Тры складнікі поспеху

Нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” ўшанавана Святлана Мірончык — дырэктар Іўеўскай раённай бібліятэкі, што ў Гродзенскай вобласці. Узнагароджанне адбылося на выніковай калегіі Міністэрства культуры ў Мінску.

 

— Святлана Абрыеўна, перадусім дазвольце павіншаваць вас з найвышэйшай галіновай узнагародай.

— Дзякуй. Прымаючы нагрудны знак, я адчувала не толькі гонар, але і бязмежную ўдзячнасць. Узнагарода — не мая асабістая перамога. Гэта прызнанне працы ўсяго калектыву: ад маладых спецыялістаў да ветэранаў галіны, ад тэхнічнага персаналу да адміністрацыі. У нас склалася сапраўдная каманда, дзе кожны годна робіць сваю справу. Пераканана: кіраўнік расце там, дзе ёсць падтрымка і разум­ нае настаўніцтва. Я шчыра ўдзячная тым людзям, якія вучылі мяне адказнасці за кожнае рашэнне, жыццёвай мудрасці, дапамагалі рэалізоўваць праекты. Перамогі ў рэспубліканскіх конкурсах і міжнароднае супрацоўніцтва — вось сапраўдны доказ таго, што мы рухаемся ў правільным напрамку.

— Вельмі цікава. Распавядзіце і пра гэтыя дасягненні.

— Сапраўды, ёсць чым ганарыцца. У першую чаргу варта згадаць рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. За час яго існавання кніжныя скарбніцы нашага рэгіёна перамагалі 20 разоў! Напрыклад, у 2024 годзе Іўеўская раённая бібліятэка была ўзнагароджана дыпломам І ступені за праект “Беларускі чацвер” і стварэнне адпаведнага інфармацыйнага рэсурсу. Мы неаднойчы станавіліся прызёрамі конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Разам з бібліятэкарам Іўеўскага дзяржаўнага каледжа Таццянай Шаўчук правялі каласальнае даследаванне і апісалі гісторыю практычна ўсіх храмаў раёна.

— Прыгадайце ініцыятывы, праца над якімі прыносіць асаблівае задавальненне.

— За апошнія сем-восем гадоў рэалізавана больш за тры дзясяткі праектаў. Кожны з іх мае свой напрамак, сваю аўдыторыю. І ўсе, безумоўна, вартыя ўвагі — ад патрыятычнага “80 кніг да Перамогі” да сацыяльнага “Добрыя сустрэчы”. Але асаблівае дзецішча — “Сябрына”. Сутнасць у тым, каб згуртаваць вакол бібліятэкі знакамітых людзей з Іўеўшчыны, якія жывуць у розных кутках планеты, дасягнулі пэўных вышынь і якіх малая радзіма заўсёды цягне да сябе.

Першы збор такіх землякоў прайшоў у 2017 годзе падчас святкавання Дня горада. З той пары “Сябрына” стала традыцыяй і набыла сур’ёзны маштаб. Мы не проста сустракаемся, каб згадаць мінулае, а разам ствараем летапіс краю.

— Праект “Сябрына”, пэўна, яшчэ не завершаны?

— Ён пастаянна развіваецца і пашыраецца. Да нас далучаюцца ўсё новыя ўдзельнікі. Сярод іх — палкоўнік Касмічных войскаў Расіі Віктар Шутаў, беларускі паэт Іван Карэнда, філосаф і педагог Георгій Грыбаў і іншыя славутасці. Адзін з ініцыятараў стварэння “Сябрыны” — заслужаны работнік культуры Расіі Ядвіга Юферава — з’яўляецца членам журы прэстыжнай прэміі “Вялікая кніга” і штогод дорыць нашай бібліятэцы найлепшыя сучасныя выданні з подпісамі аўтараў. Новы імпульс праект атрымаў у лістападзе мінулага года, калі было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве з нацыянальна-культурнай аўтаноміяй “Беларусы Масквы”. Цяпер плануем цыкл анлайн-сустрэч і сумесных мерапрыемстваў.

— Вы казалі пра перадачу ўстанове ў дар асобных твораў. Ці адзіны гэта прыклад?

— Далёка не так, і кожная кніга для нас — знак асаблівага даверу. Ёсць і вельмі важныя паступленні. Як вядома, Іўе — горад чатырох канфесій, дзе стагоддзямі пануюць мір і згода. Істотнай падзеяй стала сустрэча з муфтыем Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекірам Шабановічам, які перадаў бібліятэцы каля 100 кніг на тэмы веры і гісторыі. Што тычыцца лічбаў, то сёння ў фондзе амаль 152 тысячы экзэмпляраў. Для сеткі з 10 устаноў, якія абслугоўваюць каля 5 тысяч чытачоў, гэта вельмі добры паказчык. Да таго ж мы разумеем: не кожны жыхар аддаленай вёскі можа прыйсці ў кніжную скарбніцу. Таму імкнёмся да мабільнасці.

Бібліёбус курсіруе па 10 маршрутах, забяспечваючы літаратурай людзей з 32 населеных пунктаў.

— Як думаеце, ці ёсць будучыня ў друкаваных выданняў у эпоху лічбавізацыі?

— Безумоўна! Сучасная бібліятэка балансуе паміж любоўю да жывога слова і патрабаваннямі высокатэхналагічнага веку. Сярод наведвальнікаў ёсць як аматары класікі — яны прыходзяць удыхнуць пах друкарскай фарбы і пачуць шалясценне старонак, — так і моладзь, якая не ўяўляе свету без планшэта і электронных кніг. Паважаем выбар кожнага. Таму ў 2023-м цалкам абнавілі наш сайт. Вынікі не прымусілі сябе чакаць: ён у той жа год стаў лаўрэатам інтэрнэт-прэміі Tibo.

— А якому фармату аддаяце перавагу вы?

— Папяроваму. Мне, як і многім людзям майго пакалення, неабходны фізічны кантакт з кнігай. Напэўна, менавіта гэты чароўны пах і атмасфера цішыні калісьці і прывялі мяне ў прафесію. Марыла аб рабоце ў чытальнай зале! Але лёс распарадзіўся інакш: за 44 гады, што прысвяціла галіне, гэта, бадай, адзіны ўчастак, дзе так і не давялося папрацаваць.

— Што сёння галоўнае для кіраўніка бібліятэкі?

— Каб побач заставаліся людзі, гатовыя ўвасабляць задумы. Мае жаданні простыя, але фундаментальныя: каб фонды папаўняліся цікавай літаратурай, у калег быў годны заробак і задавальненне ад працы, а ў наведвальнікаў — радасць ад візіту ў нашы ўстановы. Кніга, калектыў і чытач — вось тры асноўныя складнікі поспеху, на якіх трымаецца бібліятэчная справа Беларусі.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні