Адзін з найстарэйшых у Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, а адразу БДТ-2, восенню адзначыць 100-годдзе. Напрыканцы лістапада 1926-га ў будынку на Смаленскай плошчы ў Віцебску ўстанова прыняла першых гледачоў. Сёння мы распачынаем серыю публікацый летапісу да векавога юбілею калектыву.

1921—1926. МАСКВА
Гісторыя Коласаўскага пачалася ў 1921 годзе з вераснёўскай пастановы ЦК КПБ(б), згодна з якой зацвярджаўся “першы акадэмічны нацыянальны тэатр і студыя гэтага тэатра ў Маскве”. Такім чынам, пры Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры была арганізавана студыя пад кіраўніцтвам артыстаў і рэжысёраў В. Смышляева, Б. Афоніна, А. Бондарава, А. Гейрата, М. Успенскай.

Беларуская драматычная студыя ў Маскве, 1925 год. У цэнтры — В. Смышляеў
На вучобу запрашаліся маладыя рабочыя і сяляне, якія мелі здольнасці да тэатральнага мастацтва. Прыёмныя экзамены праводзіліся ў Мінску, потым у Маскве. Прычым праз год кожны залічаны зноў падпадаў пад выпрабаванні. У выніку быў сфарміраваны асноўны склад трупы з 35 чалавек.

Аляксей Бондараў, першы кіраўнік студыі
Усяго ж за час існавання студыі, а гэта пяць гадоў — з 1921-га па 1926-ы, праз іспыты прайшлі больш за 400 прэтэндэнтаў. Вучэбная майстэрня стваралася пад першы драмтэатр, але ўжо ў 1924-м яго штат укамплектавалі. У тую ж пару тэрыторыі Віцебшчыны трапілі ў склад БССР. І вось на самым высокім узроўні было прынята рашэнне аб заснаванні “на перыферыі”, якой тады лічыўся рэгіён, БДТ-2 — з мэтай зрабіць тэатр даступным для шырокіх мас працоўных і залучыць гэты від мастацтва ў справу будоўлі дзяржавы.
1925—1926. ВІЦЕБСК
Размясцілі БДТ-2 у будынку былога гарадскога тэатра на Смаленскай плошчы (цяпер — вуліца Леніна, двор Віцебскай філармоніі).

Правялі капітальны рамонт закуліснай часткі, фае, уваходнай групы. У прыватнасці, пераклалі падлогу сцэны — яе зрабілі не спусцістай, як таго патрабавалі традыцыі старога тэатра, а роўнай. Каласнікі прыстасавалі для новых пастановак, удасканалілі асвятленне. Памяшканне пад аркестр выканалі на ўзор Маскоўскага мастацкага тэатра, каб можна было рэгуляваць гук. Працы закранулі тэхнічную частку і механізмы, грымёркі і фае, якое стала агульным для галерэі, балкона і партэра. Згодна з публікацыяй у тагачаснай мясцовай газеце “Заря Запада”, гэта мусіла “сцерці мяжу паміж рознымі гледачамі”. З’явіліся і новыя дэкарацыі, касцюмы. І ўжо вясной 1926 года тэатр быў гатовы да сустрэчы з творчым калектывам.
ЛЕТА, 1926. МАСКВА — ВІЦЕБСК
Дырэктарам прызначылі Мікалая Красінскага, на ролю мастацкага кіраўніка запрасілі рэжысёра МХАТа Сурэна Хачатурава — вучня Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У пачатку чэрвеня трупа разам з адміністрацыяй прыбыла ў Віцебск. Такі ранні прыезд — за некалькі месяцаў да старту тэатральнага сезона — абумоўліваўся неабходнасцю адаптавацца на новым месцы, прызвычаіцца да залы, адрэпеціраваць п’есы.

Павел Малчанаў
Вось што згадвае ў запісах адзін з акцёраў таго пакалення Павел Малчанаў: “Большасць з нас упершыню ўбачыла Віцебск. Пасля Масквы ён падаўся ціхім. Віцебская інтэлігенцыя ганарыцца сваім горадам, які раскінуўся на берагах трох рэк. Мы павінны былі заваяваць гэты горад, скарыць сэрцы яго жыхароў, прымусіць іх палюбіць нас, інакш наша праца аказалася б бескарыснай і непатрэбнай”. Сам будынак творчая суполка адчула родным. Артысты хутка асвоіліся ў новых памяшканнях і новых ролях. Учарашніх навучэнцаў студыі МХАТ распусцілі на адпачынак, каб ужо ў верасні сустрэць у якасці акцёраў.
ЛІСТАПАД, 1926. ВІЦЕБСК
Адкрыццё тэатра адбылося 21 лістапада. На ўрачыстасць запрасілі старшыню Інбелкульта Ігнатоўскага, наркама асветы Баліцкага, старшыню Галоўпалітасветы Шамардзіну, іншых афіцыйных асоб. З уздымам прыняла падзею айчынная інтэлігенцыя, у прыватнасці — літаратары. Так, свята наведалі Янка Купала, Змітрок Бядуля, Міхась Чарот, Кузьма Чорны. Міхайла Грамыка прысвяціў адкрыццю БДТ-2 верш, які і прачытаў тады ж.

Не пакінула імпрэзу па-за ўвагай і прэса. Непасрэдна ў гэты дзень газета “Заря Запада” пісала: “Другі Беларускі дзяржаўны тэатр. Смаленская плошча, 4. Нядзеля, 21 лістапада. Адкрыццё тэатра. Паказаны будзе спектакль «У мінулы час» І. Бэна. Першы паказ. Народная трагедыя ў чатырох дзеяннях. Пастаноўка Барыса Афоніна. Рэжысёры Мікалай Міцкевіч і Канстанцін Саннікаў. Паказ закрыты. Уваход выключна па запрашэнні”.
1926—1940. ВІЦЕБСК

Якуб Колас с трупай тэатра
У першыя гады рэпертуар тэатра даволі разнастайны, складаецца з дэталёва прапрацаваных п’ес. Граюцца “Цар Максімільян”, “Сон у летнюю ноч” і “Вакханкі” ў пастаноўцы Смышляева, “Эрас і Псіхея” — Афоніна. Пазней былі прадстаўлены “Разлом” Б. Лаўранёва, “Рэйкі гудуць” У. Кіршона, “Качагары” У. Гурскага. З класікі — “Беспасажніца” і “Лес” А. Астроўскага.

Марыя Бялінская ў спектаклі "Вайна вайне"
Планы дырэкцыі падрыхтаваць спектаклі, якія максімальна адлюстроўваюць беларускае жыццё, былі рэалізаваны. Пасля перамоў з тагачаснымі айчыннымі аўтарамі і дэтальнага вывучэння літаратуры ў БДТ-2 увасобілі “Апраметную” і “Астапа”.

Трупа БДТ-2, 1928 год
У 1930-я гады пастаўлены “Вайна вайне” і “У пушчах Палесся” Я. Коласа, “Пагібель воўка” Э. Самуйлёнка. Праз пэўны час тут з’явіцца легендарная пастаноўка “Несцерка” — візітоўка Коласаўскага тэатра. Але пра гэтую работу — ужо наступным разам.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіваў установы