Пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Аб выніках дзейнасці сферы культуры ў 2025 годзе і задачах развіцця на 2026 год” адбылося 3 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы. У мерапрыемстве паўдзельнічалі намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч і першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.

З асноўным дакладам выступіў міністр культуры Руслан Чарнецкі. Ён распавёў пра дасягненні галіны ў мінулым годзе і акрэсліў прыярытэты на 2026-ы.
КАДРЫ ВЫРАШАЮЦЬ
Перадусім Руслан Іосіфавіч адзначыў: сёння ў культуры працуе больш за 53 тысячы чалавек, што складае 1,3 % ад агульнай колькасці занятага насельніцтва рэспублікі. Кадравая забяспечанасць захоўваецца на дастаткова высокім узроўні — 95 %. Забяспечанасць арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры кіраўнікамі — 98,2 %.

Па словах міністра, асаблівую ўвагу неабходна надаваць маладым спецыялістам, што працаўладкоўваюцца па размеркаванні. Гэта амаль 1500 выпускнікоў штогод, з якіх каля 64 % застаецца ў сферы.
Належыць узмацняць падтрымку маладых кадраў, асабліва ў рэгіёнах, каб гэтыя адмыслоўцы бачылі далейшыя перспектывы прафесійнага росту не толькі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах.
БУДУЧЫНЯ ГАЛІНЫ
Руслан Чарнецкі паведаміў, што сёння ва ўстановах адукацыі сферы культуры навучаецца 126 тысяч чалавек.

Для павышэння якасці адукацыі і падрыхтоўкі запатрабаваных спецыялістаў у 2025-м павялічаны кантрольныя лічбы прыёму на бюджэт і набор па мэтавых накіраваннях. Першыя мэтавікі з’явіліся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, адкрыты перспектыўныя спецыяльнасці — «дызайн анімацыі» і «дызайн гукавога асяроддзя». Адпаведна, абноўлены і агульнадзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцей.
Зацверджаны новыя стандарты і прыкладны вучэбны план па спецыяльнасцях «цыркавое мастацтва» і «дызайн гукавога асяроддзя», абноўлены змест 17 вучэбных праграм.
Структурныя змены закранулі Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. З 1 верасня 2025 года там працуе аб’яднаны факультэт кіно, тэатра і тэлебачання, у аснове адукацыйнай праграмы якога ляжыць практыка-арыентаваны падыход. Павялічаны набор на спецыяльнасць «акцёрскае мастацтва» за кошт бюджэту, адкрыта падрыхтоўка па профілі «рэжысура ігравога кіно».
МАТЫВАЦЫЯ ДЛЯ РОСТУ
Устойлівае развіццё сферы культуры немагчымае без эканамічнай эфектыўнасці, заўважыў міністр. Ён канстатаваў, што выкананы паказчык “Аб’ём пазабюджэтных (уласных) сродкаў дзяржаўных арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры”, устаноўлены Мэтавым планам сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2025 год.

Уласныя даходы арганізацый галіны дасягнулі 436 мільёнаў рублёў, што на 23 % больш за мінулы год. Экспарт паслуг склаў 10 мільёнаў долараў ЗША пры тэмпе росту 107 %, што пацвярджае запатрабаванасць нашага культурнага прадукту за мяжой.
За кошт бюджэтных сродкаў надбаўка за працу ў галіне павялічана з 30 да 64 % акладу, а аб’ём уласных сродкаў, вылучаных на стымулюючыя выплаты, вырас на 126 %. Дзякуючы гэтаму сярэднямесячная заработная плата ў сферы культуры павысілася на 23 %, а ў бюджэтных арганізацыях — на 25 %.
З 1 студзеня 2026 года надбаўка за працу ў галіне работнікам бюджэтных арганізацый культуры павялічваецца з 64 да 66 % сумы акладаў, а памер сродкаў, што накіроўваюцца на надбаўку за высокія прафесійныя і творчыя дасягненні, складанасць і напружанасць працы, устанаўліваецца ў дыяпазоне ад 17 да 32 %.

