Самаадданыя намаганні Галіны Салавей па аднаўленні мінулага вёскі адзначаны на высокім прафесійным узроўні. Загадчыца Востраўскай сельскай бібліятэкі (філіял Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Брэсцкай вобласці) — уладальніца дыплома першай ступені ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” ХХХІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.

Больш за тры дзесяцігоддзі Галіна Міхайлаўна жыве і працуе ў Востраве. Калісьці вёска сустрэла дзяўчыну як родную, і наша гераіня аддзячыла ўзаемнасцю, узнавіўшы па крупінках багатую гісторыю паселішча.

— Ідэю стварэння своеасаблівага летапісу я выношвала даўно, — гаворыць Галіна Салавей. — Нашы чытачы паважнага ўзросту, наведваючы бібліятэку, не-не ды і раскажуць якую-небудзь цікавую гісторыю. Да прыкладу, пра існаванне ў 1918-м у Востраве электрычнасці. Яе забяспечваў генератар, прывезены немцамі, якія кватаравалі тут падчас Першай сусветнай вайны: лінія фронту праходзіла непадалёк.
Пазней Галіна Міхайлаўна знайшла фота вясковай вуліцы са слупамі і з нацягнутымі правадамі. Акрамя гэтага здымка, у краязнаўчай экспазіцыі скарбніцы багата іншых дакументаў і рэчаў, ахвяраваных астраўчанамі.
ПА КРУПІНКАХ — У КАРЦІНУ
Захапляльныя расповеды падштурхнулі бібліятэкара да пошукаў. А пачаліся яны з аналізу найбольш даступных рэсурсаў — падшывак раённай і абласной газет.
— Рэгіянальная прэса — свайго роду летапіс краю, — лічыць Галіна Міхайлаўна. — Публікацыі, што датычылі востраўскіх падзей і адлюстроўвалі побыт і працу нашых землякоў у розныя гады, падмацаваны перададзенымі нам прадметамі, дакументамі. Разам з маімі памочнікамі мы занатоўвалі ўспаміны доўгажыхароў, іх нашчадкаў. Так цікава: паведамленні і факты пераклікаліся, складваючыся ў агульную карціну!

Калі ж гэты рэсурс быў вычарпаны, даследчыца накіравалася ў архіў. Там яна таксама знайшла нямала звестак аб вёсцы з XV стагоддзя і да сучаснасці — у тым ліку пра падзел Рэчы Паспалітай, пераход у Расійскую імперыю, войны і рэвалюцыю, калектывізацыю, жыццё пад Польшчай.
— Праца насамрэч праведзена вялікая, — адзначае дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч. — Галіна Міхайлаўна не толькі адшукала займальныя гістарычныя дадзеныя, але і сістэматызавала іх, з дапамогай калег падрыхтавала экспазіцыю.
Да таго ж матэрыял алічбаваны, на яго аснове створаны інтэрактыўны анлайн-праект і невялікі відэафільм.
КАШТОЎНЫЯ ЗВЕСТКІ

— Сяло Востраў вядомае з 1482-га як частка Навагрудскага павета Вялікага Княства Літоўскага, — заўважае Галіна Салавей. — На жаль, інфармацыі, якая тычыцца таго перыяду, вельмі мала. Мы толькі выявілі, што вёска ўваходзіла ў склад Слонімскай, потым — Літоўскай, Гродзенскай, Мінскай губерняў, была фальваркам маёнтка Рэпіхава. З 1921 па 1939 год Востраў, як і ўся Заходняя Беларусь, — тэрыторыя Польшчы.

Успаміны мясцовых пра тую пару, запісаныя краязнаўцам у розныя часы, захоўваюцца ў бібліятэчнай скарбонцы.
— Няпроста аказалася працаваць з такім матэрыялам, — канстатуе Галіна Міхайлаўна. — Астраўчане згадвалі дзіцячыя перажыванні — збольшага вельмі сумныя і зблытаныя. А калі мы ўзяліся запісваць расповеды пра ваеннае ліхалецце — гэта быў сапраўдны боль.

У 1941—1944-м у Востраве стаяў нямецкі гарнізон. Людзі актыўна змагаліся з ворагам, арганізаваўшы падполле. Звесткі пра гэтую дзейнасць удалося знайсці ў Дзяржаўным архіве, на спецыялізаваных сайтах і падмацаваць успамінамі і дакументамі.
— Нам перадалі копіі аўсвайсаў, якія немцы выпісвалі насельніцтву, актаў, паведамленняў, — працягвае Галіна Салавей. — Астраўчанка Алена Надалінская, прыкладам, прынесла ваенны білет бацькі, яго ўзнагароды. Так па кавалачку, як мазаіку, складалі агульную карціну.
Не менш вартымі рэчамі падзялілася Ганна Якавец. Яна ахвяравала бібліятэцы пашпарты бабулі і дзядулі, выпушчаныя ў 1918-м, а яшчэ — старыя фота, праз якія таксама можна прасачыць гісторыю краю.

НА КАРЫСЦЬ СУЧАСНІКАМ
Калі назапашанага матэрыялу стала даволі багата, узнікла ідэя аформіць яго ў адзіны праект, сканцэнтраваўшыся на гераічным мінулым. Тут на дапамогу энтузіястцы прыйшла загадчыца аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Ляхавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Лізавета Мацулевіч. Жанчыны распрацавалі агульную канцэпцыю, напісалі сцэнарый фільма і ўзяліся за здымкі.
Цяпер і сам праект, і стужка даступныя на сайце ЦБС. Яго актыўна выкарыстоўваюць педагогі Востраўскай сярэдняй школы, літаратары, гісторыкі, чытачы.

— Перыядычна праводзім патрыятычныя мерапрыемствы, аўтарскія вечарыны мясцовых паэтаў Ірыны Войцік і Аляксандра Петрашэвіча, абапіраючыся на сабраны матэрыял, — кажа Галіна Салавей. — Пасля такіх сустрэч наведвальнікі часцей звяртаюцца да кніг ваеннай тэматыкі, краязнаўчых твораў.

Але нават не гэта галоўнае. Важна, што астраўчане і жыхары навакольных вёсак усё больш згуртоўваюцца вакол нашай скарбніцы, цікавяцца яе дзейнасцю, дапаўняюць выставу сваімі экспанатамі і становяцца сябрамі нашай бібліятэкі.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіваў установы