Крокаў па шэрых плітах не чуваць.

Не рыпяць расчыненыя насцеж брамкі. І толькі вецер пасвіствае ў пячных трубах, абпаленых агнём.

У гранітнай цёмна-графітавай адрыне — крывавыя плямы кветак. Няўтульна. Гнятлівая цішыня перарываецца ўдарамі званоў. Уздрыгваеш — страшна. Вельмі. Гэта месца нясцерпнага чалавечага болю...

...Тут калісьці бурліла жыццё. Дзеці весела бегалі па вулачках, нібы зграйкі бесклапотных верабейкаў. Жанчыны даілі кароў, насілі ваду са студняў і пяклі духмяны хлеб. Мужчыны аралі зямлю і касілі высокую сакавітую траву. Старыя сядзелі на лавачках ля моцных платоў і, прыжмурыўшыся, падстаўлялі твары цёпламу сонейку.
А потым прыйшлі звяры. Бруднымі ботамі тапталіся па зямлі, на якую іх не клікалі. Узрывалі. Разбуралі. Здзекаваліся, катавалі, забівалі. Жорстка помсцілі за найменшае непадпарадкаванне і ўжо тым больш за пагрозу ўласнаму жыццю.
22 сакавіка 1943 года фашысты ўварваліся ў беларускую вёску Хатынь і акружылі яе. Прыкладамі аўтаматаў паднімалі з ложкаў старых і хворых, цягнулі за валасы жанчын з маленькімі дзецьмі. Пагналі ў калгасную адрыну.
Людзі плакалі. Іх крыкі танулі ў ліпкім жаху ад кашмарнага прадчування...
Калі дзверы адрыны за імі зачыніліся, а паветра стала напаўняцца пахам гаручай сумесі, дарослыя зразумелі: усім ім вынеслі смяротны прысуд...

Фашысты спалілі ў Хатыні 149 мірных грамадзян, у іх ліку 75 дзяцей. Пакалечанымі, але жывымі засталіся ўсяго некалькі чалавек: сведкамі трагедыі афіцыйна прызнаны адзіны дарослы, 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі, і пяцёра дзяцей.
Вёску карнікі разрабавалі і спалілі дашчэнту — 26 дамоў з надворнымі пабудовамі...

У памяць аб ахвярах фашызму ў 1969 годзе быў адкрыты мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

На яго тэрыторыі — адзіныя ў свеце могілкі вёсак: сімвалічныя магілы, кожная з якіх нагадвае пра адну са спаленых разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і так і не адноўленых беларускіх вёсак. Хатынь стала іх зборнай выявай.

Сёння, 22 сакавіка 2026 года, у мемарыяльным комплексе “Хатынь” праходзіць рэспубліканская акцыя памяці “Прыйдзі і пакланіся”.

Людзі з усіх куткоў Беларусі прыехалі сюды, каб аддаць даніну павагі ахвярам трагедыі.

У цырымоніі ўскладання кветак і агульнай хвіліне маўчання прыняла ўдзел дэлегацыя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на чале з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Русланам Іосіфавічам Чарнецкім.

Беларусь памятае.
Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Ангеліны САРОКІ