Чым плануе здзіўляць наведвальнікаў скансэн у Азярцы?

Зусім непадалёк ад нашай сталіцы ёсць куток, дзе заўжды можна дакрануцца да атмасферы старой беларускай вёскі, зноў адчуць цяпло драўлянай хаты, палюбавацца вытанчанымі сілуэтамі ўтульных цэркваў і велічных млыноў-ветракоў.

Месца гэтае — Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, што ў вёсцы Азярцо Мінскага раёна. Пагутарыўшы з яго новапрызначаным дырэктарам Сяргеем Усікам, мы паглыбіліся ў мінуўшчыну, даведаліся, чым жыве ўстанова сёння і якія мае планы на будучыню.

 

АГУЛЬНЫ КЛОПАТ

Гісторыя скансэна распачалася ў 1976-м, калі была арганізаваная рабочая група па стварэнні музея, у якую ўвайшлі беларускія архітэктары, гісторыкі і этнографы. Рашэнне прымалася на найвышэйшым рэспубліканскім узроўні, у Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Беларусі.

У ліпені 1977 года, калі тагачасны кіраўнік БССР Пётр Машэраў асабіста ездзіў выбіраць месца для скансэна, то запрасіў з сабой Уладзіміра Караткевіча. Пісьменнік славіўся сваімі энцыклапедычнымі ведамі аб помніках беларускай гісторыі ды культуры і звяртаў увагу на тое, якія з іх найперш патрабуюць захавання і рэстаўрацыі.

Яшчэ ў сакавіку таго ж года літаратар апублікаваў у газеце “Звязда” артыкул пад назвай “Наш агульны клопат”, акурат прысвечаны стварэнню музея пад адкрытым небам. Будучы скансэн Караткевіч бачыў такім: “Уявіце сабе вялізнае вадасховішча, хваёвы і лісцёвы лес на яго берагах, а ў гэтым лесе, на ўзлессі і палянах, звезеныя з усіх канцоў Беларусі будынкі...

Тут — тыповы сялянскі двор з Полаччыны ці Ушаччыны, крыху далей — слуцкі або рагачоўскі двор. Уся наша рэспубліка, як на далоні, на плошчы ў нейкіх сто гектараў. На невялікай плошчы — усе праявы помнікаў народнага будаўніцтва: жылога, грамадскага, вытворчага і іншых.

А паколькі людзі не жывуць і не жылі ў пустых хатах, то для хаты кожнага рэгіёна павінна быць і мясцовае ўбранства: розныя тыпы печак, мэблі, начыння, посуду, ткацтва, прадметаў быту — ад драўлянай лыжкі да гаршка, ад старых цымбалаў да сальнічкі”.

Пісьменнік заклікаў усіх неабыякавых да справы стварэння беларускага скансэна складаць спісы помнікаў драўлянага дойлідства ў сваіх мясцовасцях і дасылаць іх у Мінск.

 

СЛЯДЫ МІНУЛАГА

Па ўсёй краіне былі накіраваныя экспедыцыі, якія шукалі, вывучалі і фіксавалі помнікі для перавозкі ў музей і наступнага аднаўлення на новым месцы. Збіраліся таксама прадметы побыту, што мусілі напоўніць інтэр’еры будынкаў. Часам хаты выкупаліся ў прыватных асоб, часам — у калгасаў. Дарэчы, у некаторых з дамоў можна і сёння пабачыць фотаздымкі, дзе выяўленыя іх колішнія гаспадары: такія каштоўныя дакументы для будучай экспазіцыі таксама збіралі ў экспедыцыях.

Нарэшце ў 1982 годзе пачалося будаўніцтва музейнага комплексу, і да 1994-га былі адкрытыя для наведвальнікаў тры сектары экспазіцыі: “Цэнтральная Беларусь”, “Паазер’е” і “Падняпроўе”. Сёння тэрыторыя скансэна налічвае каля паўтары сотні гектараў, тут знаходзяцца каля чатырох дзясяткаў аб’ектаў. Усе помнікі, прадстаўленыя ў музеі, маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

 

НОВЫЯ ІДЭІ

Хтосьці завітвае сюды, каб прыгадаць сваю родную вясковую хату, а мо бацькоўскую ці дзедаву, у якой гасцяваў малым улетку. У каго такога не было, прыязджае, каб пазнаёміцца з традыцыйным побытам беларусаў. Іншыя наведваюцца, каб правесці час на прыродзе, адпачыць ад гарадскога асяроддзя і зрабіць прыгожыя фотаздымкі — музей пад адкрытым небам мусіць быць цікавым для ўсіх.

Новапрызначаны кіраўнік дзеліцца мноствам ідэй, як уласных, так і сабраных падчас першых нарадаў з супрацоўнікамі. Сваю дзейнасць Сяргей Усік пачынаў на педагагічнай ніве, паводле першга дыплома ён выкладчык геаграфіі і біялогіі, пятнаццаць год аддаў сістэме адукацыі. Пасля скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай” і прайшоў перападрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Менеджмент у сацыякультурнай сферы”, а апошнія пяць гадоў працаваў на пасадзе дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

 

СВЯТЫ І ФЕСТЫВАЛІ

На думку Сяргея Усіка, сёння варта прыкласці ўсе намаганні для таго, каб кожны жыхар нашай краіны пабываў у Азярцы. Гэтае месца мусіць быць своеасаблівым кластэрам, што аб’яднае высілкі як дзяржаўнай установы, так і прыватных структур, каб зрабіць наведванне музея прывабным для гасцей.

Разглядаюцца магчымасці дэманстрацыі разнастайных традыцыйных рамёстваў у рамках экскурсій і майстар-класаў, якія могуць прапанаваць супрацоўнікі скансэна.

Стаіць задача распрацоўкі планаў, якія будуць улічваць не толькі такія папулярныя святы, як Каляды, Масленіца альбо Купалле, але і менш вядомыя даты народнага календара, з прымеркаванымі да іх адпаведнымі мерапрыемствамі. Ладзіць іх мяркуецца ў супрацоўніцтве з прадстаўнікамі рэгіянальных цэнтраў народнай творчасці і рамёстваў, а таксама суполак, якія займаюцца вывучэннем і адраджэннем традыцыйнай культуры.

Яшчэ адным перспектыўным напрамкам работы музея з’яўляецца арганізацыя этнафестываляў. Цяпер распрацоўваецца канцэпцыя фестывалю дудароў, таксама тут могуць ладзіцца іншыя масавыя музычныя і песенныя мерапрыемствы.

 

ПРЫВАБНЫЯ ПРАПАНОВЫ

Існуе таксама ідэя ажывіць і разнастаіць экспазіцыю, стварыўшы побач з аб’ектамі музея адмысловыя выгарадкі для размяшчэння жывёл, якія ўжо некалькі гадоў жывуць на яго тэрыторыі, і ўчасткі для дэманстрацыі традыцый гародніцтва і земляробства. Таксама мяркуецца арганізаваць фотазоны з такімі папулярнымі прывабнымі краявідамі, як, напрыклад, сланечнікавыя альбо лавандавыя палі.

З 1 сакавіка ўведзеная спецыяльная прапанова “Адпачынак у музеі: сямейны білет”, што прадугледжвае адмысловыя тарыфы для сямейнага наведвання, якія зробяць шпацыр па прасторах скансэна яшчэ больш прыемным. Цяпер білеты для бацькоў з дзецьмі даступныя са скідкай 10%, умовы акцыі максімальна гнуткія і ўлічваюць розныя склады сям’і, у залежнасці ад колькасці дзяцей і дарослых.

Распрацоўваецца таксама новая комплексная паслуга наведвання музея: акрамя інтэрактыўнай праграмы, яна будзе прапаноўваць гасцям магчымасць удзелу ў коннай прагулцы і аглядным палёце на дэльтаплане альбо верталёце.