На стымулюючыя выплаты работнікам плануецца выдаткаваць на 9 % больш уласных даходаў, чым у 2025-м. Указаныя меры дадуць магчымасць сёлета забяспечыць рост заработнай платы ў нашай сферы на 13 %.
АСНОВЫ РАЗВІЦЦЯ
Паводле слоў дакладчыка, важнай падзеяй стала прыняцце пастановы Савета Міністраў № 454, якая ўдасканаліла парадак фарміравання і вядзення рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Гэта дазволіла павысіць празрыстасць і падкантрольнасць дзейнасці арганізатараў мерапрыемстваў.
Працягваецца маштабная работа па распрацоўцы змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб культуры, якую неабходна завяршыць да канца года. Новы кодэкс мусіць цалкам адпавядаць сучасным патрабаванням з разлікам на заўтрашні дзень.
Пры падтрымцы Прэзідэнта і Урада ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база сферы культуры. У 2026-м будзе завершана ператва-рэнне навучальнага корпуса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і будынка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

А да знакавай даты — 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны — плануецца закончыць музеефікацыю збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў рамках праекта Саюзнай дзяржавы.
БІБЛІЯТЭКІ, МУЗЕІ, ТЭАТРЫ
Як канстатаваў Руслан Чарнецкі, летась культурна-асветніцкія ўстановы прадэманстравалі высокія вынікі — у многім дзякуючы абноўленым падыходам да арганізацыі працы.

Колькасць наведванняў бібліятэк павялічылася на 9,4 % у параўнанні з папярэднім годам — пераважна за кошт удасканалення якасці мерапрыемстваў. Завяршаецца рэалізацыя праекта аўтаматызаванай сістэмы “Электронная бібліятэка”.
Музейная сфера дэманструе рост. Наведвальнасць павысілася на 13,4 %, колькасць экскурсій — на 10 %, культурна-адукацыйных мерапрыемстваў — на 8,5 %, а наведванняў на платнай аснове стала больш на 18,8 %.
Асноўнай задачай для галіны ў 2026-м з’яўляецца заканчэнне работ у новым будынку Нацыянальнага гістарычнага музея, які будзе месцам гонару і крыніцай натхнення для нашага мірнага, працавітага, вельмі таленавітага і творчага народа.
Што тычыцца тэатраў, міністр сказаў, што ў цэлым яны паспяхова справіліся з рэалізацыяй Указа Прэзідэнта № 275, якім у 2025 годзе зменены механізм фінансавання гэтых устаноў на парытэтны. Тут важна не змяншаць тэмпаў і ўдасканальваць рэпертуарную палітыку.

Беларускі тэатр запатрабаваны не толькі ў нас, але і за мяжой, што летась пацвердзілася пашырэннем геаграфіі гастролей.
МІЖНАРОДНЫЯ СУВЯЗІ
Культурнае міжнароднае супрацоўніцтва — асноўны інструмент ва ўмацаванні ўзаемаразумення і фарміраванні спрыяльнага іміджу нашай краіны.
Падпісаны праграмы супрацоўніцтва з В’етнамам, Кітаем, Кыргызстанам, гатова да падпісання дарожная карта з Татарстанам, Зімбабвэ, Грузіяй, Інданезіяй, Уругваем. Упершыню было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы культуры з М’янмай. У рамках традыцыйных абменных Дзён культуры здабыткі галіны былі прадстаўлены летась у Расіі і ва Узбекістане.
Міністр заклікаў выкарыстоўваць кожную магчымасць для наладжвання кантактаў з дружалюбнымі краінамі.

У якасці выдатнага прыкладу Руслан Чарнецкі прывёў актывацыю супрацоўніцтва ў мінулым годзе з Аманам. У гэтага ўзаемадзеяння ўжо ёсць практычны вынік.
ПАДТРЫМКА ТАЛЕНТАЎ
Сярод прыярытэтных кірункаў Руслан Іосіфавіч вылучыў працу з таленавітай моладдзю, якая ў 2025-м была працягнута.

Упершыню арганізаваны рэспубліканскі фестываль “Таленты Беларусі — будучыня краіны”, які прайшоў па ўсёй рэспубліцы і аб’яднаў юныя таленты з усіх яе куткоў.

Міністр заявіў, што праца з таленавітай моладдзю павінна весціся вельмі адказна: не варта забываць пра чалавека пасля атрымання ім гранта ці заахвочвання, належыць сачыць за лёсам кожнага, калі трэба — дапамагаць.
Адбор кандыдатаў на прысуджэнне прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва і на прадастаўленне грантаў Прэзідэнта ў сферы культуры таксама павінен ісці пастаянна, падтрымка мусіць дасягнуць тых праектаў і людзей, якія сапраўды гэтага заслугоўваюць.
АЙЧЫННЫ КІНЕМАТОГРАФ
Адной з галоўных задач, пастаўленых Прэзідэнтам пры назначэнні Руслана Чарнецкага на пасаду міністра культуры, было адраджэнне беларускага кіно. Па словах кіраўніка ведамства, за мінулы год удалося дабіцца пэўных поспехаў у гэтым напрамку.
Удзельная вага паказаў айчынных фільмаў у 2025-м у параўнанні з пачаткам пяцігодкі вырасла з 2 да 28,8 %, то-бок у 13,5 раза. Гледачы беларускіх фільмаў летась склалі 42 % ад агульнай колькасці наведвальнікаў кінасеансаў, а даходы ад паказу — 15,5 % ад усяго аб’ёму.
Як заўважыў Руслан Іосіфавіч, каб утрымаць і пашырыць такія пазіцыі, у пракаце неабходная якасная і разнастайная прадукцыя.
Падчас візіту на Нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм” у чэрвені 2025 года Аляксандр Лукашэнка справядліва раскрытыкаваў творчую палітыку — у прыватнасці, недахоп народных фільмаў і тэлесерыялаў. У мэтах выпраўлення сітуацыі былі перагледжаны тэматычныя планы кінавытворчасці на 2025—2026-ы.

Летась выйшлі меладрама “Класная”, якая сабрала ў пракаце больш за 1 мільён 230 тысяч рублёў і стала самай касавай айчыннай карцінай апошніх гадоў, і спартыўная драма “Пераломны момант”.

Запушчаны ў вытворчасць прыгодніцкі фільм “Афганская шкатулка” і героіка-дэтэктыўны серыял “Слова афіцэра”. Сёлета плануецца запуск народнай камедыі “Востраў” і містыка-прыгодніцкай кінастужкі, а таксама завяршэнне здымак навагодняй камедыі.
Другое нараджэнне перажывае беларуская анімацыя. У рамках рэалізацыі стратэгіі развіцця на 2026—2030 гады яна пераарыентавана на вытворчасць поўнаметражных анімацыйных фільмаў і серыялаў.

Пераналаджана праца студыі неігравога кіно “Летапіс”. Дзякуючы гэтаму неігравыя фільмы, такія як дылогія “Генацыд беларускага народа” і “Душа абаронцы”, не толькі вяртаюць укладзеныя ў іх сродкі, але і прыносяць даход.
Паспяховай папулярызацыі беларускай прадукцыі садзейнічае правільная маркетынгавая стратэгія. Паводле дакладчыка, даходы “Беларусьфільма” ад рэалізацыі маёмасных правоў у 2025 годзе ў параўнанні з 2024-м выраслі больш як на 30 %.
Сёлета задачамі кінематаграфіі з’яўляюцца выкананне паказчыкаў бізнес-плана развіцця Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм”, далейшае зніжэнне агульнастудыйных расходаў і кошту карцін дзякуючы скарачэнню тэрмінаў вытворчасці, фарміраванню аптымальных здымачных груп, пашырэнне жанравай разнастайнасці прадукцыі і нарошчванне экспарту паслуг.
СКЛАДНІКІ ПАДЗЕІ
Таксама на пасяджэнні выступіў першы намеснік міністра Дзмітрый Шляхцін з дакладам аб асобных пытаннях арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў і перспектывах працы канцэртных і культурна-асветніцкіх арганізацый.
Намеснік міністра Сяргей Саракач распавёў аб выніках працы, перспектывах развіцця аховы гісторыка-культурнай спадчыны і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны.
Даклады аб забеспячэнні дадатковых умоў для рэалізацыі творчага патэнцыялу моладзі і аб выніках працы Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” у 2025 годзе і задачах на 2026-ы прадставілі дырэктар Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталія Кароціна і генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Дзмітрый Сямёнаў.

Акрамя таго, у фае Нацыянальнай бібліятэкі для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства была зладжана выстава дасягненняў арганізацый і ўстаноў культуры з розных рэгіёнаў краіны.


Антон РУДАК. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА