Сёння, 15 сакавіка, мы адзначаем Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Установы культуры падрыхтавалі да свята Асноўнага Закона адмысловыя праекты.

Пэўна, найбольш дасканалая тэматычная выстава разгарнулася 12 сакавіка ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці — філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея.
— Наша Канстытуцыя ўвасобіла гістарычны досвед станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Яна грунтуецца на неад’емным суверэнным праве народа самастойна вызначаць свой лёс і быць паўнавартасным суб’ектам сусветнай супольнасці, — заўважаюць арганізатары праекта.

Часовая экспазіцыя адлюстроўвае храналогію развіцця канстытуцыйных асноў у краіне, расказвае аб падрыхтоўцы і прыняцці Канстытуцыі 1994 года, яе змяненні і дапаўненні ў сувязі з палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі рэаліямі.

Як нагадваюць музейшчыкі, рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю адбыўся 27 лютага 2022 года. За станоўчае рашэнне выступіла 82,86 % грамадзян, гэта значыць большасць дададзеных у спісы для галасавання.

У экспазіцыі прэзентаваны арыгінальныя экзэмпляры Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь розных гадоў, прадстаўленыя Нацыянальным архівам, друкаваныя выданні са збору Прэзідэнцкай бібліятэкі і матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея.
Выстава дазваляе пазнаёміцца з дакументамі, якія адлюстроўваюць працу Цэнтральнай выбарчай камісіі. Таксама наведвальнікі могуць убачыць падарункі замежных дэлегацый.

Праект падрабязна раскрывае асноўныя палажэнні дзейнай Канстытуцыі, яе ролю і месца ў сістэме дзяржаўнага ўпарадкавання краіны.
Служба інфармацыі “КіМ”.
Фота з сайта “Архивы Беларуси”