Праект газеты “Культура” “У галоўнай ролі — жанчына”
Праект па адраджэнні забытых старонак беларускай фартэпіяннай спадчыны пасляваеннага часу адзначаны на самым высокім узроўні: грант Прэзідэнта ў сферы культуры здабыла Таццяна Глушаніна, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі.

Наша гераіня таксама была ўдастоена заахвочвальнай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ў 2022-м.
З ДЗІЦЯЧАЙ ГУЛЬНІ
Музыка ў жыцці Таццяны Глушанінай з’явілася натуральна — спачатку як гульня.
— Бацькі расказвалі: аднойчы глядзелі па тэлебачанні аркестравы канцэрт. За раялем сядзеў піяніст, а я ўладкавалася на падлакотніку крэсла і таксама пачала “іграць”, — успамінае Таццяна Валер’еўна.
— Уяўляла сябе на сцэне, у святле сафітаў, перад публікай. Неўзабаве дзіцячая фантазія перарасла ў першыя праслухоўванні і ўрокі на падрыхтоўчым аддзяленні музычнай школы. Педагог адразу заўважыў: дзяўчынцы варта займацца сур’ёзна, неабходна набыць інструмент.
З таго моманту ўсё развівалася як бы па ўнутранай патрэбе — з захапленнем і без думкі пра тое, куды ўрэшце прывядзе гэтая дарога.
— Калі паступала ў музычны каледж, наўрад ці да канца ўсведамляла значнасць свайго выбару. Гэта было хутчэй інтуітыўнае рашэнне — адчуванне, што мне менавіта туды. Пасля дзявятага класа магла застацца ў агульнаадукацыйнай школе: усе экзамены здала выдатна, настаўнікі раілі працягнуць вучобу. Але ўжо тады разумела, што мой шлях непарыўна звязаны з музыкай, — тлумачыць гераіня.
ЧАЛАВЕК, ЯКІ ВЯДЗЕ
Таццяна Глушаніна родам з Брэста, таму лагічным крокам стала паступленне ў мясцовы музычны каледж імя Р. Шырмы. Гады навучання былі насычаны падзеямі рознага маштабу: канцэрты, конкурсы, фестывалі, паездкі за мяжу. Усё гэта паслядоўна выхоўвала прафесійную вытрымку, дысцыпліну і разуменне адказнасці перад сцэнай і слухачом.

— Але вырашальным фактарам заўсёды застаецца чалавек, які вядзе. Нават працавітасць не гарантуе выніку, калі няма сістэмы і глыбокага разумення матэрыялу. Педагог фарміруе тэхніку, закладае густ, светапогляд, адносіны да тэксту, — падкрэслівае Таццяна Валер’еўна.
Адной з першых, хто паўплываў на музычнае станаўленне гераіні яшчэ ў школе, была Любоў Няміласцівая — настаўніца, у якой юная піяністка ўбачыла і прафесійны, і асобасны арыенцір: гэта адмысловец з моцнай выканальніцкай школай, таленавітымі вучнямі, безумоўным аўтарытэтам. У каледжы працу з Таццянай працягнула Лілія Батырава, заклаўшы трывалую аснову для далейшага развіцця.
У кансерваторыі ж вызначальную ролю ў фарміраванні стылю музыканткі адыграў Ігар Алоўнікаў — народны артыст Беларусі, прафесар. Менавіта ў дыялогу з ім нарадзілася ідэя цяперашняга праекта.
ДРУГОЕ ЖЫЦЦЁ
— Падчас вучобы ў Ігара Уладзіміравіча і размоў з ім зразумела: істотная частка фартэпіяннай спадчыны беларускіх савецкіх аўтараў так і не дайшла да друку. Раней фактычна дзейнічала адно выдавецтва з вельмі абмежаванымі магчымасцямі. Перавага аддавалася сімфанічным і іншым маштабным кампазіцыям, а камерныя заставаліся ў цені, — распавядае Таццяна Глушаніна.

Так нарадзілася імкненне вярнуць гэты пласт у прафесійны ўжытак. Праект прадугледжвае падрыхтоўку да выдання невядомых пасляваенных твораў і іх уключэнне ў навучальны і канцэртны рэпертуар розных устаноў — ад дзіцячых школ да Акадэміі музыкі. Чакаюцца і сустрэчы ва ўсіх рэгіёнах краіны, каб новыя зборнікі не засталіся на бібліятэчных паліцах, а знайшлі свайго слухача. Сярод кампазітараў — сапраўдныя стаўпы беларускай школы: Васіль Залатароў, Уладзімір Алоўнікаў, Яўген Глебаў, Анатоль Багатыроў, Сяргей Картэс і іншыя.
План на год ужо гатовы. Зараз ідзе праца ў нотным архіве Беларускага саюза кампазітараў, вывучэнне рукапісаў.
— Асаблівае адчуванне — узяць клавір, які ніколі не друкаваўся. Чытаць почырк стваральніка, уяўляць, як ён думаў, што хацеў сказаць. Ужо знойдзена нямала матэрыялу, вартага вяртання. Гэта частка нашай культурнай памяці. І, пэўна, сённяшняй публіцы будзе нават цікавей адкрыць для сябе музыку, напісаную дзесяцігоддзі таму, але не пачутую ў свой час.
ПРЫНЕСЦІ КАРЫСЦЬ
Атрыманне прэзідэнцкага гранта Таццяна Валер’еўна звязвае перадусім з актуальнасцю ідэі.
— Цяпер назіраецца вялікая патрэба ў асэнсаванні ўласнай культурнай спадчыны. Калі ініцыятыва напоўнена рэальным зместам, яна знаходзіць водгук. Безумоўна, ёсць і доля ўдачы. Але без падтрымкі і даверу каледжа імя М. Глінкі і калег гэта было б немагчыма.
Праца над выданнем для Таццяны Глушанінай — значны этап асабістага і прафесійнага росту. Паралельна з педагагічнай дзейнасцю давялося паглыбіцца ў архіўныя фонды, асвоіць прынцыпы рэдагавання нотных тэкстаў, узяць на сябе арганізацыйныя і камунікацыйныя пытанні.
— Сумяшчаць выкладанне і маштабны праект няпроста: гэта патрабуе вялікіх часавых і энергетычных рэсурсаў. Але калі ёсць матывацыя і цікавасць, усё рэальна. Для мяне важна, што гэтая справа можа прынесці канкрэтную карысць: няхай і пасмяротна, але вярнуць імёны аўтараў, узбагаціць айчынны фартэпіянны рэпертуар, даць маладым выканаўцам шанц праявіць сябе на сцэне.

Аднак не менш істотнае для нашай гераіні вяртанне да актыўнай канцэртнай дзейнасці.
— Апошнія гады, ужо працуючы выкладчыцай, я зноў захацела сольна выступаць. Часам узнікае адчуванне непатрэбнасці ўласнага выканальніцкага патэнцыялу — мяркую, многія музыканты з гэтым сутыкаліся. Але грант і новыя задумы стымулююць садзіцца за інструмент і пачынаць усё нанова.
Праект Таццяны Глушанінай — пра дыялог з мінулым, пра адказнасць перад традыцыяй і пра веру ў тое, што музыка, нават калі яна доўгі час маўчала, абавязкова загучыць. Павінен толькі знайсціся чалавек, гатовы пачуць яе і адкрыць іншым.
Ганна КАЛІНІНА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА