Трыумф у пятым сезоне шоу “Фактар.BY” стаў для Ібрагіма Карасава яркім дэбютам. Але хлопец з Новага Урэнгоя не збіраецца жыць пад гукі фанфар: замест выхваляння — засяроджанасць на працы, удзячнасць за кожную магчымасць быць пачутым, павага да сцэны і тых, дзеля каго артыст выходзіць на яе.

7.00. ПАРАДАК ЗНУТРЫ
Раніца пераможца “Фактар.BY” пачынаецца без мітусні. Ібрагім сустракае новы дзень ціха, даючы сабе час настроіцца.
— Як бы гэта ні гучала, першае, што раблю, — дзякую Усявышняму за тое, што прачнуўся, — кажа шчыра, нібы дзеліцца самым патаемным, спявак. — Потым — шклянка гарачай вады, расцяжка, душ, сняданак. Простыя дзеянні складаюцца ва ўстойлівы рытм.

За знешняй няспешнасцю — унутраная дысцыпліна і ўважлівае стаўленне да сябе.
— Насамрэч заўсёды маюць вялікае значэнне і рэжым харчавання, і рэжым сну. Канешне, на праекце даводзілася ахвяраваць камфортам, але гэта было свядома. Я не шкадую. Арганізм можна настроіць, калі разумееш дзеля чаго.
10.00. РАШЭННЕ РЫЗЫКНУЦЬ
Пасля тэлепраекта жыццё Ібрагіма прыкметна паскорылася: інтэрв’ю, эфіры, сустрэчы — адна за адной.
— Апошнія тыдні ўвогуле не сядзеў на месцы. Кожны дзень быў распісаны, — распавядае выканаўца, і ў голасе чуецца шчырае здзіўленне таму, як імкліва змяняецца рэальнасць.

Хлопец прыехаў у Мінск не як турыст і не як артыст з загадзя створаным вобразам — хутчэй як чалавек, што адважыўся рызыкнуць.
— Сачыў за “Фактар.BY” даволі даўно. Але менавіта сёлета да мяне прыйшло нейкае прасвятленне. Падумаў: чаму б і не? Паспрабаваў — і атрымалася. І цяпер знаходжуся ў прыемным шоку.
12.00. АДЧУВАННЕ СПАКОЮ
Беларусы адразу прынялі спевака — без дыстанцыі і насцярожанасці.

— Нават не ўяўляў, наколькі тут адкрытыя, добрыя, душэўныя людзі. Маё цёплае стаўленне да вашай краіны за час прыбывання толькі ўзмацнялася. І справа не ў перамозе. Проста гэта дзівосны край. Чысты — і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.
Ібрагім згадвае любімыя месцы ў Мінску.
— Парк Чалюскінцаў, батанічны сад, сквер каля Вялікага тэатра, старыя гарадскія вулачкі. Мне больш даспадобы ціхія, утульныя куткі — тыя, дзе нараджаецца спакой. Здаецца, іменна такое пачуццё стала для выканаўцы крыніцай унутранай сілы і натхнення на новым, імклівым этапе жыцця.
14.00. ГУЧНЫ СТАРТ
Свой шлях Ібрагім Карасаў лічыць паслядоўным назапашваннем досведу. Музычная школа, дыплом эканаміста, праца артыстам у Цэнтралізаванай клубнай сістэме Новага Урэнгоя з канцэртамі, фестывалямі, конкурсамі.

— Калі гаварыць па-даросламу, усё пачынаецца толькі цяпер. Старт атрымаўся вельмі гучны, як стрэл з пісталета Макарава, — жартуе спявак. — Беларусь стала месцам, дзе нарадзілася гэтая творчая сіла.
Нязменнай апорай спевака заўсёды была сям’я — мама і сёстры з іх ціхай, безумоўнай верай. Сёння побач і вялікае кола аднадумцаў. Камандзе “Фактар.BY”, настаўніку Дзянісу Кляверу і, натуральна, гледачам, якія прайшлі з Ібрагімам шлях ад першага з’яўлення на сцэне да фіналу, хлопец удзячны за тую ўпэўненасць, што адчуў у сабе.
16.00. БЫЦЬ ДАКЛАДНЫМ
Асаблівым выпрабаваннем падчас праекта пераможца лічыць выкананне кампазіцыі па-беларуску.
— Было важна не столькі спадабацца, колькі быць дакладным і далікатным. Калі спяваеш на іншай мове, вялікая адказнасць — не нашкодзіць матэрыялу, — прызнаецца Ібрагім. — З вымаўленнем і інтанацыямі дапамагала педагог па вакале Таццяна Трухан. Без яе наўрад ці справіўся б.

