Дарога да зорак

Апублiкавана: 02 сакавiка 2026 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: СЛІЖЭЎСКАЯ Ірына

“Шлях да зор ляжыць праз церні”, — паўтарае за Сенекам суперфіналіст тэлепраекта “Фактар.BY” Клім Астрамовіч. Малады вакаліст пераадольваў сябе зноў і зноў, каб сёння называцца беларускім артыстам новага пакалення.

 

ПЕРШЫЯ СПРОБЫ

Хлопец вучыцца на чацвёртым курсе па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва: рытміка і харэаграфія” педагагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, там працуе выкладчыкам і плануе застацца па размеркаванні. Першыя сур’ёзныя крокі на сцэну спявак пачаў рабіць у Віцебскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці.

— Цяпер разумею, што ў той перыяд я яшчэ зусім не ўмеў карыстацца голасам, — успамінае Клім, — але з кожным днём я рос, чэрпаў для сябе нешта новае і працягваў рухацца выбранай сцежачкай. Тады будучы артыст толькі вучыўся вакалу. Атрымлівалася няўпэўнена і не дасканала.

Сёння Клім рашуча рухаецца ўверх па музычнай лесвіцы. І нягледзячы на поспех у тэлепраграмах, на пытанні пра мэты адказвае адназначна: за ўзнагародамі не гоніцца, галоўнае для яго — факт прысутнасці музыкі ў жыцці.

— Я ніколі не задумваўся аб высокіх дасягненнях у вакале і тым больш не ставіў перад сабой задачу заваяваць пэўныя месцы на конкурсах. Я спяваю для таго, каб атрымліваць задавальненне і дарыць яго тым, хто мяне слухае. Выступленні прыносяць мне больш эмоцый, чым што-небудзь іншае. Гэта мой спосаб самавыяўлення і вылівання назапашаных пачуццяў. Пытанне канкурэнцыі для мяне таксама ніколі не стаяла, я нават не дапускаю такіх думак, бо мая творчасць — гэта інструмент душы. Параўноўваць сябе з іншымі — шлях у адзін канец, дзе песня перастае быць чымсьці сапраўдным і становіцца прыладай. Да прыкладу, на праекце “Фактар.BY” мы ўсе былі дружныя. Скажу больш: я стварыў агульную групу з усімі ўдзельнікамі, дзе і сёння бывае 300+ паведамленняў у дзень.

 

КАРЫСНЫ ДОСВЕД

“Зорны шлях” на канале АНТ стаў першым праектам, які дазволіў маладому артысту адчуць вялікую сцэну. Клім спяваў з аднагрупніцай Ганнай Стаян. Дуэт уразіў тэлегледачоў і атрымаў гран-пры. Пасля гучнай перамогі іх пачалі клікаць на прэстыжныя мерапрыемствы. Адным з такіх стаў XXXIV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

— Я ўдзячны АНТ за магчымасць цалкам акунуцца ў гэтую атмасферу і адчуць сябе крыху вядомым, — смяецца новаспечаная зорка. — Дзякуючы раптоўнай папулярнасці мяне пачалі запрашаць удзельнічаць у цікавых конкурсах, і самае галоўнае — я змог падцягнуць свае вакальныя і артыстычныя навыкі.

Наступным этапам стаў “Фактар.BY”, праект Белтэлерадыёкампаніі. Сюды дуэт накіраваўся па творчы штуршок. Клім і Ганна прайшлі разам кастынгі, “трэніровачны лагер”, аднак трапіць на этап “Крэслы” ўдалося толькі Кліму. Далей хлопец ішоў адзін.

— На шоу лягчэй за ўсё давалася паездка на метро ад кватэры да здымачнага павільёна і назад, астатняе было складана, — з гумарам распавядае артыст. — Пасля кожнага эфіру ўдзельнікам ставілася задача запісаць па 6-8 дэмаверсій песень. Цяжка было не страціць сябе ў шалёным рытме і захаваць творчую асобу. Але перашкоды сталі для мяне карысным досведам і магутным стартам!

Удзел у “Фактары” моцна паўплываў на узыходзячую зорку. Клім адзначыў, што стаў адчуваць сябе больш упэўнена на сцэне і сярод творчых людзей, чарговы раз пераканаўся, што трэба слухаць унутраны голас, сваё сэрца.

— У фінале выконваў кампазіцыі, якія спяваў на кастынгах: “She’s gone” SteelHeart і “Кругі на вадзе” групы “Слот”, — успамінае хлопец. — У момант абвяшчэння вынікаў адчуў завершанасць і поўную задаволенасць ад таго, што адбываецца. Я “пражыў” напоўніцу, укладзена шмат сіл, працы, намаганняў. Усё годна ацэнена.

Гэта быў складаны шлях даўжынёю ў восем месяцаў, які побач з Клімам праходзіў яго настаўнік Дзяніс Клявер.

— Самы прыемны, просты і разумны медыйны чалавек, якога я сустракаў. Ён настолькі шчыры, што з першых звычайных размоў за кулісамі я зразумеў: гэта настаўнік з вялікім жыццёвым досведам. Столькі ў гэтай сферы я яшчэ не атрымліваў ні ад каго. Яго парады засталіся назаўжды ў маёй памяці, наматаў я іх нават не на вус, а на ўсе свае звіліны мозгу. Сувязь з Дзянісам Кляверам падтрымліваю да гэтага часу. Пасля праекта ён нават дазволіў звяртацца да яго па парады. Увогуле чалавечышча!

 

ТОЛЬКІ НАПЕРАД!

Першымі праваднікамі хлопца ў свет эстрадных спеваў былі ўніверсітэцкія выкладчыкі Алена Анатольеўна Кушчына і Таццяна Васільеўна Аруп, творчы кіраўнік у каледжы Алег Міхайлавіч Кіраўніцын, Марыя Андрэеўна Жукава.

— Яны іграюць у маёй гісторыі велізарную ролю, бо з’яўляюцца настаўнікамі жыцця. Дзякуючы ім я ўдасканальваўся, развіваўся ў сваёй сферы і заўважаў тое, што ў адзіночку ніколі не ўбачыў бы. Падтрымаць мяне на тэлешоу прыехала палова ўніверсітэта — група, куратар, намеснік дэкана, дацэнт кафедры і нават рэктар факультэта, — з удзячнасцю адзначае Клім. — Трэба аддаць належнае і маёй працаздольнасці, бо я нястомна, на працягу пяці гадоў, штодня прысвячаю музыцы і вакалу 80% свайго часу.

На шчаслівы выпадак хлопец не разлічвае, перад кожным выступленнем размінаецца па паўтарыдзве гадзіны. Распавядае, што большая частка ўсяго дасягнутага ім — вынік заўзятасці, прагі развівацца ў справе.

— У маім жыцці яшчэ не было ні хвіліны, калі б я не захацеў паспрабаваць нешта новае ў музыцы, — заўважае выканаўца і дадае: — Азіраючыся ў мінулае, я б даў сабе і іншым такую параду: “Рабі так, як загадвае сэрца”. Было некалькі момантаў, калі я ішоў супраць сябе, і аб гэтым шкадую.

А на бліжэйшы час у артыста шмат працы і багата планаў — падрыхтоўка да конкурсу маладых выканаўцаў беларускай народнай музыкі “Маладзечна-2026” і выпуск аўтарскіх трэкаў. Спявак падзяліўся сакрэтам, што адна песня ўжо амаль гатовая і хутка ўбачыць свет. Пажадаем поспехаў Кліму Астрамовічу на яго шляху праз церні да зор!

Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва героя