Ствараючы і вызначаючы

Што такое быць жанчынай у айчынным мастацтве сёння? Гэтую тэму разглядалі ўдзельніцы круглага стала “Жанчыны беларускага мастацтва: унікальнасць бачання і ўклад у духоўнае развіццё нацыі”, прысвечанага Году беларускай жанчыны. Мерапрыемства зладзілі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.

 

ЛІЧБЫ СВЕДЧАЦЬ

— На працягу тысячагоддзяў жанчына заставалася галоўным рухавіком натхнення, — падкрэслівае Алеся Іназемцава, намеснік дырэктара па творчай рабоце Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства. — Аднак у ХХ стагоддзі шлях да афіцыйнага прызнання заставаўся складаным. Сярод 33 народных мастакоў Беларусі толькі адна жанчына — Раіса Кудрэвіч.

Сёння сітуацыя змяняецца. Прадстаўніцы творчай супольнасці актыўна праяўляюць сябе як у мастацкай практыцы, так і ў кіраўніцтве, упэўнена беручы адказнасць за стратэгічныя рашэнні.

Гэтая тэндэнцыя закранае і конкурсы. Паказальны прыклад — рэспубліканскае Трыенале маладых мастакоў. Калі ў першыя гады доля дзяўчат сярод удзельнікаў складала 42 %, то апошнія два разы — ужо больш за 80 %. У 2025-м амаль з 200 заявак 82 % падалі маладыя аўтаркі. Нават у намінацыі “Манументальнае і манументальнадэкаратыўнае мастацтва”, якую доўгі час лічылі мужчынскай тэрыторыяй, усе заяўкі былі ад прадстаўніц прыгожага полу. З васьмі пераможцаў конкурсу сем — дзяўчаты.

Новыя акцэнты адчуваюцца і ў тэматыцы твораў. Звяртаючыся да няпростых, траўматычных сюжэтаў — вайны, генацыду, калектыўнай памяці, мастачкі прапускаюць іх праз прызму асабістага досведу.

— Істотная не толькі падзея, але і чалавек унутры яе. Адсюль — увага да дзяцінства, мацярынства, штодзённасці, пошук новых падыходаў і сюжэтаў. У такіх работах менш дэкларатыўнасці, больш імкнення да стваральнасці, аднаўлення і святла, — дапаўняе Алеся Аляксандраўна.

 

АД МУЗЫ — ДА АЎТАРА

Філасофскі ракурс размове надала Вольга Папко, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар мастацтвазнаўства:

— Я не схільная дзяліць творчасць паводле гендару. Вызначальным застаецца талент. Аднак відавочна: у нашых умовах для самарэалізацыі адкрыта нашмат больш магчымасцей — змяніўся лад жыцця, пашырыўся доступ да адукацыі, з’явілася свабода прафесійнага выбару. Стагоддзямі жанчыны былі музамі для мужчын, знаходзіліся побач — дочкі, сёстры, маці, жонкі. Але надышоў момант, калі гэтыя музы загаварылі ад свайго імя.

Разважаючы пра ролю асобы ў культурным працэсе, даследчыца звярнулася да канкрэтных прыкладаў:

— Сёлета святкуем юбілеі дзвюх выбітных прадстаўніц айчыннай навуковай школы: 24 ліпеня споўнілася б 100 гадоў Вользе Церашчатавай — адной з ключавых постацей у асэнсаванні мастацкіх працэсаў ХХ стагоддзя, заснавальніцы навуковага музея Акадэміі навук, прысвечанага культуры і мастацтву. Яе выхаванка, Вольга Бажэнава, у лютым адзначыла 70-годдзе. Вядомая радзівілістка, удзельнічала ў распрацоўцы канцэпцый Мірскага і Нясвіжскага замкаў. Пераемнасць пакаленняў — жывая перадача адказнасці і прафесійнай этыкі.

Паводле пераканання Вольгі Мікалаеўны, маладым аўтарам, нават калі іх суправаджаюць сумневы, важна не адступаць ад мары:

— Выяўленчае мастацтва — універсальная мова, якая не патрабуе перакладчыка: вобраз гаворыць сам за сябе. Таму трэба рабіць акцэнт на тым, што сапраўды тваё, — толькі так можна дасягнуць максімуму.

 

ПРАВА НА ГОЛАС

Пераможца трыенале-2025 у намінацыі “Жывапіс”, мастачка і выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ганна Раманенка распавядае пра магчымасці свайго пакалення:

— Стараемся не страціць ніводнага шанцу — пленэры, конкурсы, выставы, асабліва ініцыяваныя Міністэрствам культуры. Пра нас пішуць медыя, узнікаюць прапановы супрацоўніцтва. І галоўнае — мы атрымліваем права выказвацца і быць пачутымі.

З ёй салідарная Паліна Трускоўская, мастачка па тэкстылі, пераможца трыенале-2025 адразу ў дзвюх намінацыях — “Навацыя” і “Мастацкая дынастыя”:

— Творчыя праекты даюць магчымасць прафесійна расці. Для мяне гэта яшчэ і спосаб асэнсаваць уласныя карані, сваю гісторыю. Таму вельмі значная сямейная перамога. Прызнанне пацвердзіла наш супольны шлях. Працягваць дынастыю — гонар. Асабліва калі перад табой прыклад маці, якая, нарадзіўшы траіх дзяцей, здолела застацца ў прафесіі.

Жанчына ў сучасным мастацтве — гэта адказнасць за сэнсы і смеласць гаварыць ад свайго імя. Уменне пражыць складаны досвед і надаць яму форму так, каб асабістае было зразумелым для іншых. Гэта вернасць традыцыі і адкрытасць свету.

Калі яшчэ ўчора жанчына найчасцей станавілася аб’ектам адлюстравання, то цяпер яна — аўтарка, куратарка, даследчыца, кіраўніца. Яе рысы ўсё выразней праступаюць у абліччы нацыянальнай культуры. І важна, каб голас жанчыны працягваў упэўнена гучаць.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з сайта dompressy.by