Святло праз стагоддзі: па слядах адной выставы

Апублiкавана: 20 сакавiка 2026 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Знайсці натхненне ў багатай мінуўшчыне і нашай гісторыка-культурнай спадчыне можна было ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча на выставе “Старая Беларусь: ззянне роднага краю”.

 

Смаляны. Сядзіба Цітовых

Аўтарка работ — Марыя Каралёва — скончыла Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў па спецыяльнасці “мастак-дызайнер” у 2010 годзе, а ў 2015-м — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт куль­туры і мастацтваў па спецыяльнасці “кампаратыўнае мастацтвазнаўства”, у 2016 годзе атрымала ступень магістра.

Дзяўчына даўно цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай, займаецца краязнаўствам, ладзіла аўтарскія экскурсіі па сталіцы, доўгі час працавала ў Музеі гісторыі горада Мінска. Таму не дзіўна, што натхненне для сваіх твораў мастачка знаходзіць найперш у багатай мінуўшчыне нашай краіны і яе гісторыка-культурнай спадчыне.

У выніку з’явіліся серыі “Мінск. Горад і сонца”, “Страчаны Мінск” і “Нябачная Беларусь”, прысвечаныя архітэктурным помнікам нашай краіны — як існым, так і зруйнаваным. Дзякуючы змешчанаму ў экспазіцыі QR-коду можна было азнаёміцца з кароткай гісторыяй будынкаў, выяўленых на карцінах.

 

ХРАМЫ І ПАЛАЦЫ

Манькавічы. Палац Радзівілаў

З ліку страчаных помнікаў на выставе былі выявы кальвінскіх збораў у Асташыне Карэліцкага раёна і Дзяржынску, касцёлаў Святога Францыска Ксаверыя ў Магілёве, Святога Станіслава ў Маляцічах ля Магілёва і ў Пінску, палацаў Абуховічаў у Сваятычах Ляхавіцкага раёна, Радзівілаў у Манькавічах на Століншчыне, Сапегаў у Дзярэчыне на Зэльвеншчыне, Слізеняў у Новадзявяткавічах на Слонімшчыне і Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы. А таксама такіх зніклых мінскіх славутасцяў, як касцёл Святога Тамаша Аквінскага на сучаснай Кастрычніцкай плошчы, школьны двор ля Халоднай сінагогі на Нямізе, старая мячэць, што стаяла насупраць Палаца спорту, палац Гаўсмана ля Аляксандраўскага сквера і забудова на месцы цяперашняй плошчы Незалежнасці.

Асобную серыю складалі выявы страчаных помнікаў драўлянага дойлідства, такіх як цэрквы Святога Ільі і Святой Тройцы ў Віцебску, Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы ў Вейне на Сенненшчыне, Святой Варвары ў Слуцку, Святой Тройцы ў Талі і Свята-Прачысценскай ва Урэччы на Любаншчыне, касцёлы Святой Тэрэзы ў Астрыне на Шчучыншчыне, Святых Пятра і Паўла ў Слабодцы на Браслаўшчыне і Святога Арханёла Міхаіла ў Цімкавічах на Капыльшчыне, сінагогі ў Воўпе Ваўкавыскага раёна і Нароўлі, сядзіба Цітовых у Смальянах на Аршаншчыне і лямус у Сапоцкіне ля Гродна.

 

ТЭХНІКА ПРАЗРЫСТАСЦІ

Лёгкасць акварэлі дазволіла стварыць у гледача адпаведнае тэме ўражанне хуткаплыннасці часу і зменлівасці краявіду, з якога зніклі выяўленыя помнікі: драўляныя і мураваныя храмы, сінагогі, мячэці, сядзібы, гарадская забудова.

Койданаў. Кальвінскі збор

У выпадку, калі стаіць задача рэканструяваць вобраз страчанага помніка, аднаўляць рэальнасць асабліва цікава, але і больш складана. Мастачка прызнаецца, што, прывыкшы маляваць на пленэрах з натуры, не надта лёгка магла пераключыцца на стварэнне каляровых вобразаў будынкаў, ад якіх не захавалася ні цагліны, а выгляд іх вядомы толькі па выявах, і тое найчасцей чорна-белых.

Частка твораў напісаная ў тэхніцы акварэлі па мокрым, для якой выкарыстоўваецца баваўняная папера, што ўвільгатняецца з абодвух бакоў. Каб аркуш быў роўны, без хваляў, непасрэдна перад маляваннем яго яшчэ раз увільгатняюць мокрым пэндзлем. Такая акварэль пішацца ў адзін этап, пакуль аркуш застаецца максімальна вільготным, што дазваляе ствараць мяккія пераходы паміж колерамі, а месцы, дзе трэба выявіць дакладныя межы аб’ектаў, прамакаюць сурвэткай.

 

Беразвечча. Петрапаўлаўская царква

ПА СЛЯДАХ ПАЭТА

Асобную частку экспазіцыі складала серыя свяцільняў, якія не толькі з’яўляюцца мастацкімі творамі, але могуць выкарыстоўвацца як сродак асвятлення інтэр’еру. Сілуэты помнікаў, выразаныя з некалькіх пластоў паперы і змешчаныя за шклом у драўляных рамках, падсвечаныя лямпачкамі, нагадвалі тэатральныя дэкарацыі і стваралі надзвычай утульную атмасферу.

На выставе ў музеі Максіма Багдановіча былі сабраныя свяцільні з вобразамі цэлага шэрагу помнікаў Гродна, дзе прайшлі першыя гады жыцця паэта. Тут былі выявы яго дома-музея на Новым Свеце, Каложскай царквы, дома рамесніка на вуліцы Элізы Ажэшкі, касцёла Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кафедральнага касцёла Святога Францішка Ксаверыя.

Пінск. Касцёл езуітаў

Шэраг краявідаў нагадваў аб візіце Максіма Багдановіча ў Вільню: Вострая Брама са славутым абразом Божай Маці, касцёл Святой Ганны, апетыя паэтам у вершах. Акрамя таго, прадстаўленыя на выставе свяцільні былі з відарысамі касцёла Маці Божай Ружанцовай у Солах на Смаргоншчыне, касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Красным, што ля Маладзечна, царквы Раства Багародзіцы ў прысталічным Сёмкавым Гарадку, а таксама мінскіх сабора Святых Пятра і Паўла, касцёла Святых Сымона і Алены, плошчы Свабоды і панарамы Верхняга горада.

Антон РУДАК. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА