Пятніца 13-га? Маладзёжны тэатр эстрады яе не баіцца і гатовы пагуляць з гледачамі ў містыку. У гэты вечар адбылася прэм’ера мюзікла “Майстар і Маргарыта”. Нам давялося паглядзець спектакль на пару дзён раней, на перадпаказе.

ГАЛОЎНАЕ…
…пры мастацкім звароце да рамана М. Булгакава — абраць пэўны ракурс адлюстравання гэтага папраўдзе бязмежнага твора. У розных беларускіх і расійскіх спектаклях (а сярод іх былі і оперы, і мюзіклы) акцэнтаваліся самыя розныя бакі: узаемаадносіны Маргарыты з Майстрам, біблейскія матывы яго рамана, супрацьстаянне Іешуа і Понція Пілата, сатыра на савецкія рэаліі даваеннага часу, містыка ва ўсіх яе праявах, цёмныя сатанінскія сілы Воланда ці яго жорстка-д’ябальская мудрасць, пошук мяжы між хваробай і душэўным здароўем, бо частка дзеяння адбываецца ў вар’ятні. І нават усё разам, толькі ў розных прапорцыях. Маладзёжны тэатр эстрады на чале з мастацкім кіраўніком Уладзіславай Арцюкоўскай, якая выступіла аўтарам лібрэта і рэжысёрам, абраў свой шлях, не падобны на ранейшыя. Гэта пошукі аўтарскага працягу, схаванага Булгакавым у “нядобрай кватэры”.

Стварэнне сіквелаў, разнастайных фанфікаў, што апісваюць далейшыя падзеі, сёння даволі распаўсюджаная з’ява. За апошнія тры з паловай дзесяцігоддзі “Майстар...” атрымаў суцэльны цыкл такіх літаратурных твораў: вольных рускамоўных працягаў рамана налічваецца больш за дзясятак. Пераважна гэта своеасаблівыя памфлеты пра 1990-я, куды пераносіцца дзеянне, высмейванне тагачаснай артыстычнай эліты з яе зорнымі норавамі. У адным з твораў ёсць і спроба пары закаханых нанова пражыць сваё жыццё, пачынаючы з маленства і без гарантыі далейшай лёсавызначальнай сустрэчы.

У цяперашнім мюзікле — усё іначай. Палітычная і побытавая сатыра адсутнічаюць цалкам. А дэтэктыўныя пошукі невядомага (а насамрэч і не існуючага) працягу рамана становяцца пошукамі духоўнага шляху Прафесара (Анатоль Голуб) і яго альтэр-эга — суседа-следчага Траякурава (Дзяніс Арцюкоўскі): слухаць Воланда, які абяцае вечны спакой, але ўсіх падманвае, ці звяртацца да Бога. Даецца ў спектаклі і больш падрабязны жыццёвы алгарытм для кожнага гледача: “прызнаваць свае памылкі і іх выпраўляць — і ісці сваёй дарогай”.
Гэтая ісціна, выкладзеная амаль формулай-фармулёўкай у фінале, цягам дзеяння складаецца паступова, высвечваецца скрозь містычную туманнасць і нечаканасці. Дэтэктыў узрастае да падабенства не толькі фэнтэзі, але і тэатра абсурду. Бо побач з цэнтральнай лініяй пошукаў (у самым шырокім сэнсе гэтага слова) паралельна існуе яшчэ адна — глыбокага даследавання булгакаўскага твора. Не яго добра вядомых сюжэтных калізій, а поліфанічных жанравых асноў.
МІСТЫЧНАЕ...
...адчуванне ствараецца ўжо на ўваходзе ў залу. Замест ззяння святла, якое бывае звычайна да пачатку спектакля, нас сустракаюць прыцемкі. У паўзмроку, калі шукаеш сваё месца, не адразу заўважыш тэлефон-аўтамат на сцяне, як у старых камуналках, іншыя дэталі рэквізіту. Але ж атмасфера “нядобрай кватэры” апаноўвае адразу. Бо на сцэне падлога завалена пагарэлай паперай. А ўсё астатняе прыкрыта белымі прасцінамі. І пад імі, мяркуючы па абрысах, знаходзіцца штосьці незразумелае, таямнічае — прынамсі не нейкая тыповая мэбля, як ва ўсіх.

Калі тыя покрывы будуць знятыя, мы ўбачым вялізныя скульптурныя выявы асобных частак цела: вока, вуха, нос, левая нага, скіраваная кудысьці ў космас. А з залы будуць выносіць і галаву Берліёза, і пазней, у час балю (харэограф — Таццяна Трафімава), вялізную чару.
Мастакамі-пастаноўшчыкамі выступілі Сяргей Ашуха і Кацярына Шымановіч, вядомая па ранейшай працы ў нашым Вялікім (оперы “Сельскі гонар”, “Кошкін дом”) і з тэатрамі лялек Расіі. Быў знойдзены нечаканы ход: сцэнічныя строі апрануты ззаду наперад — і гэты прыём шмат у чым становіцца ключыкам да разгадкі зместу спектакля. Класічная чорна-белая колеравая гама дапоўнена некаторымі іншымі “чыстымі”, амаль плакатнымі фарбамі без выкарыстання іх шматлікіх адценняў, што вымушае згадаць віцебскі УНОВІС пачатку ХХ стагоддзя і супрэматызм Казіміра Малевіча. Спалучэнне чорнага з жоўтым у свіце Воланда (Уладзімір Варанкоў) нясе трывожны неспакой. Чорнага з зялёным у адзенні Майстра (Уладзіслаў Сазонаў) з Маргарытай (Паліна Арцюкоўская) — наадварот, настройвае на спакой і гармонію. Понцій Пілат (Аляксандр Сухараў) — у аднатонным чырвона-малінавым, што асацыюецца з крывёй. І такога ж колеру — цярновы вянок Іешуа (Андрэй Коласаў).
Музыка Аляксандра Сухарава таксама ўтрымлівае два супрацьлеглыя інтанацыйныя пласты. Адзін з іх пафарбаваны рэчытацыямі на адной ноце, трывожнай няўстойлівасцю паўзучых паўтонаў, прычым у пачатку спектакля — сыходных, у фінале — узыходных, азораных зменай мінору на мажор. Другая сфера — шырокага меладызму, але блізкага не столькі эстрадзе, колькі сучаснаму акадэмічнаму мастацтву, выкшталцоным лейтматывам кінамузыкі. І ўсё гэта — з кідкімі вершамі, незашмальцаванымі рыфмамі.

Але героі не падзелены на станоўчых і адмоўных. У кожным — спалучэнне самых супрацьлеглых рыс, барацьба дабра, што можа параніць, са злом, якое можа прынесці разуменне горкай праўды. Таму такімі каларытнымі, надзеленымі яркай індывідуальнасцю паўстаюць прадстаўнікі цемры: насмешлівы Бегемот (Уладзімір Нікалаеў, што выклікаў шквал апладысментаў), іранічны Кароўеў (Андрэй Кунец з запамінальным характарным тэмбрам), загадкавая Гела (Інга Кісялёва з неверагодным дыяпазонам ад кантральта да моцнага каларатурнага сапрана), змрочны Азазэла (Кірыл Кучынскі з яго оперным аксамітам). А вы на чыім баку?
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА