Пра тэндэнцыі развіцця падзейнага турызму і значныя культурна-турыстычныя мерапрыемствы распавялі адмыслоўцы ў прэс-цэнтры БелТА.

Падзейны турызм у нашай краіне дынамічна развіваецца і карыстаецца папулярнасцю як у яе жыхароў, так і ў гасцей. Колькасць фестываляў, свят, канцэртаў, гістарычных рэканструкцый, выстаў і кірмашоў штогод толькі павялічваецца, такія актыўнасці становяцца ўсё больш запатрабаванымі. Мерапрыемствы знаёмяць з культурай, мінулым, адметнасцямі рэгіёнаў і ўсёй Беларусі, стымулююць адраджэнне мясцовых традыцый і рух аўтэнтычнага мастацтва наперад.
НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ
Кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Вераніка Шышкоўская распавяла, з якімі дзяржавамі сёлета будзе пашырана супрацоўніцтва ў нашай сферы. Адпаведныя праграмы падпісаны з В’етнамам, Грузіяй, Зімбабвэ, Інданезіяй, Кітаем і Кыргызстанам. Развіццё міжнароднага супрацоўніцтва — ключавы інструмент умацавання ўзаемаразумення і фарміравання спрыяльнага іміджу Беларусі ў мэтах прыцягнення турыстаў.
На 2026 год запланаваны шэраг мерапрыемстваў. У красавіку ў рэспубліцы зладзяць Дні культуры Таджыкістана, а ў Самарскай вобласці Расіі — Дні культуры нашай краіны.
Мяркуецца таксама правядзенне Дзён беларускага кіно ў В’етнаме, Індыі, Казахстане і рэгіёнах Расіі.
Акрамя таго, Вераніка Шышкоўская паведаміла, што чакаецца серыя яркіх падзей, якія аб’ядноўваюць нацыянальныя традыцыі і сучаснае мастацтва.

Сярод знакавых праектаў — “Славянскі базар у Віцебску”, што пройдзе 35-ы раз і збярэ поп-зорак і сотні тысяч гледачоў. Летась сцэнічныя пляцоўкі фестывалю наведала рэкордная колькасць гасцей — 200 тысяч, анлайн-трансляцыю ўбачыла больш за 15 мільёнаў.

На “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) у мінулым годзе завітала звыш 115 тысяч чалавек.
РОССЫП СВЯТ
Сёлета запланаваны і іншыя форумы з удзелам розных краін, напрыклад “Беларуская музычная восень” і Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі. У Брэсце традыцыйна адбудзецца “Белая вежа”, у Гродне — “Лялькі над Нёманам”, а ў Лідзе — адкрыты рэгіянальны конкурс вакальнага і эстраднага мастацтва “Зорны дождж”.

Акрамя таго, чакаюцца святы “Вянок сяброўства” ў Бабруйску, “Браслаўскія зарніцы” ў Браславе, “Сожскі карагод” у Гомелі, “Дзве ракі” ў Докшыцах, “Залатая пчолка” ў Клімавічах, “Кліч Палесся” ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна, “Халі-хало” ў Наваполацку, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах і Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне.
РАМЁСТВЫ, КНІГІ…
Знакавымі на Брэстчыне з’яўляюцца брэндавыя мерапрыемствы, такія як “Мотальскія прысмакі” і “Беларускія фанфары”.

Майстры збіраюцца ў Баранавіцкім раёне на свяце кавальскай справы “Крашынскі перазвон”, а ў Ганцавіцкім — на фестывалі промыслаў і рамёстваў “З народнымі традыцыямі ў новы век”.

Сёлета намечана маштабная імпрэза “Бібліяноч”, у рамках якой 24 красавіка грамадскія бібліятэкі ва ўсіх абласцях, раёнах і гарадах Беларусі будуць працаваць да позняй ночы і прадставяць розныя тэматычныя праграмы. Акцыя ўключае інтэрактыўныя экскурсіі, майстар-класы, сустрэчы з пісьменнікамі і квэсты для людзей усіх узростаў.
Яшчэ адна значная тэндэнцыя — правядзенне гістарычных рэканструкцый і фестываляў, якія аднаўляюць атмасферу рыцарскіх турніраў, сярэднявечных бітваў і мінулых эпох у цэлым.
У СЭРЦЫ РЭСПУБЛІКІ
Дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Пазняк расказала, што ў рэгіёне рэалізоўваецца каля 150 маштабных культурных праектаў штогод. У маі ў мемарыяльным комплексе “Курган Славы” стартуе шосты сезон выстаў пад адкрытым небам. Яны будуць ладзіцца кожныя выхадныя. Для наведвальнікаў арганізуюць экспазіцыі фірменнай прадукцыі вядучых прадпрыемстваў Міншчыны, дэгустацыі, майстар-класы, рамесныя кірмашы, выступленні творчых калектываў і забаўляльныя інтэрактывы.

