Віртуозны піруэт

Апублiкавана: 23 сакавiка 2026 Стужка Харэаграфія Мінск Конкурсы

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

V Рэспубліканскі конкурс харэаграфічнага мастацтва “Піруэт” прайшоў у Мінску 21—22 сакавіка. Сцэна навучальнага тэатра Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа на два дні ператварылася ў прастору натхнення, творчага пошуку і мастацкіх адкрыццяў.

 

НА МОВЕ РУХАЎ

Юбілейны конкурс, арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, аб’яднаў каля 400 юных выканаўцаў ва ўзросце ад 9 да 19 гадоў з розных куткоў нашай краіны, а таксама гасцей з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Белгарада і Уфы.

— “Піруэт” набірае абароты: пашыраецца геаграфія, павялічваецца колькасць талентаў. Сёлета нават давялося праводзіць конкурс у два дні, — адзначае дырэктар Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Вольга Маркевіч.

Праграма вызначалася жанравай разнастайнасцю — ад народна-сцэнічнага і класічнага танца да сучасных форм. На сцэне было прадстаўлена 110 нумароў, і кожны імкнуўся расказаць сваю гісторыю мовай руху.

— Сімвалічна і тое, што мерапрыемства супала з Днямі расійскай культуры ў Беларусі: калектывы з краіны-пабраціма актыўна адгукнуліся на наша запрашэнне, — дадае Вольга Вікенцьеўна. — Цікавасць з боку расійскіх рэгіёнаў расце: у наступным годзе плануе далучыцца Калінінград. Чакаем і іншых замежных гасцей.

 

РАСКРЫЦЬ ПАТЭНЦЫЯЛ

Майстэрства канкурсантаў ацэньваў сапраўды зорны склад журы, у які ўвайшлі заслужаныя артысты, вядомыя дзеячы мастацтва і лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Старшынёй у намінацыях “Класічны танец” (прафесіяналы), “Класічны танец” (пачаткоўцы) і “Сучасны танец” стаў народны артыст Беларусі Юрый Траян, а намінацыю “Народна-сцэнічны танец” узначаліў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сяргей Пясцехін.

Пры падвядзенні вынікаў улічваўся шырокі спектр крытэрыяў — ад тэхнічнай падрыхтоўкі да мастацкай выразнасці. Цэласнасць вобраза, артыстызм і сцэнічная культура, яркасць індывідуальнага выканальніцкага почырку, дакладнасць стылістыкі, наяўнасць нацыянальных матываў, адпаведнасць пастаноўкі ўзросту ўдзельнікаў — такі комплексны падыход дазваляе найбольш поўна ацаніць творчы патэнцыял маладых артыстаў.

Сёлета, падкрэсліваюць спецыялісты, выпадковых або слабых нумароў не было — усе выступленні падрыхтаваны на высокім узроўні. Акрамя вызначэння лаўрэатаў па асноўных напрамках і ўзроставых падзелах, прысудзілі яшчэ тры спецыяльныя прызы.

 

БОЛЬШ, ЧЫМ СПАБОРНІЦТВА

Адметнай часткай стала шырокая адукацыйная праграма, якая гарманічна дапоўніла конкурсныя выступленні. Асаблівую ўвагу прыцягнуў майстар-клас па асновах класічнага танца ад заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Жанны Лебедзевай. Для юных выканаўцаў гэта рэдкая магчымасць дакрануцца да прафесійнай школы і адчуць патрабаванні высокага ўзроўню.

У межах конкурсу адбыўся і Дзень адкрытых дзвярэй, які сабраў каля 200 абітурыентаў, іх бацькоў і гасцей з розных гарадоў Беларусі і Расіі. Будучыя танцоры змаглі ўбачыць навучальны працэс знутры, наведаць заняткі і бліжэй пазнаёміцца з умовамі харэаграфічнай падрыхтоўкі.

— Калі дзяўчаты і хлопцы прыязджаюць да нас, на ўласныя вочы бачаць балетныя залы, выходзяць на сцэну, знаёмяцца з педагогамі — у многіх з’яўляецца ўсвядомлены выбар, — тлумачыць дырэктар. — Бацькі цікавяцца ўмовамі паступлення, наведваюць інтэрнат, бачаць, як будуць жыць іх дзеці. І вельмі часта пасля гэтага прымаецца рашэнне паступаць у нашу ўстанову. Менавіта тут мара пра танец набывае выразныя абрысы і становіцца прызваннем.

Штодзённая праца, настойлівасць і падтрымка педагогаў нараджаюць майстэрства. Такія фестывалі яднаюць намаганні навучэнцаў і настаўнікаў, адкрываюць новыя імёны і задаюць кірунак развіцця. З году ў год “Піруэт” пацвярджае сваю ролю важнай творчай пляцоўкі, дзе фарміруецца будучыня нацыянальнай сцэны і мацнеюць культурныя сувязі. Гэта больш, чым спаборніцтва. Гэта крыніца натхнення, дзе кожны ўдзельнік атрымлівае магчымасць заявіць пра сябе і зрабіць крок наперад — у вялікі свет харэаграфіі.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гімназіі-каледжа