 

МІСІЯ ЗАХАВАННЯ

Музей і надалей ладзіць экспедыцыі з мэтай папаўнення новымі прадметамі. Супрацоўнікі культурна-адукацыйнага аддзела вядуць работу па зборы праяў нематэрыяльнай культуры: песень, музыкі, рамёстваў. У тым ліку даследуюцца вясельныя традыцыі, а пасля сабраная інфармацыя выкарыстоўваецца для правядзення шлюбных цырымоній на тэрыторыі скансэна — такая паслуга ўсё часцей запатрабаваная ў моладзі.

Галоўная місія музея — захоўваць, адраджаць і перадаваць новым пакаленням традыцыі народа і помнікі яго драўлянага дойлідства. Задача ўстановы таксама палягае ў тым, каб выхоўваць у наведвальнікаў любога ўзросту любоў і да малой, і да вялікай радзімы, бо нішто так не прывівае патрыятызм, як знаёмства з традыцыямі і абрадамі продкаў. Прытым абавязкова ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці ўсіх груп наведвальнікаў, каб кожнаму, незалежна ад веку, было цікава.

 

ЗБЕРАЖЭННЕ І АДНАЎЛЕННЕ

Помнікі народнай драўлянай архітэктуры ў музеі пад адкрытым небам апрыёры знаходзяцца ў ненарматыўных тэмпературных і вільготнасных умовах, таму супрацоўнікі музея прыкладаюць усе намаганні для іх зберажэння і стварэння аптымальнага рэжыму захоўвання. Для гэтага забяспечваецца вентыляцыя памяшканняў, праводзіцца апрацоўка драўніны прэпаратамі, якія абараняюць яе ад шкоднага ўздзеяння насякомых і грыбоў, ажыццяўляецца кантроль тэмпературы паветра.

Дрэва — матэрыял не вечны, так ці іначай з часам яно парахнее і падвяргаецца гніенню, таму спецыялісты рэстаўрацыйна-будаўнічай службы музея таксама займаюцца рамонтнымі работамі, заменай асобных дэталяў будынкаў.

За апошнія некалькі гадоў на тэрыторыі музея быў адноўлены шэраг помнікаў: прыдарожная капліца 1802-га з вёскі Каралеўцы на Вілейшчыне, Спаса-Праабражэнская царква 1707 года з мястэчка Барань пад Оршай і шатровы млын-вятрак пачатку м ін ул ага стагоддзя з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна.

Летась былі завершаныя рэстаўрацыйныя работы на пабудовах хутара пачатку ХХ стагоддзя, перавезеных сюды яшчэ ў 1980-х з вёскі Цімошкава Міёрскага раёна. Гэты комплекс, характэрны для народнай архітэктуры Паазер’я, уключае хату, хлеў, клець і лазню.

 

ДАЛЕЙШЫЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ

У будучыні мусіць паўстаць і пытанне стварэння чарговых сектараў, якія паказвалі б драўляную архітэктурную спадчыну рэгіёнаў, якіх пакуль няма ў музеі, — Заходняга і Усходняга Палесся, Панямоння, а таксама асобнага сектара, прысвечанага драўлянай архітэктуры беларускіх мястэчак. Важная задача палягае ў тым, каб уратаваць і зберагчы тыя ўзоры драўлянай архітэктурнай спадчыны, якіх сёння, з цягам няўмольнага часу, застаецца ўсё менш. Толькі тады зможам мы захаваць і перадаць нашчадкам жывую памяць пра цеплыню і ўтульнасць нашага агульнага беларускага дому.

Скансэн нездарма паказвае Беларусь у мініяцюры — кожнаму рэгіёну краіны тут адпавядае нават ландшафт, з уласцівымі яму рэльефам і расліннасцю. Хтосьці жыве побач і нічога не ведае пра музей, іншыя мэтанакіравана прыязджаюць сюды здалёк.

Але часта тыя, хто пабываў тут хаця б аднойчы, яшчэ неаднакроць вяртаюцца, каб пазнаёміцца з новымі праектамі, — і скансэну, які няспынна расце ды развіваецца, заўжды ёсць чым парадаваць сваіх гасцей.

Антон РУДАК. Фота з архіваў газеты "Культура" і музея