Плённа і насычана

Апублiкавана: 24 сакавiка 2026 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Займальныя фестывальныя паказы, творчыя сустрэчы і пазнавальная нацыянальная прэм'ера — самыя яркія кінападзеі мінулага тыдня.

 

Форум расійскага кіно “Беларусь 2026” разгарнуўся з 18 па 22 сакавіка ў рамках Дзён культуры Расіі ў Беларусі. Арганізавала яго кампанія “Раскіно” пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, іншых арганізацый і ведамстваў дзвюх краін.

 

АКТЫЎНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕЯННЕ

Цырымонія адкрыцця праходзіла ў сталічным кінатэатры “Масква”.

Як адзначыў у прывітальнай прамове міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, супрацоўніцтва паміж айчыннымі і расійскімі кінематаграфістамі дасягнула высокіх вынікаў, развіваючыся ў духу глыбокіх, брацкіх адносін.

— Знакава, што ў рамках форуму дэманструюцца не толькі цудоўныя навінкі пракату, але і выдатныя стужкі, знятыя ў 1970-х “Беларусьфільмам” і “Масфільмам” сумесна, — сказаў Руслан Іосіфавіч. — Напрыклад, карціна “Ідзі і глядзі”, што так шмат значыць для нашых народаў. Менавіта ў ёй дэбютаваў выбітны артыст Аляксей Краўчанка, які хутка паўстане на экранах у праекце беларуска-расійскай вытворчасці “Бацька Мінай. Партызанская легенда”. Як бачыце, ідзе актыўнае ўзаемадзеянне, адбываецца мноства важных падзей. Упэўнены: колькасць іх будзе толькі расці!

Па словах намесніка міністра культуры Расійскай Федэрацыі Андрэя Малышава, большасць кінапраектаў, што рэалізуюцца сёння ў Расіі, транслююць агульныя для брацкіх дзяржаў духоўна-маральныя каштоўнасці.

— Гэтыя фільмы можна глядзець усёй сям’ёй! Вялікі дзякуй Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь за такое душэўнае супрацоўніцтва. Паміж намі ніколі не было і не будзе ніякіх перашкод! — падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.

 

ДЛЯ ЎСІХ АХВОЧЫХ

Распачала фестывальныя паказы карціна “Бураціна”, знятая Ігарам Валошыным у 2025 годзе.

У цэнтры сюжэта — хлопчык, які ўцякае ад бацькі, трапляе ў розныя жыццёвыя перыпетыі, што так ці інакш мяняюць яго.

Рэжысёр Ігар Валошын і генеральны дырэктар "Раскіно" Эльза Антонава

— Мы імкнуліся сумясціць лепшыя традыцыі сусветнага кінематографа і расказаць кранальную, далікатную і добрую гісторыю, дзе герой, знаходзячыся ў стане нявызначанасці, выбірае сямейныя каштоўнасці, — падзяліўся падрабязнасцямі Ігар Паўлавіч. — Гэта не рэмейк знакамітага фільма Леаніда Нячаева, а арыгінальны твор па матывах “Пінокіа” Карла Калодзі і “Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна” Аляксея Талстога. У наступныя дні гледачы ўбачылі яшчэ дзесяць карцін — удзельніц форуму. Сярод іх, да прыкладу, фантастычная меладрама па рамане Яўгена Вадалазкіна “Авіятар” і вядомая савецкая стужка “Беларускі вакзал”, знятая ў 1970 годзе. Сеансы, што ладзіліся бясплатна для ўсіх ахвочых, праходзілі як у сталіцы — з 18 па 20 сакавіка, так і ў брэсцкім кінатэатры “Беларусь” — 21-га і 22-га.

 

“КІНО | ТЭАТР”

У чарадзе фестывальных уражанняў у “Маскве” адбылося таксама адкрыццё экспазіцыі “Расія — зямля талентаў”. Яна прадставіла звыш 50 выяў з фондаў Дзяржаўнага цэнтральнага тэатральнага музея імя А.А. Бахрушына.

— Выстава — частка праекта “Кіно | Тэатр”, распрацаванага сумесна з “Раскіно”. Прысвечаны ён актыўнаму ўзаемадзеянню гэтых двух вельмі блізкіх відаў мастацтва, — адзначыла загадчыца аддзела міжнароднай дзейнасці музея Дыля Рудэнка. — Створаны цэлы цыкл экспазіцый, што расказваюць пра знакамітыя дынастыі расійскіх акцёраў і рэжысёраў.

 

ІСКРА І ГЛЫБОКІ СЭНС

 Даведацца аб тонкасцях кінасправы з першых вуснаў — такі падарунак зрабіў беларускай моладзі форум. Творчая сустрэча з Ігарам Валошыным прайшла 19 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Студэнты і выкладчыкі абмеркавалі цікавыя аспекты індустрыі з майстрам, прафесійны шлях якога адзначаны выдатнымі праектамі ў самых розных жанрах. Сярод тэм, што прагучалі падчас адкрытага і шчырага дыялогу, — творчая філасофія і крытыка, закуліссе здымак, узаемадзеянне з акцёрамі і тэхналогіі будучыні. Рэжысёр падкрэсліў, што ў працы яму важныя “іскра” і глыбокі сэнс.

— Не буду здымаць фільм, дзе няма ідэі, якую хочацца трансліраваць у свет. Мае гісторыі — пра тых, хто знаходзіцца на мяжы, але ўсе яны прасякнуты верай у чалавека, — зазначыў Ігар Паўлавіч.

 

БЕЗЛІЧ КАРЫСНАГА

Яшчэ адна яркая кінападзея адбылася 19 сакавіка. У шырокі пракат выйшла анімацыйная стужка “Правільныя правілы”, створаная Нацыянальнай студыяй “Беларусьфільм”. У цэнтры гісторыі — вясёлая сям’я, якая трапляе ў пацешныя сітуацыі, выносячы з іх важныя жыццёвыя ўрокі. Пазнавальны міні-серыял, што ўключае 20 кароткаметражных эпізодаў, у даступнай і займальнай форме вучыць правілам паводзін дома, на вуліцы, у школе і грамадстве ў цэлым.

— Праект не проста забаўляльны. Ён вельмі карысны, бо дае неабходныя базавыя веды пра розныя экстрэмальныя здарэнні, — адзначыла рэжысёр Наталля Касцючэнка. — Карціна складаецца з невялікіх ролікаў працягласцю каля трох хвілін. У кожным разглядаецца асобная важная тэма. Над персанажамі працавалі цудоўныя мастакі і аніматары.

Фільм, дарэчы, арыентаваны на самых маленькіх гледачоў і іх бацькоў: узроставы рэйтынг стужкі — “0+”. Да сустрэчы ў кіназалах!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота аўтара і з тэлеграм-канала кінастудыі "Беларусьфільм"