Выбар песні “Ручнікі” ансамбля “Песняры” невыпадковы.
— Уладзімір Мулявін нарадзіўся ў Свярдлоўску, а рэалізаваў сябе ў Беларусі. Мне хацелася падкрэсліць гэтую сувязь. І, вядома ж, аддаць даніну павагі маэстра, якому сёлета магло б споўніцца 85 гадоў.
18.00. БЕЗ ЛІШНІХ ДУМАК
Перад выхадам да публікі ў Ібрагіма няма складаных рытуалаў. Але адзін невялікі жэст ён паўтарае амаль заўсёды.
— Звяртаюся да Усявышняга. Дакранаюся да сцэны — перад выступленнем або пасля. Для мяне гэта спосаб унутрана настроіцца, адчуць апору. Рэпетыцыі і жывыя эфіры засталіся за спінай, але тое не падстава забываць пра галоўны інструмент — голас.

Нават пры шчыльным графіку артыст імкнецца трымаць сябе ў форме.
— Стараюся спяваць штодня: бывае, проста для сябе, бывае — на радыё, калі запрашаюць. Берагу звязкі, не п’ю халоднага, абавязкова распяваюся. Слухаю матэрыял, які мне дасылаюць, шукаю нешта блізкае, сваё. Строгай сістэмы няма. Галоўнае — захоўваць добры настрой і не дазваляць негатыву ўплываць на гучанне. У такой спакойнай сабранасці — спосаб заставацца сумленным са сцэнай і з сабой.
20.00. У ЭЙФАРЫІ ЛЮБОВІ
Натхненне ў Ібрагіма нараджаецца натуральна — з уражанняў і чуйнага стаўлення да наваколля.
— Шмат назіраю, нешта пераймаю, прапускаю праз сябе, складаю ў асабісты свет. Вялікае значэнне мае любоў. Гэты стан эйфарыі неабавязкова звязаны з кімсьці канкрэтным, а можа быць проста як адчуванне радасці ад самога існавання. Музыка даўно ператварылася з захаплення ў спосаб жыць і мысліць. Кожны дзень — новыя адкрыцці, эксперыменты з фарматамі і напрамкамі, пошукі ўласнага гучання.

Аб прафесійным шляху наш герой разважае ўдумліва, без дэманстратыўных абяцанняў і заяў. Ён згадвае словы вялікай рускай опернай спявачкі Алены Абразцовай:
— “Мы не думалі пра кар’еру — мы выходзілі і спявалі”. Мне блізкая такая пазіцыя. Не магу яшчэ называць сябе артыстам. Варта не гнацца за статусамі, а сумленна працаваць, расці ў сваёй справе і ўвасабляць тое, што адклікаецца ўнутры.
Неад’емная частка чалавечай сутнасці Ібрагіма — імкненне дапамагаць.
— Хацеў бы больш шырока займацца дабрачыннасцю. Пакуль раблю гэта па сітуацыі: набыць лекі, прадукты, падтрымаць тых, каму цяжка. Веру, што дабро заўсёды вяртаецца.
22.00. ЗАСТАВАЦЦА НА СУВЯЗІ
Пра магчымасць працягваць творчую дзейнасць у нашай краіне Ібрагім Карасаў гаворыць са шчырым захапленнем.
— Буду з радасцю вяртацца сюды, каб дзяліцца голасам, дзякаваць беларускаму народу і гэтай зямлі за тое, як прынялі мяне, што паверылі і нават узвысілі. Гэта настолькі каштоўна — словамі не выказаць.

І ў прызнанні — сапраўдныя пачуцці чалавека, які знайшоў пункт апоры. Беларусь для спевака стала прасторай, дзе гучны старт ператварыўся ў глыбокую ўнутраную ўпэўненасць. Гісторыя Ібрагіма — напамін: музыка не ведае меж, сапраўдная сувязь мацнейшая за адлегласці, а сцэна заўсёды прыме тых, хто выходзіць на яе з адкрытым сэрцам.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіваў героя і шоу "Фактар.BY"