У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага з’явіліся “Асабліва небяспечныя пенсіянеры”. Прычым не ў выглядзе ціхамірнага расповеду пра людзей сталага веку, а з жанравым азначэннем “агнястрэльная камедыя”.

Прэм’ера сапраўды “стрэліла”. І ёй тэатр забіў адразу некалькі зайцоў. Як і якіх? Давайце разбірацца.
СТРЭЛ ПЕРШЫ. РЭПЕРТУАРНЫ
Афіша папоўнілася не проста яшчэ адной камедыяй, а гэткай постмадэрнісцкай пародыяй на баевікі, галівудскія блокбастары. Але пры ўсіх сваіх смешных калізіях і дыялогах спектакль атрымаўся шмат у чым знакавым і незвычайным.
П’еса нарадзілася ўнутры знанага калектыву, бо напісана маладым артыстам і рэжысёрам Дэвідам Разумавым. Такі прыклад ужо быў. Аднаактоўка “Вір” на Малой сцэне стала не толькі яго дыпломнай работай як выпускніка Акадэміі мастацтваў (курс кіраўніка тэатра Сяргея Кавальчыка), але і ў поўным сэнсе аўтарскім монаспектаклем: Дэвід выступіў там аўтарам п’есы, рэжысёрам, мастаком-пастаноўшчыкам і выканаўцам.
Вялікі поспех маюць усе яго далейшыя пастаноўкі. “Маскарад” увайшоў у праграму XXVIII Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа”. Спектакль “Фаўст. Здзелка з д’яблам” стаў лаўрэатам VIII Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі “Найлепшы спектакль тэатра драмы для вялікай сцэны”. У фінал гэтага Рэспубліканскага конкурсу выйшла таксама “Дзікае паляванне караля Стаха”, увасобленае Разумавым не ў родным калектыве, а — па запрашэнні — у Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры. І ва ўсіх гэтых выпадках рэжысёр рабіў уласную інсцэніроўку літаратурнага твора ці сцэнічную версію п’есы, дапоўненую не толькі чужымі, але і сваімі тэкстамі. Таму “Асабліва небяспечныя пенсіянеры” — і лагічны працяг яго творчай дзейнасці, і выхад на новы яе ўзровень. Бо цяперашняя прэм’ера можа зноў лічыцца амаль што аўтарскім спектаклем, толькі разлічаным ледзь не на ўсю трупу. І найперш — на артыстаў старэйшага пакалення, не так многа занятых у бягучым рэпертуары.

Сярод цэнтральных герояў аказваецца сямейная пара Жалязновых (народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак і Таццяна Гаркуша). Невялічкія, але запамінальныя, вельмі каларытныя эпізадычныя ролі атрымліваюць Наталля Чамадурава, заслужаны артыст Расіі Аляксандр Брухацкі, Алена Пастрэвіч, Віктар Гудзіновіч. Пад яшчэ аднаго пастаяльца дома састарэлых грыміруецца 50-гадовы Сяргей Пракопіч. Мілавідная Таццяна Баўкалава паўстае добразычліва-наіўнай, смешнай Бабуляй. А заслужаная артыстка Беларусі Ганна Маланкіна выступае сквапнай на грошы медсястрой Марыяй: то прытворна спагадлівай, то нечакана выбуховай, як сапраўдная маланка.
СТРЭЛ ДРУГІ. МОЛАДЗЕВЫ
Пры ўсёй няспешнасці першай разгорнутай сцэны, засяроджанай на жыцці ветэранаў працы, далейшае дзеянне атрымліваецца вельмі імклівым. Былога следчага Жалязнова выкрадае Змей (Аляксандр Палазкоў ці Андрэй Душачкін), каб адпомсціць за 20 гадоў няволі. І Пісталетаў (заслужаны артыст Беларусі Сяргей Чэкерэс), якому па сюжэце таксама наспеў час сыходзіць на заслужаны адпачынак, бярэцца выратаваць свайго былога начальніка. Вядома, у адзіночку.
Хуткую змену месцаў дзеяння забяспечваюць двухбаковыя перасоўныя панэлі (мастак — Таццяна Стысіна з Гомельскага абласнога драмтэатра). Імклівай рухавасці дадае шматлікая творчая моладзь тэатра. Артысты, здольныя да ўвасаблення любых іранічна-пластычных рашэнняў, паўстаюць і яркімі постацямі ахоўнікаў закона, і амаль безасабовай, за рэдкім выключэннем, шэра-чорнай масай чальцоў злачыннага сіндыката. У выніку спектакль аказваецца накіраваны на непадзельную сувязь пакаленняў — у тэатры і жыцці. Бо старым уласцівыя любоўныя памкненні, а маладыя выдаюць нечакана мудрыя рашэнні. І кожная роля адразу разлічана на пэўную акцёрскую індывідуальнасць.
Вышэйшы пілатаж майстэрства дэманструе моцнае сярэдняе пакаленне. Колькі розных дзяўчат і маладых жанчын сыграна Веранікай Пляшкевіч у тэатры і кіно! І раптам... Медуза Гаргона. Вынаходліва вырашаны капялюшык-парык з гнуткімі змеямі-валасамі становіцца не толькі пазнавальнай рысай гэтай міфалагічнай істоты, але і сімвалам такой жа гнуткасці, звілістасці яе характару. Бо гераіня заклікана не спакушаць-забіваць, а кахаць — роўнага сабе героя. “Ты пра пенсію забудзь!” — экспрэсіўна спявае яна ў шыкоўным вячэрнім строі. А вакал такі, што пры ўсёй іранічнай абсурднасці сітуацыі разумееш: вось каго трэба было выпраўляць па гран-пры на “Славянскі базар у Віцебску”!

У п’есе і спектаклі — безліч рэжысёрскіх прыдумак, удала вырашаныя бойкі, шматлікія постмадэрнісцкія спасылкі (акрамя баевікоў, тут і тэатральныя пастаноўкі розных гадоў), нават гулліва абыграныя цытаты. Тая ж сумесь — у музычным рашэнні Цімура Каліноўскага, дзе беларускасць выяўлена знакамітым Паланэзам Агінскага.

Прыцягальны для публікі жанр камедыі ахоплівае ледзь не ўсе гістарычныя пласты тэатральнага мастацтва. Ад антычнай міфалогіі (апроч Гаргоны, ёсць згадкі пра лабірынт Мінатаўра) — да масавай культуры і роставай лялькі Белага Мядзведзя (Яўген Еўтушенка), які танчыць пад музыку “Лебядзінага возера”. Ад пафасных клішэ мыльных опер — да класіцысцкіх сентэнцый кожнага з герояў у фінале. Аб’яднанне ж гэтых, здавалася б, несумяшчальных ліній адбываецца менавіта праз камічны абсурдызм, элементы тэатра абсурду, да якога весела, нязмушана прывучаюцца гледачы розных узростаў. Таксама сувязь пакаленняў! А праз багатую смехавую культуру прасочваюцца тонкія адценні сумнай задуменнасці, што ўзнікае пасля прагляду.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА