З 9 па 13 чэрвеня гасцінны горад Маладзечна расчыніць свае дзверы для ўдзельнікаў і гасцей XXV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2026”. Гэты год азнаменаваны не толькі яго чвэрцьвекавым юбілеем, але і новымі яркімі ініцыятывамі, якія павінны пашырыць яго культурны ўплыў і пазнаёміць з беларускім мастацтвам яшчэ больш таленавітых выканаўцаў, гледачоў і гасцей нашай краіны.

Арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны і Маладзечанскі раённы выканаўчыя камітэты, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга», Белтэлерадыёкампанія.
Кульмінацыяй фестывальнай праграмы стануць 12 і 13 чэрвеня. Гэтымі днямі адбудуцца ўрачыстае адкрыццё музычна-паэтычнага форуму, Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, а таксама цырымонія закрыцця фестывалю, дзе прагучаць імёны пераможцаў і лаўрэатаў.
Упершыню па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, папярэджваючы форум, стартуе маштабная культурная акцыя “На шляху да фестывалю”. У перыяд з лютага па май жыхароў і гасцей Маладзечанскага рэгіёну чакае насычаны цыкл тэматычных мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю беларускай песні і паэзіі. У праграме — музычна-паэтычныя сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў Саюза пісьменнікаў Беларусі, выступленні народных вакальных калектываў, дыялогавыя пляцоўкі, майстар-класы ад вядучых дзеячаў культуры краіны, творчыя праграмы і прэзентацыі.
Першая сустрэча ў рамках культурнай акцыі “На шляху ды фестывалю” адбудзецца 27 лютага ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча. Госць мерапрыемства — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, празаік і кампазітар Таццяна Атрошанка.
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі — гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з багатай культурнай спадчынай Беларусі, яе новымі тэндэнцыямі і стаць часткай вялікага фестывальнага руху, які аб'ядноўвае сэрцы і душы, што любяць і берагуць беларускае слова і песню.
Актуальная інфармацыя аб фестывалі даступна на сайце festyval.by.
kultura-info.by