У маі мяркуецца свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”, а ў чэрвені ў Маладзечне — фестываль духавой музыкі “Майскі вальс” і Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Падчас яго на працягу тыдня будзе прэзентавана багатая праграма: урачыстае адкрыццё і закрыццё, сустрэчы з паэтамі, кампазітарамі, спектаклі па творах айчынных аўтараў і выставы. Адной з галоўных падзей стане конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
МЯСЦОВЫЯ АДМЕТНАСЦІ
У Мядзельскім раёне рыхтуюць “Нарач-фэст”, накіраваны на прамоцыю тутэйшай культуры. Гасцей чакаюць дэгустацыі страў нацыянальнай кухні, кулінарныя майстар-класы ад дасведчаных шэф-повараў, выступленні кавер-бэндаў, водныя спаборніцтвы і кірмаш.

У ліпені на рэгіянальны фестываль “Гліняны звон” кліча Валожынскі раён. Асноўная мэта імпрэзы — захаванне і развіццё народных звычаяў, творчай актыўнасці майстроў народных мастацкіх рамёстваў, адраджэнне і папулярызацыя ганчарнай справы. Удзельнікі прадэманструюць калекцыі ўласных вырабаў.
Дзяржынск прыме абласныя “Дажынкі”. Тут будзе багата інтэрактыўных пляцовак, дэгустацый, пройдзе выстава дасягненняў сельскай гаспадаркі.

Традыцыйна правядуць фестываль гістарычных рэканструкцый “Нясвіжская фартэцыя”, у Любані — свята мастацтваў “Палескія сустрэчы”, у Вілейцы — рэгіянальны гастранамічны “Юшкафэст” з конкурсамі, шэсцем Нептунаў і канцэртамі. Вёска Пласток Любанскага раёна запрашае на кірмаш народных страў “У Пласток на квасок”, а Уздзеншчына — на брэндавы “Бульбяны фэст”.
ВІЗІТНАЯ КАРТКА
Дырэктар інфармацыйна-турысцкага цэнтра “Мінск” Аляксей Русакевіч паведаміў пра важныя імпрэзы, якія намечаны ў сталіцы. Тут штогод праходзіць больш за паўтысячы мерапрыемстваў рознага ўзроўню, створана сучасная інфраструктура, якая дае гасцям горада магчымасць камфортна размясціцца. Функцыянуюць 17 тэатраў, 30 музеяў, больш за 30 мастацкіх галерэй, Беларускі дзяржаўны цырк.
Музеі прапаноўваюць разнастайныя праграмы, ладзяцца гастранамічныя кірмашы і фэсты.
Экспазіцыю дасягненняў “Мая Беларусь” у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры сёлета за восем тыдняў наведала звыш 450 тысяч чалавек.

Арганізоўваліся і інтэрактывы, канцэрты з удзелам народных гуртоў і папулярных айчынных артыстаў. Праект выклікаў цікавасць як у жыхароў нашай краіны, так і ў замежнікаў.

На “Дубе жаданняў”, які стаў сімвалам адзінства, госці пакінулі каля 30 тысяч паштовак. У канцэртнай зале сваё майстэрства прадставілі больш за 130 калектываў, адбылося 65 яркіх мерапрыемстваў.
Наступная знакавая падзея — “Вялікі турыстычны тыдзень” — запланавана ў красавіку. У праграме — Беларуска-расійскі турыстычны кангрэс, форум Travel Hub “Садружнасць”, выстава Expo HORECA Minsk, узнагароджанне рэстараннай прэміяй WHERETOEAT і міжнародная выстава-кірмаш турыстычных паслуг “Адпачынак”.
МУЗЫКА НАД ГОРАДАМ
Летні музычна-турыстычны сезон афіцыйна адкрыецца ў маі. Ён стартуе са святкавання Дня Перамогі, а прадоўжыцца Днямі Ніжняга Ноўгарада. Таксама мінчан і гасцей сталіцы пазнаёмяць з культурай і традыцыямі Казані і Уфы.

Асноўныя імпрэзы разгорнуцца ў Верхнім горадзе, у Ракаўскім дворыку, каля Палаца спорту, а таксама на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу.
У кожнай пляцоўкі — свае тэматычныя асаблівасці. Ля Палаца спорту будуць даступныя моладзевыя тэатральныя праекты з удзелам прафесійных і аматарскіх калектываў, у Верхнім горадзе — культурныя мерапрыемствы для ўсёй сям’і, а ў Лошыцы — гістарычныя рэканструкцыі, музычныя праграмы і майстаркласы.
Сярод найбліжэйшых падзей — свята беларускай культуры “Мінскі фэст”, якое зладзяць 23 мая, музычны праект “Мары дзяцінства”, што пройдзе 6 чэрвеня, свята кітайскай культуры “Чай для гармоніі і міру”, намечанае на 13 чэрвеня. Музычны праект “Праз усю вайну” прадставяць 21-га, а 27—28 чэрвеня чакаецца “Свята льну”.
Таксама адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя Году беларускай жанчыны, працягне гучаць “Класіка ля ратушы”. На 1 жніўня запланавана канцэртная праграма “Эти глаза напротив” у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра.
Завершыцца летні музычна-турыстычны сезон у верасні імпрэзамі да Дня горада.
Антон РУДАК.
Ілюстрацыі — фота прэс-цэнтра,
Святланы Чэкалавай, Уладзіміра Шлапака і з сайтаў мясцовых СМІ