На мяжы магчымага

Апублiкавана: 05 сакавiка 2026 Стужка Цырк Мінск На манежы

Аўтар: СЛІЖЭЎСКАЯ Ірына

Новая праграма “Магія Экстрыму” ў Белдзяржцырку — па 10 мая. На манежы — паветраныя гімнасты, эквілібрысты, сілавое шоу, мотакаскадзёры і іншыя відовішчныя нумары! А для аматараў інтэрактыву — клоўн са сваімі вясёлымі цікавінкамі.

 Захапляльнае шоу, якое спалучае ў сабе майстэрства, прыгажосць і буру эмоцый, стварае незабыўную падзею для ўсёй сям’і!

Як сказаў дырэктар Белдзяржцырка, гэта трэба бачыць!

— На сцэне лепшыя з лепшых, — падкрэслівае Уладзімір Шабан. — Некаторых артыстаў мы запрасілі з іншых краін. Я сам уражаны тым, што атрымалася. Цяпер мы прапануем паганяць адрэналін гледачам.

Па яго словах, замежныя цыркачы асабліва яскрава раскрываюцца на нашай арэне, бо беларусы ўмеюць цаніць мастацтва.

 

І ГАСНЕ СВЯТЛО...

Пачынаюць прадстаўленне паветраныя гімнасты на ланцугах Глеб Казленка і Эліна Зелянова. Пара выконвае трукі ў паветры без страхоўкі, трымаючыся за рукі. У зале напружаная атмасфера — усе разумеюць кошт аднаго хібнага руху.

— Асноўная праца адбываецца за кулісамі — гэта гады трэніровак, а з-за куліс мы выходзім кайфаваць! — кажа Глеб. — Цыркавая справа вельмі цяжкая, яе трэба сапраўды любіць, каб займацца ўсё жыццё.

 

СІЛА РУК І ДУХУ

— У нас зусім іншая пастаноўка, — распавядае кіраўнік нумара “Сілавое шоу” Феруз Юсупаў. — Дзеля яе я трэніраваўся дзевяць месяцаў і нават страціў адзін зуб. Але яно адназначна таго вартае!

Артыст не падмануў, дэманструючы сапраўдныя цуды: Феруз цягне аўто з людзьмі зубамі, жанглюе цяжкім бервяном і паднімае адразу некалькі чалавек. На думку атлета, самае складанае — праца над сабой. Дысцыпліна і ўменне трымаць планку — вось што важна.

— Цыркач, выходзячы на арэну, імкнецца да бурнай рэакцыі гледача. Апладысменты вельмі важныя. Кожны раз мы рызыкуем жыццём і ўсё роўна ўсміхаемся дзеля таго, каб убачыць вашы захопленыя вочы і пачуць авацыі!

Асілак расказаў, што любіць цырк усёй душой і знайшоў сябе тут. Калі аднойчы яго сын захоча пайсці па шляху бацькі, то Феруз будзе толькі рады. Галоўнае — клапаціцца аб здароўі і ўсё рабіць правільна.

 

ПАД КУПАЛАМ

Анастасія Каваленка, паветраная гімнастка на трапецыі, уражвае выступленнем на ўласных валасах. На пытанне пра боль адказвае:

— Калі паглыбляешся ў працу, не адчуваеш нічога іншага. Чым лягчэй выглядае нумар, тым складаней рыхтавацца да яго. Гэта гады трэніровак! І нават калі нешта раптам пад купалам пойдзе не так, глядач аб гэтым не здагадаецца, — расказала Анастасія. — Чым больш аддаеш, тым больш атрымліваеш — такі закон цырка. Я заўсёды намагаюся выступіць на ўсе сто!

 

ДЫХАННЕ ЗАМІРАЕ

Раптам на манежы з’яўляецца высокая жалезная пабудова. Заслужаная артыстка Расіі Марыя Болдырава і Руслан Семянцоў выкарыстоўваюць яе ў нумары “Партрэтная рамка”. На ёй пара ажыццяўляе вельмі рызыкоўныя трукі, у адзін момант нават з заплюшчанымі вачамі.

— Я выпрабавала шмат жанраў і знайшла сябе ў паветры, — распавядае цыркачка. — Калі любіш тое, што робіш, гэта перастае быць працай. Марыя ад душы падзякавала Белдзяржцырку за запрашэнне і адзначыла: узровень гэтага майстэрства ў Мінску высокі і выступаць тут вельмі адказна.

 

МОТАГОНКІ

Калі на арэну выехалі матацыклы, дарослыя і дзеці паўскоквалі з месцаў і з цікавасцю назіралі за тым, што адбываецца. Адзін за адным жалезныя коні кружылі ў невялікай прасторы. — Самае складанае — змясціцца тром машынам у сферы памерам чатыры метры, — расказвае Фабрысіа Тэйшэйра Да Лапа, мотакаскадзёр з Бразіліі.

— І самі цыркавыя матацыклы вельмі адрозніваюцца ад звычайных у тэхнічным плане — у гэтым таксама свае цяжкасці. Але з імі каскадзёры віртуозна спраўляюцца і казычуць нервы гледачам. Наперадзе яшчэ цэлы месяц экстрыму і незабыўных уражанняў.

А галоўнае — усё, што адбываецца пад купалам Белдзяржцырка, робіцца з любоўю і агнём у вачах артыстаў.

Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ

MAX TikTok