Сутнасць — у гуманнасці

Наша гераіня — Аксана Баруценка, выкладчыца Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н. Сакалоўскага, уганараваная нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Больш за 25 гадоў педагог прысвяціла гадаванню сапраўдных зорак сцэны, выпусціўшы ў вольнае плаванне не адно пакаленне яркіх талентаў.

 

— Аксана Уладзіміраўна, давайце на хвілінку акунёмся ў мінулае. З чаго пачалася ваша творчая гісторыя?

— Колькі сябе памятаю, заўсёды любіла ўрокі музыкі і ранішнікі. Як і многія дзяўчынкі, марыла аб вялікай сцэне! Таму і пайшла ў музычную школу. Паступіла на харавое аддзяленне па класе фартэпіяна. Тата, чалавек практычны, будаўнік па прафесіі, дзеля маіх творчых памкненняў зняў з ашчаднай кніжкі ўсе сямейныя зберажэнні… І дома з’явіўся такі неабходны мне інструмент!

Вядома, музыка — рамяство нялёгкае. Яно патрабуе непахіснага цярпення, вытрымкі і ўседлівасці. Няпроста было канцэнтравацца на гамах, пакуль сябры весяліліся на вуліцы…

Але мае цудоўныя настаўнікі, у прыватнасці Таццяна Віктараўна Хажайнава і Ірына Васільеўна Жарыкава, змаглі абудзіць той жывы, мацнейшы за ўсе спакусы агеньчык дапытлівасці!

— Якія шляхі адкрыліся пасля школы? Куды вы рухаліся далей?

— Скончыла Гомельскае музычнае вучылішча імя Н. Сакалоўскага па спецыяльнасці “харавое дырыжыраванне”, а потым — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. І паўсюль сустракала неверагодна таленавітых педагогаў! Яны дапамагалі мне расці і як асобе, і як спецыялісту. Бясконца ўдзячная кожнаму!

— Дзе атрымалі першы прафесійны досвед?

— З трэцяга курса вучылішча працавала ў Гомельскім палацы піянераў. Затым была мінская агульнаадукацыйная школа, дзе кіравала фальклорным ансамблем… А пасля ўніверсітэта вярнулася ў родны Гомель, у знаёмыя і дарагія сцены каледжа.

— Чым цяпер напоўнены вашы будні?

— Выкладаю дырыжыраванне, пастаноўку голасу і харавы клас, а яшчэ ўзначальваю заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны хор “Радзейка”. Яго місія заключаецца ў папулярызацыі музыкі айчынных кампазітараў, адраджэнні і прапагандзе нацыянальнай спадчыны. Часта выступаем на фестывалях і конкурсах у розных кутках нашай краіны і за яе межамі. Удзельнічалі, да прыкладу, у маштабным гала-канцэрце “Галасы Палесся ў прасторах сусвету” на рэспубліканскім фестывалі “Беларусь — мая песня”, адкрыцці Дзён Гомельскай вобласці на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства”.

— Што, на вашу думку, самае складанае ў педагагічнай справе?

— Неабходнасць заставацца бясконца цярплівым! І яшчэ звышадказна — своечасова распазнаць і раскрыць талент дзіцяці.

— А ў процівагу гэтаму — якія моманты зараджаюць і прыносяць шчырую радасць?

— Поспехі вучняў! Калі на іх глядзяць з захапленнем, адорваюць бурнымі апладысментамі…

— Якімі дасягненнямі выха­ванцаў ганарыцеся больш за ўсё?

— Тытулам “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, што “Радзейка” атрымала ў 2017-м за высокі выканальніцкі ўзровень і папулярызацыю айчыннага песеннага мастацтва! Многія з нашых выпускнікоў, дарэчы, цяпер працуюць у розных прафесійных і аматарскіх гуртах. Вялікае натхненне — бачыць вучняў паспяховымі і рэалізаванымі. Усведамленне, што намаганні не былі дарэмныя, так моцна радуе!

— А яшчэ вас напаўняе энергіяй…

— Цудоўная здольнасць улоўліваць прыгажосць ва ўсіх яе праявах: у прыродзе, жывапісе, архітэктуры, танцах, музыцы, кнігах…

— Якія важныя рэчы спасцігаеш, калі становішся настаўнікам?

— Прафесія загартоўвае, настройвае на пазітыўнае стаўленне да жыцця, з якімі цяжкасцямі б ты ні сустракаўся. А сцэна не даруе памылак. Гэта прывучае заўсёды быць сабраным, трымаць сябе ў форме. Наогул жа, наша пакліканне — пра шматграннасць. Мы не проста дзелімся ведамі, а фарміруем маральныя арыенціры. Ад нас у значнай ступені залежыць, якім стане новае пакаленне. Таму галоўная місія — прымножыць найлепшыя рысы кожнага чалавека.

— Калі ласка, дайце наказ на дарогу тым, хто марыць служыць педагогіцы…

— Варта прыняць, што наша прафесія — свайго роду самаахвяраванне. Адразу ўспамінаюцца радкі з песні: “Кусочек сердца отдавать кому-то — такая, брат, у нас с тобой работа…” Гэты шлях не абяцае быць простым.

— Што галоўнае ў выхаванні?

— Прывіць дзецям настойлівасць, любоў да абранай справы і, самае важнае, працавітасць. Талент, не падмацаваны стараннасцю, часта прападае дарма... На жаль.

— Як выглядае ваша прафесійная пуцяводная зорка?

— Ідэал, на які раўняюся ўжо шмат гадоў, вытканы з найлепшых якасцей і ўрокаў усіх настаўнікаў, што мне пашчасціла сустрэць. Сутнасць яго — у гуманнасці. І ў працы, і ў штодзённасці варта заставацца чалавекам! Сумленным, шчырым, справядлівым і адкрытым.

— Нагрудны знак “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” — што для вас гэтая ўзнагарода?

— Кіраўніцтва хорам патрабуе істотных унутраных сіл, і такое прызнанне — магутная падтрымка і матывацыя! Адчуваю і гонар, і вялікую адказнасць, бо планка вельмі высокая. І мне, і вучням нельга расслабляцца. Цяпер дакладна — толькі вышэй і вышэй!

— Чаго пажадаеце тым, каго ведзяце наперад?

— Шчасця, прадуктыўнасці і поспеху на абраным шляху! Верце ў мару, любіце сваю справу і не бойцеся цяжкасцей. Ніколі не адмаўляйцеся ад таго, што прыносіць шчасце ці проста прымушае ўсміхацца. І ў любой сітуацыі заставайцеся прыстойным, добрым і адданым чалавекам.

— А сабе?

— Вялікіх магчымасцей, здароўя, міру і ўпэўненасці ў будучыні дзяцей і ўнукаў!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні