Айчынны кінапракат узбагаціўся дакументальнай навінкай “Душа абаронцы”, што з’явілася на шырокіх экранах 12 лютага. Як нараджалася карціна і ў чым галоўны пасыл — расказваюць яе героі і стваральнікі.




Выстава сучаснага абмундзіравання, тэхнікі і ўзбраення беларускай арміі, пагранічнікаў і міліцыі, аўтограф-сесія з рэжысёрам, вядомым тэлежурналістам Рыгорам Азаронкам і сэлфі на чырвонай дарожцы — на прэм’еры ў сталічным кінатэатры “Масква” панавала асаблівая атмасфера.


Між тым стужка, створаная Нацыянальнай студыяй “Беларусьфільм” пры падтрымцы Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, ужо дэманстравалася ў рамках XXXI Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад”. На буйным форуме работа заваявала спецыяльны дыплом “За яркае адлюстраванне ідэй патрыятызму ў нацыянальным кіно”.
— Выхад у шырокі пракат — падзея, якая заўсёды выклікае хваляванне, — адзначыў генеральны дырэктар студыі “Беларусьфільм” Дзмітрый Сямёнаў. — Што да супрацоўніцтва з Рыгорам, атрымалася вельмі ўдала і прадуктыўна. Мы знаходзілі новыя пункты сутыкнення, разам вучыліся чамусьці каштоўнаму. Думаю, наперадзе яшчэ мноства якасных сумесных праектаў.

АБ’ЯДНАЎШЫ НАМАГАННІ
Кансультантам здымачнай групы выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. Рэдактарам стужкі стаў Артур Ільіных, аператарам — Цімур Баціраў, кампазітарам — Леанід Шырын.

— Дзякуй кіраўніцтву краіны і творчай камандзе, а таксама моладзі, якая падтрымала ідэалагічны праект, — сказаў рэжысёр Рыгор Азаронак. — Дзякуй Аляксандру Асенку, дырэктару “Сталічнага тэлебачання”. Ён пайшоў на гэты незвычайны эксперымент, калі журналіст працуе па сумежнай лініі. Вядома, дзякуй Міністэрству абароны, Дзяржпагранкамітэту, унутраным войскам: не адрываючыся ад напружанай службы, яны надавалі патрэбную нам увагу.
ІГРАЦЬ НЕ ДАВЯЛОСЯ

Здымкі ладзіліся на рэальных пляцоўках Узброеных Сіл Беларусі. Значная частка — у падраздзяленнях Гомельскай пагранічнай групы. Сюжэт мастацка-публіцыстычнай карціны пабудаваны вакол штодзённага жыцця вайскоўцаў.

Цэнтральная тэма — самаадданая абарона Айчыны — раскрываецца праз партрэты тых, хто першым прымае на сябе ўдар у момант небяспекі. Глыбока даследуюцца асобы пагранічнікаў і байцоў спецпадраздзяленняў, чыя галоўная зброя — унутраная стойкасць і душа.

Як гэта — вартаваць бяспеку рэспублікі ў адзін з самых напружаных перыядаў гісторыі, адчуваючы адказнасць не толькі за сваю сям’ю, але і за мільёны простых беларусаў? У чым сакрэт мужнасці людзей, якія прысвячаюць сябе ахове Радзімы? Які агонь гарыць у іх сэрцах?

На фоне такіх глыбокіх і няпростых разважанняў разгортваецца дзея ў рабоце “Душа абаронцы”.
Сярод герояў, чые ўчынкі і маральныя прынцыпы ілюструюцца рэжысёрскімі пошукамі і паўстаюць непасрэдным адказам на праблемныя пытанні твора, — намеснік начальніка аддзялення пагранічнага кантролю “Камарын” Уладзіслаў Свірыдаў. Па яго словах, стужка выдатна адлюстроўвае рэаліі, у якіх знаходзяцца і выконваюць свой складаны, але вельмі важны абавязак абаронцы краіны.
— Нам не давялося іграць: паказанае ў фільме — наша штодзённасць. Раю паглядзець кіно ўсім, хто жадае зразумець значэнне ваеннай прафесіі, — падкрэсліў афіцэр.
ЭФЕКТНЫ ПАРТРЭТ
Знялася ў “Душы абаронцы” і жонка Уладзіслава — намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце аддзялення пагранічнага кантролю “Гомель” Кацярына Свірыдава.

Яе эфектны партрэт упрыгожыў адну з яркіх афіш карціны.
— Удзячная рэжысёру за такую кранальную стужку. Назва цалкам адпавядае зместу! — падзялілася ўражаннямі гераіня. — Удала перададзена, як мы, простыя вайскоўцы, ахоўваем Айчыну.
Дарэчы, звязаць жыццё са службай дзяўчына вырашыла яшчэ ў школьныя гады. Планавала паступаць у Акадэмію МУС, а потым захацела ў Інстытут пагранічнай службы.

— Адразу зразумела, што пайду менавіта туды. Пасля чатырох гадоў навучання размеркавалі ў Гомельскую пагранічную групу, набыла воінскае званне “лейтэнант”. Ні разу не пашкадавала аб выбары! — распавяла Кацярына.
У кадры, між тым, яна аказалася ўпершыню. І дзякуючы кіно, як прызнаецца, прыдбала каласальны досвед.
— Было досыць няпроста, бо раней не здымалася нават у відэароліках. У карціне паказана ўсё маё жыццё, самыя шчырыя эмоцыі. Атрымалася выдатна, — мяркуе Кацярына Свірыдава. — Асабліва запомніўся момант, калі спыталі, хто мой галоўны натхняльнік. Вядома, гэта муж! Захапляюся яго выпраўкай, тым, як высока і горда нясе званне пагранічніка і ніколі не здаецца на шляху да мэты.
НЕШТА БОЛЬШАЕ

Рыгор Азаронак неаднаразова падкрэсліваў: “Душа абаронцы” — спроба адказаць на пытанне, у чым заключаецца беларуская сіла. І праз свой твор журналіст нарэшце прыйшоў да запаветных натхняльных высноў.
— Яна ў людзях, — перакананы рэжысёр. — У тых, для каго ёсць нешта большае за ўласнае жыццё. Гэта нашы салдаты, нашы воіны, нашы абаронцы!


Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота аўтара і з архіваў кінастудыі