Класіка і сюрпрызы

Апублiкавана: 01 красавiка 2026 Стужка Музыка Мінск Падзеі

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Афіша сталічнай філармоніі пярэсціць цікавымі праграмамі. Выбітныя канцэрты знаных і маладых музыкантаў, разнастайных творчых калектываў можна знайсці на абедзвюх сцэнах. Бо вышыня і глыбіня мастацтва не залежаць ад памераў залы.

 

З ГУМАРАМ І ЎСЕБАКОВА

Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі на чале з заслужаным артыстам Расіі Яўгенам Бушковым мае добрую традыцыю — штогод адзначаць дзень народзінаў калектыву. З гэтай нагоды мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра не ўпершыню звяртаецца да магіі лічбаў. Летась, напрыклад, усе творы, што прагучалі на святочнай вечарыне, былі пазначаны нумарам ці опусам 57.

Сёлетні канцэрт “BelSCO — 58!”, дзе ў літарах схавана абрэвіятура назвы калектыву, утрымліваў толькі адну такую партытуру — Сюіту з балета Дарыуса Міё “Бык на даху”, ор. 58. Але замест сур’ёзных урачыстасцяў праграма была пазначана прамяністым гумарам, у тым ліку ад Моцарта. І ажно дзвюма сусветнымі прэм’ерамі! Ад беларускага кампазітара і ад аўстрыйскага.

Яркія афіша і праграмка. Незвычайны пачатак. Каб выканаць прэм’ерную Інтэрлюдыю, аркестранты выходзілі па чарзе. Ды не ў канцэртных строях, а ў звыклым адзенні, бы на рэпетыцыі. Спачатку піяністка — з даволі простай джазавай тэмай, што нагадвала Песеньку Львяняці і Чарапахі з вядомага савецкага мульціка. Потым альтысты, за імі скрыпачы, віяланчэлісты з кантрабасістам. Нарэшце, ударнік. Апошнім — дырыжор. І амаль разам з ім — тыя, хто быццам спазніўся. Далучэнне кожнай групы пачыналася з настройкі і працягвалася нязмушаным музіцыраваннем — усё з тым жа злёгку джазавым адценнем, яшчэ больш відавочным у фінале. Атрымалася сапраўдная тэатралізаваная сцэнка, што ў сучаснай музыцы так і называецца — інструментальны тэатр.

— Вы ніколі нічога падобнага не бачылі! — усклікнуў Бушкоў, які, па традыцыі, сам вёў канцэрт, папярэджваючы кожны твор працяглым тлумачэннем. Сапраўды, такое “хуліганства” накшталт флэшмобу ў нашай філармоніі адбылося ўпершыню.

Але акурат 30 гадоў таму Вячаслаў Кузняцоў стварыў партытуру “Чаму ж мне не пець?” для юбілейнага канцэрта народнага аркестра. Яна па задуме аўтара пачыналася не толькі паступовым выхадам музыкантаў, але і іх гуллівым шпацырам з побытавымі ўдарнымі інструментамі па глядзельнай зале. Праўда, аркестранты не вырашыліся тады на такі смелы крок і выконвалі пачатак п’есы на сваіх месцах, як звычайна.

Яшчэ адным цяперашнім сюрпрызам стала прэм’ера опернай сцэны “Усебаковае даследаванне” Эрыка Фрайтага на словы Данііла Хармса. Творы венскага кампазітара (і для беларускіх цымбалаў таксама!) прэзентуюцца ў нас не ўпершыню. Бушкова з ім звязвае даўняе сяброўства. Прыехаў Фрайтаг і цяпер — у свае 86 гадоў. І не дарма: музыканты бліскуча справіліся са складанымі партыямі.

— Свайго Доктара я зрэжысіраваў сам, — расказаў бас-барытон Руслан Маспанаў. — З рэквізітам дапамагала жонка кампазітара. Сучасную музыку я спяваў і раней, але з такім незвычайным матэрыялам сутыкнуўся ўпершыню. Яно і зразумела: наш Камерны аркестр і іншыя творчыя калектывы філармоніі адкрываюць новыя музычныя далягляды.

 

З БАЛАЛАЙКАЙ І... БАХАМ

А ў Камернай зале імя Рыгора Шырмы адбыўся канцэрт “Балалайка і класіка”. Назва разам з імёнамі музыкантаў і спасылкамі на іх профілі ў “Інстаграме” праецыравалася на экран. А слова “класіка” мела дачыненне не толькі да музыкі, але і да выканальніцкай манеры: ніякага мігцення каляровых “карцінак”, якія маглі б ілюстраваць праграму, ніякага намёку на відовішчнасць і тэатралізацыю. На сцэне толькі саліст, віртуозная, чулая канцэртмайстар Наталля Кірдань і вядучая. Але ўражанне — неверагоднае!

Двухгадзінная праграма аказалася цалкам новай, а не складзенай з “абкатаных” твораў. Падрыхтаваў яе лаўрэат міжнародных конкурсаў, трэцякурснік Акадэміі музыкі Алег Зыкаў, які вучыцца ў класе дацэнта Марыны Ільіной, вядомай у нас і ў замежжы.

Больш за ўсё здзівіла бясконцая разнастайнасць тэмбравых градацый і адценняў. Гучанне балалайкі не толькі сведчыла пра заліхвацкую разгульнасць інструмента, як гэта было ў “Скоках скамарохаў” Рымскага-Корсакава. Яно нагадвала вытанчана-стрыманыя выказванні лютні, гітары, мандаліны, а то і клавесіна. Гукі ў верхнім рэгістры ператвараліся то ў гулкія срэбраныя званочкі, то ў пранікнёныя флажалеты струнных смычковых ці бліскучыя скрыпічныя пасажы (Варыяцыі Нечапарэнка на тэму 24-га капрыса Паганіні). У апрацоўцы раманса Рахманінава ўзнікла падабенства чалавечага голасу — не опернага ці народнага, а спеваў душы.

У п’есе “Ша, шціл” Андрэя Бызава пачуліся беларускія цымбалы, распаўсюджаныя ў дарэвалюцыйным яўрэйскім побыце, нават з элементамі нацыянальнага інтанавання, ледзь заўважнымі “пад’ездамі” ад ноты да ноты.

У “Маленькіх ветраных млынах” Куперэна пана- вала папраўдзе паветраная лёгкасць. У “Курыцы” Рамо — гукавыяўленчыя прыёмы. “Лебедзь” Сен-Санса стаў лірычным гімнам прыгажосці. У Фантазіі Сарасатэ на тэмы з оперы Бізэ “Кармэн” з’явілася сапраўднае іспанскае фламенка. У фантазіі Жалінскага на песню Гаўрыліна “Каханне застанецца” — тыповая гаўрылінская празрыстасць агучанай цішыні з кроплямі нябачных слёз.

Саната Кусякова выявіла сувязі з экспрэсіяй Скрабіна, драматычнай філасофіяй жыцця і смерці. А пералажэнне бахаўскай Партыты для флейты Алег зрабіў сам. І ў выкананні гэтай сюіты літаральна прасачыў ролю Баха ў музычным мастацтве — ад пераемнасці з Вівальдзі да прадбачання рамантызму і сучаснасці.

Сачыце за афішай — прыемныя сюрпрызы забяспечаны.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Аляксандра ГОРБАША і з архіва Алега ЗЫКАВА