У рытме музыкі

Апублiкавана: 01 красавiка 2026 Стужка Харэаграфія Мінск На сваім месцы

Аўтар: СЛІЖЭЎСКАЯ Ірына

Як гэта — быць цалкам адданым сваёй справе? Юрый Паўлішын не па чутках ведае — паўстагоддзя ў балеце. У мінулым паспяховы танцор, сёння выдатны балетмайстар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, які сёлета адзначае 70-гадовы юбілей. У зале на рэпетыцыях прайшла большая частка жыцця артыста, а на фестывалях і канцэртах здарыліся найлепшыя яе моманты.

 

ПОКЛІЧ СЭРЦА

З маленства галоўным натхненнем будучага балетмайстра з’яўлялася музыка, менавіта яна суправаджае Юрыя Васільевіча і сёння. Яшчэ у юнацтве ён вырашыў слухаць покліч сэрца і ў 17 гадоў скончыў Хусцкае культпрасветвучылішча.

Пачаў танцаваць у Закарпацкім народным хоры. Там паказвае высокія вынікі і працягвае рухацца ў абраным кірунку. Задуме сваёй ён верны, нават у новых умовах — армія.

Перыяд з 1974-га па 1976-ы Юрый Васільевіч успамінае з удзячнасцю.

— Я загадзя праслухаўся ў ансамбль песні і танца Прыкарпацкай ваеннай акругі. Там быў аркестр, харэаграфічная група і мужчынскі хор. Пасля прыняцця прысягі мяне туды запрасілі. Адтанцаваў два гады. Цікавая была служба і праца, — распавядае артыст. — Вялі актыўную канцэртную дзейнасць — быў план, выступалі па частках, ездзілі са сваімі нумарамі па іншых гарадах.

Так Юрый Васільевіч набыў надзейных сяброў і аднадумцаў. У 1977-м, пасля заканчэння службы, танцоры адправіліся зачароўваць сваім талентам Беларусь.

 

ПАВАРОТЫ ЛЁСУ

— Нас было чацвёра, хто адважыўся пакараць новыя гарызонты, — успамінае балетмайстар. — Першыя два месяцы пасля прыезду праглядаліся ў Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі. Нас узялі, прычым усіх! Там плённа прапрацавалі год і менавіта там здарылася тое, што кардынальна змяніла ход маёй гісторыі: я пазнаёміўся з будучай жонкай Святланай Рыгораўнай. Яна спявала ў Нацыянальным акадэмічным народным хоры.

На той момант юнак яшчэ не ведаў, што лёс будзе весці іх поруч усё жыццё. Не ведаў Юрый і пра тое, што разам з выбранніцай яны прапрацуюць на адной сцэне 25 гадоў: яна — салісткай у хоры, а ён — танцорам у балетнай групе.

— У адзін момант перада мной паўстаў выбар — каханне ці новы шлях у кар’еры. Абраў сям’ю — і нічога не страціў, наадварот — здабыў шчасце. Стварылі моцны саюз, выгадавалі дваіх дзяцей і ўжо нават абзавяліся чатырма ўнукамі. Мы разам і вельмі любім адно аднаго.

 

АПЛАДЫСМЕНТЫ — ПАЎСЮЛЬ

— У 1979 годзе я праходжу адбор і трапляю ў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча. З гэтым месцам у мяне звязана вельмі шмат успамінаў, — распавядае артыст. З танцавальным ансамблем Юрый Васільевіч аб’ездзіў усю Беларусь і добрую частку Расіі — Кастрама, Яраслаўль, Масква, Піцер, Варонеж. Нярэдкімі былі запрашэнні выступіць у іншых краінах.

— На ўсё жыццё ўразіла паездка ў 1985-м з канцэртнай праграмай на дні культуры СССР у Кітаі. Здзівіла публіка — яна там вельмі ветлівая. Канцэрты праходзілі на вышэйшым узроўні і ў тэхнічным плане, і з боку аддачы гледачоў. Культура наша была там прынята вельмі шчыра — апладзіравалі стоячы, хоць у іх так і не прынята.

Пабываў танцор на гастролях і ў Карэі ў 1988 годзе. Там праходзіў фестываль у гонар дня нараджэння Кім Ір Сена. Увесь свет з’ехаўся павіншаваць — былі калектывы з Расіі, Афрыкі, і наш хор таксама.

 

КУДЫ ДАЛЕЙ КРОЧЫМ?

З нядаўніх яскравых выступленняў артыст прыгадвае нумар на маштабнай выставе дасягненняў суверэннай Рэспублікі Беларусь “Мая Беларусь”. Вялікая сцэна, абсталяваная ўсім патрэбным, шчырая публіка, якая праводзіла авацыямі. Юрый Васільевіч падзяліўся, што ў плане на юбілейны год — 70 канцэртаў. Да кожнага рыхтуюцца старанна.

— Самае галоўнае, што я патрабую ад сваіх артыстаў, — гэта каб публіцы было цікава глядзець. Усё павінна быць адпрацавана на вышэйшым узроўні: каб спадабацца, трэба танцаваць добра, лёгка і прывабна!

Балетмайстар па сабе ведае, як гэта — выкладвацца на поўную. Ён працуе ў такім рытме ўжо шмат гадоў. Зараз шчыруе над адточваннем “Кадрылі”. Наш суразмоўца адзначае, што гэты нумар вельмі нетрывіяльны.

— Галоўная разынка яго ў тым, што ў кожнай пары ёсць свой характар! Менавіта гэтая дэталь надае танцу смак.

Балетмайстар прызнаецца, што адбор у калектыў вельмі сур’ёзны і складаны. Да кастынгу дапускаюць толькі людзей з вышэйшай харэаграфічнай адукацыяй, а пасля глядзяць на ўзровень падрыхтоўкі.

Сам Юрый Васільевіч не лічыць сябе строгім кіраўніком. Кажа, што разумець танец трэба сэрцам. Таму ад танцораў чакаюць не толькі высокіх паказчыкаў у тэхнічным плане, але і вялізнай любові да сваёй справы — без гэтага ніяк.

З танцавальнай залы ўжо клічуць на рэпетыцыю. “Больш размаўляць не магу — трэба нумар праганяць”, — просіць прабачэння Юрый Васільевіч і імкліва накіроўваецца да свайго калектыву. Ужо праз пару хвілін чуецца музыка і гучны голас харэографа: “Спінку раўней, цягні нагу”. І тут разумееш, што значыць выраз “чалавек на сваім месцы”.

Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота Ангеліны САРОКІ