Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Георгій Юрэвіч адзначыў 75-гадовы юбілей. Больш за паўвека гэты чалавек прысвяціў Маладзечанскаму дзяржаўнаму музычнаму каледжу імя М.К. Агінскага, дзе працуе выкладчыкам цыклавой камісіі “Спевы акадэмічныя”.

— Георгій Іларыёнавіч, раскажыце, калі ласка, пра ваш шлях у прафесію.
— У 1967 годзе выпускніком школы я прыйшоў паступаць у Маладзечанскае музычнае вучылішча на харавое дырыжыраванне — яшчэ юнаком упадабаў гэты від мастацтва. Паспяхова здаў іспыты і быў залічаны на першы курс. Праз некаторы час прызвалі ў рады Савецкай арміі. Мне пашчасціла: на прызыўным пункце афіцэры звярнулі ўвагу на маю спецыяльнасць у асабістай справе і адправілі на праслухоўванне. Так патрапіў у ансамбль песні і танца Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.
— Пэўна, гэта была добрая вакальная школа?
— Безумоўна! У любым ваенным аркестры творчасць, якая быццам прадугледжвае вольнае самавыяўленне, спалучаецца з дысцыплінай. Гэта загартавала мой характар як чалавека, мужчыны і прывіло патрабавальнасць — перш за ўсё да сябе. Магчыма, цяпер я не-не ды і праецырую яе на вучняў. Хаця часцей выбіраю іншыя метады.
— Якія ж?
— Каб іх акрэсліць, хачу азначыць некаторыя акалічнасці. Калі дэмабілізаваўся, то вярнуўся ў каледж — атрымаў дыплом дырыжора, потым яшчэ скончыў курс акадэмічных спеваў. І адправіўся ў кансерваторыю. Там мне пашанцавала пераймаць веды ў самых выдатных педагогаў: у прафесара Леаніда Івашкова, а крыху пазней — у народнай артысткі СССР Тамары Ніжнікавай. Яны навучылі мяне не толькі кіраванню галасавым апаратам, але і нечаму большаму — мудрасці ўзаемадзеяння з выхаванцамі, балансу творчага самавыяўлення і строгасці.

— Размова пра нейкія асаблівыя прыёмы?
— Я б не сказаў. Тут усё ляжыць значна глыбей. Педагогі паказалі мне, што варта “бачыць” апекаванца — моцныя бакі і хібы, складанасці і адметнасці характару, вакальныя магчымасці і патэнцыял. Яно ж як? Іншым разам прыходзіць да цябе на заняткі юнак — самы звычайны. А ты мусіш навучыць яго спевам, зацікавіць, матываваць да працы, зарадзіць на поспех. За гады выкладчыцкай дзейнасці ўсвядоміў: для хлопцаў самы эфектыўны рухавічок, што дапамагае дасягнуць мэты, — здаровая канкурэнцыя. І калі адзін з іх становіцца лаўрэатам ці пераможцам якога-небудзь конкурсу, то і іншыя імкнуцца да пакарэння сваіх вышынь.
— Дыпломы, граматы, што ўпрыгожваюць сцены класа, сведчаць: вы заахвочваеце выхаванцаў да ўдзелу ў конкурсах.
— Разумееце, у працэсе навучання мы здольныя дабіцца ідэальнага выканання партый, а на сцэне юнак можа разгубіцца. Таму лічу творчыя спаборніцтвы істотным складнікам падрыхтоўкі вака- ліста. Выступленні вучаць узаемадзеянню з публікай, валоданню сабой і голасам нават у самай непрадказальнай сітуацыі, надаюць упэўненасць. Я сапраўды заахвочваю выхаванцаў. Мы разам рыхтуемся, разам хвалюемся і потым разам радуемся ці засмучаемся, калі штосьці не атрымліваецца. Тады выконваем работу над памылкамі, калі можна так сказаць.
— Як звычайна ідзе падрыхтоўка да конкурсаў? Развучваеце кампазіцыю, даводзячы яе да аўтаматызму, ці неяк інакш?
— Давесці да аўтаматызму — справа няцяжкая. Нашмат важней умець спяваць так, каб голасам дакранацца да сэрцаў слухачоў. Калі юнак адолее гэтую навуку, ён зможа саліраваць на вялікіх сцэнах з вядомымі аркестрамі Беларусі і замежжа. Дарэчы, бывае, што выхаванец не становіцца лаўрэатам, але атрымлівае прапанову аб супрацоўніцтве ад кагосьці з членаў журы. І гэта таксама дарагога вартае.
— Напэўна сярод вашых вучняў ёсць тыя, кім вы асабліва ганарыцеся?
— Ганаруся ўсімі! Калі ж вы чакаеце ад мяне імёнаў, то найперш хочацца назваць Іосіфа Нікіценку, які сёння праходзіць падрыхтоўку ў Акадэміі музыкі, спявае ў Вялікім тэатры і яшчэ служыць у рэзерве ва Узброеных Сілах. Запомніце гэтага чалавека — мы яго пачуем не раз! Вельмі люблю сваіх таленавітых хлопцаў: Андрэя Мацюшонка, які таксама працуе ў оперным, Рамана Завадскага, Уладзіслава Сулімскага, Паўла Валужына, Дзмітрыя Дзямідчыка, Анатоля Сіўко, Барыса Рудака — яны для мяне ўсе як дзеці! Яшчэ нявопытныя, крыху наіўныя ў думках і пачуццях — і разам з тым упартыя, мэтанакіраваныя. Сярод цяперашніх вучняў бачу вялікую будучыню ў Яраслава Саколікава і Рамана Дземеша.

— Вы адгукаецеся аб апекаванцах з такой надзеяй і пяшчотай… Магчыма, у гэтым і ёсць ваша педагагічнае шчасце?
— Прафесійнае шчасце? Перадусім яно ў зваротнай сувязі. Мне важна, што выхаванцы і праз пяць, дзесяць гадоў не забываюць свайго настаўніка. Тэлефануюць з нагоды і без, прыязджаюць… Звяртаюцца па параду, дзеляцца поспехамі. Зразумела, іх здабыткі — гэта крышачку і мае здабыткі як педагога. Вельмі радасна назіраць за станаўленнем хлопцаў і як асоб, і як спевакоў. Прыемна, што мае вучні атрымліваюць запрашэнні на знакамітыя сцэны, выступаюць з выбітнымі артыстамі і самымі вядомымі сімфанічнымі аркестрамі. Але найбольшае задавальненне — калі выхаванцы, набраўшыся досведу ў найлепшых сусветных вакалістаў, вяртаюцца на Радзіму, у нашу любімую Беларусь, каб цешыць айчыннага слухача бліскучым выкананнем самых складаных оперных партый.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА