У аграгарадку Залессе імя Ніны Кенько вядомае кожнаму, хто цікавіцца аўтэнтычнай творчасцю. Гэта прызнаны народны майстар Рэспублікі Беларусь па ткацтве, чые работы — візітоўка Смаргоншчыны. Аднак шлях да ганаровага звання пачаўся з іншага занятку.

Гісторыя поспеху Ніны Кенько вядзе адлік з 2012 года. Менавіта тады яе запрасілі на працу ў раённы Дом рамёстваў. На той момант асноўнай прыладай умеліцы быў вязальны кручок, а свет ткацтва заставаўся нязведаным. Вызначальнай падзеяй аказаўся выезд на Фестываль нацыянальных культур у Гродна. Уражанні ад убачанага натхнілі нашу гераіню. Яна вырашыла крута змяніць творчы вектар і прысвяціць сябе новаму захапленню.
Чарговы этап развіцця майстэрства наступіў у 2017-м, калі быў набыты ткацкі станок. Гэта адкрыла перад Нінай Кенько шырокія гарызонты: яна асвоіла адразу некалькі тэхнік.
Сёння ў арсенале народнага майстра — бранае, настольнае ткацтва, ткацтва на бёрдзе і на рамцы. Таленавітая жанчына не забывае і пра сваё “першае каханне”, працягваючы віртуозна вязаць.

Яркім прыкладам сінтэзу любові да мастацтва і да роднага краю стаў “Мішка”, зроблены руплівымі рукамі Ніны Кенько. Сувенір прыдбаў вялікую папулярнасць і па праве лічыцца брэндам не толькі Дома рамёстваў, але і ўсяго Смаргонскага раёна.
Аднак дзейнасць майстра не абмяжоўваецца стварэннем унікальных прадметаў. Ніна Уладзіміраўна вядзе актыўную асветніцкую працу, імкнучыся прывіць моладзі павагу да традыцыйнай культуры. Умеліца рэгулярна ладзіць майстар-класы як у сваёй установе, так і ў гарадскіх ды сельскіх школах. Для самых зацікаўленых пры Доме рамёстваў ёсць два гурткі: “Кросенцы”, дзе дзеці вывучаюць асновы ткацтва, і “Чароўныя ручкі”, прысвечаны мастацтву вязання.
Так, крок за крокам прайшоўшы шлях ад простага захаплення да высокага звання народнага майстра, Ніна Уладзіміраўна Кенько захоўвае старажытныя тэхналогіі і перадае эстафету традыцый новым пакаленням беларусаў.
Святлана ЖАБІНСКАЯ,
Смаргонскі раённы цэнтр культуры