“Праўдзівае, адказнае і сумленнае роднае слова — залог кансалідацыі грамадства, на падмурку якога мы зможам і ў далейшым паспяхова будаваць незалежную, моцную і квітнеючую краіну”. Гэту цытату Кіраўніка дзяржавы прыгадаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка падчас мерапрыемства “Песняры беларускай зямлі. З любоўю да класікаў”.

Сустрэча, прысвечаная 105-годдзю з нараджэння Івана Мележа і Івана Шамякіна, адбылася ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка 10 лютага. Імпрэза стала яскравым працягам творчага праекта “Песняры беларускай зямлі. З любоўю да класікаў”, ініцыяванага дэпутацкім корпусам Палаты прадстаўнікоў у студзені.

Асноўная мэта — папулярызацыя літаратурнай спадчыны выдатных дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, якія ў свой час працавалі дэпутатамі Вярхоўнага Савета СССР і БССР.
НАЙПЕРШ — ГОМЕЛЬШЧЫНА
Шлях марафону пралягае праз мясціны, дзе выгадаваліся народныя пісьменнікі. Выставы і прэзентацыі, кінапаказы і цёплыя сустрэчы — шмат цікавага зладзілі ў роднай для абодвух класікаў Гомельскай вобласці.

Памятныя ўрачыстасці з удзелам народных выбраннікаў адбыліся на малой радзіме Івана Шамякіна — у аграгарадку Карма, райцэнтры Добруш і Гомелі.
Затым эстафета ўшанавання перайшла ў аграгарадок Глінішча і горад Хойнікі, дзе мастак Іван Семілетаў перадаў Дому-музею Івана Мележа ўнікальныя матэрыялы — алічбаваныя запісы голасу свайго вялікага дзеда Івана Паўлавіча.
Памятным медалём “За вернасць слову”, спецыяльна заснаваным да юбілею, удастоілі ўвесь Хойніцкі раён.
ТЫМ ЧАСАМ У СТАЛІЦЫ
У педуніверсітэце да ўрачыстасці разгарнулася маштабная выстава, прысвечаная жыццю і творчасці народных пісьменнікаў. Прэзідэнцкая бібліятэка прадставіла кніжна-дакументальную экспазіцыю “Волаты зямлі палескай”, Нацыянальная бібліятэка — перакладныя выданні Івана Шамякіна і Івана Мележа на некалькіх мовах.

Прадэманстравалі таксама касцюмы Васіля і Ганны з фільма “Людзі на балоце”, Івана Батрака з карціны “Вазьму твой боль”.
Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І. Леніна прывезла асабістыя рэчы з кабінета Івана Мележа.

АДКАЗНАЕ СЛОВА
З прывітальным словам да гасцей тэматычнага мерапрыемства звярнуўся Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка.

Ён падкрэсліў, што лёсы Івана Мележа і Івана Шамякіна вельмі падобныя: абодва нарадзіліся на Палессі, у простых сялянскіх сем’ях. З дзяцінства спазналі цяжкую працу. Пры гэтым вучыліся, шмат чыталі і спрабавалі сілы ў пісьменніцтве. Затым прайшлі суровае выпрабаванне вайной, захаваўшы гонар, чалавечую годнасць, любоў да людзей і ўласцівае нашаму народу абвостранае пачуццё справядлівасці. Бліскуча пісьменнікі праявілі сябе і ў грамадска-палітычнай справе.

— Шамякін і Мележ былі цвёрда перакананыя, што, будучы мастацтвам кіравання, палітыка, як і літаратура, павінна адпавядаць крытэрыям маральнасці, а галоўным прынцыпам, якога трымаецца ўлада, павінна быць сацыяльная справядлівасць, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Гэтыя ідэі глыбока сугучныя той палітыцы, якую праводзіць сёння Прэзідэнт суверэннай Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў: “Праўдзівае, адказнае і сумленнае роднае слова — залог кансалідацыі грамадства, на падмурку якога мы зможам і ў далейшым паспяхова будаваць незалежную, моцную і квітнеючую краіну”. І мы, цяперашняе пакаленне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, працягваючы справу нашых вялікіх папярэднікаў, строга прытрымліваемся гэтай лініі ў сваёй дзейнасці.

АДДАНАСЦЬ СВАЙМУ
Землякі палескіх песняроў прадставілі мноства яркіх творчых нумароў. Артысты мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа паказалі ўрывак са спектаклю “Людзі на балоце”. Выступіў народны вакальны ансамбль “Спадчына” з Хойнікаў. На працягу многіх гадоў ім кіруе пляменніца Івана Мележа Лілія Мележ-Краўчанка.

— Любоў да малой радзімы — тое, чым жыў Іван Паўлавіч, — падзялілася ўспамінамі сваячка пісьменніка. — Калі б не было гэтай адданасці глінішчукам, палешукам, усяму роднаму і блізкаму наогул, магла б і не з’явіцца яго знакамітая “Палеская хроніка”.
Пляменніца адгукаецца пра Івана Паўлавіча як пра чалавека незвычайнай дабрыні.
— Мне пашчасціла не адзін раз гасцяваць у яго, калі вучылася на філалагічным факультэце ў Мінску. Гэта быў неверагодна чуллівы, адкрыты, сардэчны, сціплы і просты чалавек… З такім цудоўным пачуццём гумару! — прыгадала Лілія Уладзіміраўна. — Нават усмешка была незвычайнай — з хітрыначкай і дзіўным бляскам у вачах, што быццам бы казаў: “А вы мяне нечым парадуеце? Пра Глінішчы, Хойнікі нешта раскажаце?”
СТАЦЬ ШЧАСЛІВЫМІ
Як адзначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, заслужаны дзеяч культуры і старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, літаратурны марафон працягнецца да сакавіка. Творчасць класікаў, між тым, бесперапынна папулярызуецца народнымі выбраннікамі і за межамі краіны.

— Другі год запар, напрыклад, для грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа праводзім Міжнародны медыяконкурс “Мы — разам! Ганаруся маёй Беларуссю!”, — расказвае Уладзімір Мікалаевіч. — Актыўна ўдзельнічае ў ім і моладзь, і больш сталыя людзі. Вялікая радасць, што любоў і павага да багатай літаратурнай спадчыны, у прыватнасці да творчасці слаўных майстроў Івана Мележа і Івана Шамякіна, пастаянна растуць. Чытайце і памятайце нашых вялікіх класікаў! Вось што дапамагае нам станавіцца чысцейшымі, святлейшымі, мудрэйшымі і — у канчатковым выніку — шчаслівейшымі!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА