшае?
— Так, мы з Яўгенам Юр’евічам дзелімся вопытам, пастаянна абменьваемся рэпертуарнымі знаходкамі. Ён неаднойчы запрашаў на Міжнародны ваенна-музычны фестываль “Спаская вежа”, ды пакуль не склалася.
— А што можна было б пераняць у іх — ці, наадварот, вельмі ўразіла расіян у вашым калектыве?
— Чулі выраз “абед па раскладзе”? Гэта менавіта пра расійскі аркестр. Вядома, у абодвух калектывах — бездакорная дысцыпліна. І ў нас, і ў іх вельмі пільна адбіраюць кадры. Але нашы музыканты прызвычаіліся рэпеціраваць, пакуль не атрымаецца. Расійскія ж усе маюць воінскія званні, падпарадкоўваюцца строгаму раскладу. Падчас перапынку — адразу сыходзяць. Мы паглядзелі на гэта і задумаліся: можа, і нам трэба так? Выпрацоўваць падобны рэжым, больш уважліва ставіцца да свайго здароўя.
А расіяне ў адзін голас здзіўляюцца, што ў Беларусі калектыў — такога высокага ўзроўню. І не толькі гэтыя аркестранты, але і ўвогуле ўсе салісты, з якімі даводзілася сустракацца і якія выступаюць з самымі выбітнымі музыкантамі. Бывае, вязуць сюды студыйны запіс на падстрахоўку, а потым дзівяцца: беларусы гэта ўжывую іграюць! Адзін са спевакоў нас так і назваў — найлепшы ў свеце аркестр.
— Прычым — у розных стылях! Маю на ўвазе яшчэ і рускую класіку.
— Вы пра Рахманінава? У першым аддзяленні мы прадстаўлялі яго Другі фартэпіянны канцэрт, пасля антракту — Трэці. Гэтыя два вельмі віртуозныя, складаныя для выканаўцаў творы іграў у адзін вечар хіба Дзяніс Мацуеў. А ў нас саліраваў Аляксандр Данілаў — піяніст Прэзідэнцкага аркестра, які працуе таксама ў філармоніі ды паралельна зноў вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на оперна-сімфанічнага дырыжора. Вось якія маем кадры! Невыпадкова тое выступленне ладзілася двойчы: спачатку ў малой зале Палаца Рэспублікі, потым на адкрытым паветры ў рамках праекта “Класіка ля ратушы”.
— А ці выконваеце беларускую музыку ў Расіі?
— Вядома! З руска-беларускай праграмай выступалі на Днях Мінска ў Маскве, у Доме музыкі, у пасольстве нашай дзяржавы. Народы брацкія, а мова музыкі ўвогуле не мае меж.
Аранжыроўшчык Леў Карпенка пісаў для нас апрацоўкі-фантазіі, дзе чаргаваліся расійскія і беларускія мелодыі, адна незаўважна перацякала ў другую. А на 82-ю гадавіну Сталінградскай бітвы ігралі ў Валгаградскай філармоніі. Там былі святочны сход, узнагароджанне, канцэрт.
З Прэзідэнцкім аркестрам спявалі і беларускія, і расійскія оперныя салісты. Нашу дэлегацыю сустракалі, бы найлепшых сяброў, зладзілі нам экскурсію, шмат усяго паказалі-расказалі.
— Ці завітваеце ў Расію не толькі “па службе”, але і ў адпачынку? На што звяртаеце ўвагу?
— Палац Рэспублікі, падраздзяленнем якога мы з’яўляемся, па лініі прафсаюзаў часта арганізоўвае туры. Ды як трэба выязджаць — у нас праца. Але калі выступалі ў Маскве, завіталі ў Траццякоўскую галерэю. Праўда, усё паглядзелі толькі за тры наведванні ў розны час.
Вельмі люблю Санкт-Пецярбург, бываў там разоў восем, не менш. Штораз — у вялізным захапленні. Але каб усё ўбачыць і атрымаць асалоду, спатрэбіцца, верагодна, некалькі гадоў. Мару на выхадныя ў маі, пасля святаў, звазіць туды на машыне ўсю сям’ю — жонку, дачку і сына.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА