За вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і шматгадовую добрасумленную працу ў галіне культуры Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу ўзнагароджаны начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк.

— Сяргей Барысавіч, перадусім дазвольце павіншаваць вас з узнагародай. Калі ласка, распавядзіце пра здабыткі, якія былі для яе падставай.
— Дзякуй. Насамрэч летась на Брэстчыне зроблена шмат. Асноўная падзея — рэспубліканская акцыя “Культурная сталіца Беларусі” ў Іванаве, дзе пры фінансавай падтрымцы аблвыканкама, у прыватнасці ўпраўлення культуры, зладзілі больш за 200 мерапрыемстваў рознага маштабу. Напрыклад, у рамках падпісаных пагадненняў паміж Брэсцкай вобласцю і суб’ектамі Расійскай Федэрацыі ў імпрэзах удзельнічалі вядомыя артысты братэрскай дзяржавы.
— Першы рэгіён багаты на элементы гісторыка-культурнай спадчыны. Што робіцца дзеля іх захавання?

— Гэтай дзейнасцю займаемся пастаянна. У 2022-м згодна з даручэннем Кіраўніка дзяржавы поўнасцю завершаны працы ў Косаўскім палацы. За час рэканструкцыі, якая доўжылася з 2008 да 2022 года, асвоена амаль 36 мільёнаў рублёў з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Дарэчы, летась палац наведала больш за 127 тысяч чалавек.
— А што акрамя Косава?
— У рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” завершаны працы ў палацавым комплексе г. п. Ружаны. Так, з пачатку рэстаўрацыі ўсходняга корпуса — а доўжыцца яна з 2012-га — на аб’ект накіравана 5,9 мільёна рублёў з рэспубліканскага бюджэту. Каб працы выконваліся бесперапынна, затрачана і 2,5 мільёна рублёў з мясцовага бюджэту. Пабудовы комплексу ўключаны ў Дзяржаўную праграму “Культурная прастора” на 2026—2030-ы. Такім чынам, аднаўленне нацыянальнай каштоўнасці будзе працягнута.

Пра важнасць гэтага кірунку дзейнасці казаць не прыходзіцца: Ружанскі палац роду Сапегаў у мінулым годзе наведала амаль 45 тысяч чалавек, у тым ліку і замежныя турысты.
— Пашыраючы тэму папулярызацыі культурнай спадчыны, раскажыце пра брэндавыя мерапрыемствы Брэсцкай вобласці.

— Такіх у нас — звыш 50.

Сярод найбольш яркіх можна адзначыць міжнародныя фестывалі: тэатральны — “Белая вежа”, класічнай музыкі — “Студзеньскія музычныя вечары”, фальклорны — “Мотальскія прысмакі”, духавой музыкі — “Беларускія фанфары”.

Майстры збіраюцца ў Баранавіцкім раёне на рэгіянальнае свята кавальства “Крашынскі перазвон”, а на Ганцавіччыне — на свята народных промыслаў і рамёстваў “З народнымі традыцыямі ў новы век”.

Ладзяцца экалагічныя, патрыятычныя, спартыўна-турыстычныя, гастранамічныя мерапрыемствы. Прычым у кожнага ёсць свае прыхільнікі.
— Турыстычны патэнцыял будуецца і на захаванні нацыянальных традыцый. Што сёння робіцца для іх падтрымкі?
— І гэта вельмі важны кірунак працы. Недарма кажуць, што будучыня грунтуецца на мінулым. Таму работнікі культуры Брэстчыны шчыруюць над выяўленнем, аховай і ўключэннем элементаў нематэрыяльнай спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, які на пачатак 2026 года ўтрымлівае 24 пункты ад нашай вобласці. Прыемна, што абрады і звычаі адраджаюцца і працягваюць жыць.

Побач з дарослымі калектывамі выступаюць дзіцячыя, якім носьбіты фальклору перадаюць назапашанае багацце. Яркі прыклад пераемнасці традыцый — дзейнасць заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага фальклорнага калектыву “Вясковая табала” філіяла “Хаціслаўскі СДК” Маларыцкага раённага цэнтра культуры.
— Пэўна, ажыццяўляюцца і нейкія праекты?

— Так. Напрыклад, вельмі рознабаковым стаў этнапраект “Рух зямлі”, мерапрыемствы якога праходзяць штогадова ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры. З 2013-га раз на два гады ў вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна праводзіцца фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”.

У нас добра наладжана сістэма навучання рамяству, перадачы ведаў аб тэхналогіі апрацоўкі матэрыялу. Дзейнічаюць клубныя фарміраванні, арганізоўваюцца семінары, майстар-класы, выставы, конкурсы.
— Што на Брэстчыне робіцца для рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культурная прастора”?
— Каб ацаніць яе выкананне, выкарыстоўваецца зводны мэтавы паказчык “Наведвальнасць арганізацый культуры на 1000 чалавек насельніцтва”. Для нашай вобласці гэта 8641 у 2030 годзе, або 103,7 % да ўзроўню 2025-га. Каб дасягнуць такой лічбы, на рэалізацыю праграмы будзе выдаткавана 350 мільёнаў рублёў.
— На што пойдуць грошы?
— На рэстаўрацыю аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны плануем затраціць 28 мільёнаў рублёў. Крыху больш за 21 мільён накіруем на папаўненне бібліятэчнага фонду, 220 тысяч — на ўзбагачэнне музейнага, на стварэнне экспазіцый — яшчэ 4,8 мільёна. Прадугледжаны сродкі на ўзвядзенне шматфункцыянальнага культурнага цэнтра ў Брэсце і рамонт, мадэрнізацыю будынкаў культурна-асветных устаноў, паркаў культуры і адпачынку.

Вылучаны сродкі на арганізацыю мерапрыемстваў, стварэнне тэатральных пастановак, канцэртных праграм і гэтак далей. Паверце, кожная капеечка ў нас улічана і будзе працаваць на далейшае развіццё культуры рэгіёна.
Ірына СТАНКЕВІЧ