Гэта не проста конкурс, а сапраўдная кузня зорак!

Апублiкавана: 09 сакавiка 2026 Стужка Музыка Мінск Конкурсы

Аўтар: Служба інфармацыі

З 1 па 10 красавіка Беларусь стане цэнтрам прыцягнення для маладых талентаў з розных куткоў свету. У сталіцы пройдзе Міжнародны конкурс піяністаў “Мінск”. Прэстыжны форум ужо 30 гадоў з’яўляецца значнай падзеяй у сферы акадэмічнай музыкі.

 

За час правядзення конкурсу, з 1996-га, званне лаўрэата такога творчага спаборніцтва адчыніла дзверы да славы многім выканаўцам. Сярод іх — Аляксей Чарноў і Валянцін Малінін з Расіі, плеяда яркіх прадстаўнікоў айчыннай фартэпіяннай школы: Андрэй Сікорскі, Аляксандр Музыкантаў, Андрэй Іваноў, Аляксандр Данілаў і Уладзіслаў Хандогій.

На форуме “Мінск-2026” за пачэсны тытул будуць змагацца ўдзельнікі ад 16 да 30 гадоў. Геаграфія багатая: даслана 104 заяўкі з дзевяці краін. У іх ліку — Беларусь, Італія, Казахстан, Кітай, Паўднёвая Карэя, Расія, Узбекістан, Францыя, Японія.

Асаблівая ўвага сёлета нададзена нацыянальнай музычнай спадчыне. Абавязковая ўмова першага тура — выкананне работы нашага кампазітара XIX—XXI стагоддзяў.

Фінальны этап, які пройдзе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, абяцае ўразіць: “апошні акорд” прагучыць у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава.

Ацэніць майстэрства канкурсантаў аўтарытэтнае журы з розных краін, якое ўзначаліць народны артыст Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, прафесар Ігар Алоўнікаў. Праслухоўванні першых трох тураў будуць даступныя шырокай аўдыторыі дзякуючы анлайн-трансляцыям і дазволяць кожнаму ахвотнаму дакрануцца да высокага фартэпіяннага мастацтва.

Арганізатары, сярод якіх Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, прадугледзелі шчодрыя ўзнагароды.

Конкурс закліканы не толькі выявіць і падтрымаць новыя таленты, але і паспрыяць удасканаленню выканальніцкага майстэрства, захаванню музычных традыцый і ўмацаванню міжнародных культурных сувязей.

Служба інфармацыі “КіМ”