Вяселле па беларускіх канонах

У Год беларускай жанчыны на Гродзеншчыне вяселле будуць гуляць па сваіх канонах.

Ініцыятарам праекта “Вяселле па беларускіх канонах” выступіў Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Намеснік дырэктара ўстановы, магістр, этнограф Наталля Рамановіч распавядае:

— Жанчына з’яўляецца асноўным сімвалам вясельных традыцый, увасабляючы сабой пачатак новай сям’і, працяг роду і захаванне культурных каштоўнасцей. А яе роля ў традыцыйных абрадах падкрэслівае важнасць жаночага пачатку не толькі ў сям’і, але і ў грамадстве. Таму выбар тэмы невыпадковы. Да таго ж гэта лагічны працяг даследчага праекта “Выяўленне і адраджэнне традыцыйнай рэгіянальнай абраднасці Гродзеншчыны”, распачаты ў 2022 годзе.

 

НАРОДНАЯ ОПЕРА

Па словах Наталлі Рамановіч, абрады, само вяселле і далейшыя дзеі на збліжэнне радоў нявесты і жаніха можна параўнаць з “народнай операй”, дзе ёсць месца вераванням, замовам, народнаму гумару, выканальніцкаму майстэрству ўдзельнікаў: тэатралізацыі, спевам, танцам...

Паводле звестак, сабраных у Астравецкім, Воранаўскім, Свіслацкім, Гродзенскім, Мастоўскім, Слонімскім, Шчучынскім раёнах, для Гродзеншчыны характэрныя абрадава-этнаграфічныя рысы вяселля цэнтральнай зоны беларускага Панямоння.

Як адзначае этнограф, на вёсцы вяселле было жаданым святам, што доўжылася некалькі дзён і мела пэўныя этапы: сватаўство (сватанне); цыкл каравайных абрадаў; прыезд маладога да маладой; вянчанне; застолле ў маладога, пасля — у маладой; радзей — зборная субота.

Падчас гуляння абавязкова ставілі брамы і прыязджалі “цыганы”. Нікому з хлопцаў не хацелася атрымаць адмову ад нявесты і зрабіцца аб’ектам для насмешак аднавяскоўцаў, таму перад тым, як выпраўляцца ў сваты, праводзілі яшчэ і перапыты: ці згодная будзе дзяўчына пайсці замуж.

 

ЛІЧБАВЫЯ АКТЫВЫ

Сёння ў раёнах ужо сфарміраваны электронныя архівы матэрыялаў па рэгіянальнай сямейнай абраднасці, у тым ліку аб пэўных абрадавых дзеяннях ці этапах вяселля. Ёсць алічбаваная інфармацыя, фота- і відэазапісы.

Дарэчы, два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, якія маюць непасрэднае дачыненне да вяселля, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: “Веды і навыкі па вырабе традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне” і “Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавая выпечка”.

 

НАТУРНЫЯ ЗАМАЛЁЎКІ

Работнікі культуры развіваюць праект: вывучаюць асаблівасці адзення жаніха і нявесты, працуюць з літаратурай, замалёўкамі даследчыкаў, старымі фотаздымкамі, музейнымі калекцыямі, распытваюць старажылаў, знаёмяцца з вопытам сталых майстрых. Бо галоўныя за- дачы “Вяселля па беларускіх канонах” — правядзенне рэканструкцый абрадаў з захаваннем мясцовага дыялекту, звычаяў, строяў, музычных інструментаў і народнай музыкі, атрыбутыкі, страў, песень, танцаў і гульняў.

— Хацелася б ладзіць рэканструкцыі ў натуральным асяроддзі: прайсціся па вуліцы ў вёсцы, згуляць вяселле ў антуражы хаты, правезці маладых на кані. Бо на сцэне ўзноўлены фальклорны матэрыял не заўсёды ўспрымаецца гледачамі як сапраўдны, дасканалы, ды і губляецца непасрэднасць фальклорнай камунiкацыi, — лічыць Наталля Рамановіч.

 

КОМПЛЕКСНЫ ПАДЫХОД

Праект “Вяселле па беларускім канонам” — гэта комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці праз прасоўванне рэгіянальных абрадаў. Акрамя рэканструкцыі, фота і відэаздымак, падрыхтоўкі ролікаў, назапашаныя веды дэманструюцца на раённым фальклорным фестывалі, на выніковым Тыдні традыцыйнай культуры “Ад даўніны да нашых дзён”, які накіраваны на папулярызацыю элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны і праводзіцца з 2023 года.

Заключныя падзеі разгорнуцца восенню — падчас рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”. Згуляць сапраўднае беларускае народнае вяселле з’едуцца маладыя з усёй вобласці.

— Хочам паказаць захаваныя этнапрадметы нібыта ў жыцці, — дзеліцца задумамі Наталля Рамановіч. — Многія экспанаты будзем спецыяльна вырабляць. Напрыклад, пашыем вясельныя строі, паводле старога фотаздымка створым галаўны ўбор нявесты — вэлюм, адновім абутак, вытчам паясы, зробім упрыгожанні...

 

ВЫСТАВЫ З QR-КОДАМ

У рамках праекта прадугледжана і арганізацыя выстаў пад агульнай назвай “Арнаменты памяці ў вясельным куфры”, дзе наведвальнікі ўбачаць рэканструяваныя ці захаваныя пасагі: дываны ручной работы, паясы, ручнікі, а таксама прадметы інтэр’ера, музычныя інструменты, строі жаніха і нявесты. Разгорнуцца фотаэкспазіцыі з сямейных альбомаў “Вяселле ў маёй вёсцы”.

Пры дапамозе QR-кода можна будзе патрапіць на старонку ўстановы культуры і атрымаць больш кадраў, звестак пра выставу і людзей, якія адлюстраваныя на фота.

Ёсць ідэя на базе ўстаноў культуры клубнага і змешанага тыпу стварыць новыя музейныя пакоі.

— Хацелася б, каб сустрэчы ці заняткі з наведвальнікамі, асабліва са школьнікамі, праходзілі ў аўтэнтычнай прасторы, — заўважае этнограф.

 

ПРАЦЯГ БУДЗЕ

 Праект прадоўжыцца і ў 2027-м. Мае ўбачыць свет кніга: вясельная энцыклапедыя ці фотаальбом з рэканструяванымі элементамі свята, дзе кожны здымак раскрые ўнікальнасць звычаяў.

— Упэўнена, да гэтага падключацца фатографы, СМІ, бо існуе вострая неабходнасць у захаванні, распаўсюджванні і ў візуальным уяўленні нацыянальных традыцый стварэння сям’і як элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, — кажа Наталля Рамановіч і запрашае:

 — Паэзія вясельнага абраду Панямоння пачынаецца. Станавіцеся ўдзельнікамі цікавай этнаграфічнай вандроўкі па Гродзеншчыне, знаёмцеся са шлюбнымі стасункамі продкаў, нашымі вясельнымі традыцыям.

Фота з архіва Гродзенскага абласнога
метадычнага цэнтра народнай творчасці