“Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі – 2025”

Апублiкавана: 04 сакавiка 2026 Афiша Музеі Мінск Праекты развіцця

Аўтар: Аўтары

6 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачынае працу часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі – 2025”.

 

— ХХІ стагоддзе адкрыла новую эпоху ў культурным і цывілізацыйным жыцці грамадства. Новыя рэаліі, што ўваходзяць у паўсядзённасць, грамадска-палітычныя працэсы, развіццё тэхналогій і навукі, патрабуюць прынцыпова новага асэнсавання і мастацкага выяўлення. Таму сёння асабліва ўзрастае роля “прыгожага пісьменства” ў фарміраванні духоўна багатай асобы, зарыентаванай на агульначалавечыя, гуманістычныя каштоўнасці, — лічаць ва ўстанове.

З 2025 года ў музеі склалася традыцыя штогод прадстаўляць найважнейшыя дасягненні нацыянальнай літаратуры.

— Ужо другі год запар у межах праекта “Літаратурная брама ХХІ стагоддзя” ствараецца экспазіцыя, якая імкнецца адлюстраваць сучасны этап развіцця беларускай літаратуры праз прэзентацыю кніг і твораў, адзначаных Нацыянальнай літаратурнай прэміяй, знаёміць наведвальнікаў з творчымі постацямі іх аўтараў, — распавяла куратар выставы – загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Ірына Князева.

Сёлета ўвайсці ў “Літаратурную браму ХХІ стагоддзя” запрашаюцца:

- у намінацыі “Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі” – Мікалай Ждановіч за кнігу “Свечка”;

- у намінацыі “Лепшы твор драматургіі” – Улада Альхоўская за кнігу “Аватары театра”;

- у намінацыі “Лепшы твор публіцыстыкі” – Мікалай Барысенка за кнігу “Буйничское поле. Остаться и умереть…”;

- у намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства” – Аляксандр Бярозка за публікацыі ў часопісе “Полымя” (“Быццам я пражыў усё сваё жыццё: спавядальна-дзённікавая проза Алеся Жука”, “Спавядальна-аўтабіяграфічная проза Георгія Марчука: штрыхі да творчага партрэта пісьменніка”);

- у намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” – Мікалай Чарняўскі за кнігу “Акадэмія”… на колах”;

- у намінацыі “Лепшы дэбют” – Вадзім Баравік за кнігу “Иду по Минску”.

Пры ўсёй разнастайнасці творчых манер і тэм аўтараў яднае адно – любоў да роднай зямлі, павага да нацыянальных традыцый і адказнасць перад духоўнай спадчынай, закладзенай слыннымі папярэднікамі.

На выставе будуць прадстаўлены кнігі, газеты і часопісы, рукапісы, дакументы, фотаздымкі, а таксама асабістыя рэчы лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2025 года.

Выстава будзе дзейнічаць да 7 сакавіка 2027 года па адрасе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13. Уваход вольны.

kultura-info.by